Лічбы не канчатковыя. Генацыд на Дзятлаўшчыне

Важнае Грамадства

Пракуратура правяла мерапрыемствы па ўстанаўленні фактаў генацыду насельніцтва Дзятлаўскага раёна ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гадоў і пасляваенны час.

Пры вывучэнні архіўных дакументаў, якія паступілі з Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь і пракуратуры Гродзенскай вобласці, кнігі “Памяць”, устанавіць дакладныя звесткі аб забітых мірных жыхарах і тых, каго вывезлі на катаржныя работы ў Германію, не прадставілася магчымым.

Разгледжаны некалькі актаў. Так, паводле акта Дзятлаўскай раённай камісіі ад 1 красавіка 1945 года, на тэрыторыі раёна ў выніку дзеянняў нямецка-фашысцкіх акупантаў і іх памагатых загінула 4 716 чалавек, у нямецкае рабства трапіла – 1 256.

Акт камісіі па Казлоўшчынскім раёне ад 27 сакавіка 1945 года сведчыць, што знішчана 1 582 чалавекі і 1 037 вывезена ў Нямеччыну.

Згодна з рашэннем Дзятлаўскага выканкама № 88 ад 5 чэрвеня 1969 года, падлічана, што загінула 8 067 чалавек, з якіх 3 608 жанчын і 1 478 дзяцей, знішчана 19 населеных пунктаў, з іх 6 поўнасцю і 13 часткова, усяго 1 196 двароў.

Рашэнне Дзятлаўскага выканкама № 58 ад 31 сакавіка 1970 года, сведчыць, што было спалена, расстраляна, павешана, па-зверску закатавана і вывезена на катаржныя работы ў Германію – 5 633 чалавекі, у тым ліку 2 158 жанчын і 1 228 дзяцей.

У час следства пералічаныя звесткі ўдакладнены: складзены спіс пашпартызаваных пахаванняў мірных жыхароў, які налічвае 34 аб’екты з агульнай колькасцю пахаваных паводле пашпартоў – не менш за 18 820 чалавек, з якіх асоба ўстаноўлена ў 507, а таксама 4 знішчаныя поўнасцю ці часткова населеныя пункты. Устаноўлены і факт знаходжання на тэрыторыі раёна 3 месцаў прымусовага ўтрымання грамадзянскага насельніцтва. Атрыманы звесткі аб 6 фактах забойства нямецка-фашысцкімі захопнікамі і іх памагатымі мірных жыхароў, пахаванні якіх не пашпартызаваны.

Агледжаны дзве архіўныя крымінальныя справы на паліцаяў Бортніка і Пашукевіча. Допыты сведкаў, якія ўяўлялі інтарэс, сценаграфіраваны, следчым шляхам праведзены праверкі.

Інфармацыя аб злачынствах, учыненых на тэрыторыі Дзятлаўшчыны фарміраваннямі Арміі Краёвай, адсутнічае.

Месцы прымусовага ўтрымання насельніцтва

Згодна з даведнікам аб месцах прымусовага ўтрымання грамадзянскага насельніцтва на акупіраванай тэрыторыі Беларусі ў 1941-1945 гадах Дзяржаўнага камітэта па архівах і справаводстве Рэспублікі Беларусь, на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна ўстаноўлены факты знаходжання 3-х такіх месцаў.

Следчыя і іншыя працэсуальныя дзеянні праведзены па факце функцыянавання яўрэйскага гета ў Дзятлаве. З паказанняў сведкі Бельскай, стала вядома, што прыкладна яно размяшчалася ў цэнтры горада – у межах сучасных вуліц Чырвонаармейскай, Кутузава, Леніна, было абнесена высокай драўлянай агароджай, ахоўвалася сіламі мясцовай паліцыі і праіснавала каля года. Затым насельнікаў-яўрэяў расстралялі 30 красавіка 1942 года недалёка ад вёскі Курпешы і 6 жніўня 1942 года – на выездзе з Дзятлава ў бок Савічаў па вуліцы Кастрычніцкай (месцы расстрэлаў і пахаванняў супадаюць, пашпарты пахаванняў № 3827 і № 6650 прызнаны рэчыўнымі доказамі), усяго загінула 3 488 чалавек. Звесткі пра гета ў Дзятлаве і расстрэл яўрэйскага насельніцтва ёсць у кнізе “Памяць” Дзятлаўскага раёна, успаміны тых, хто выжыў, – у кнізе “Я – Дзятлаўскі”.

У час следства па факце знішчэння ў Вялікую Айчынную вайну яўрэйскага насельніцтва ў гарадскім пасёлку Казлоўшчына ўстаноўлена, што, згодна з даведнікам аб месцах прымусовага ўтрымання грамадзянскага насельніцтва на акупіраванай тэрыторыі Беларусі 1941-1944 гадоў, у Казлоўшчыне 24-25 лістапада 1941 года была праведзена акцыя па знішчэнні каля 300 яўрэяў, месца іх расстрэлу і пахавання супадае і знаходзіцца за 3 кіламетры ад гарпасёлка ў бок Слоніма (пашпарт № 3826), у кнізе “Памяць” надрукаваны акт аб расстрэле.

Праведзена следства па факце ўтрымання грамадзянскага насельніцтва ў лагеры вёскі Жыбартоўшчына, дзе знаходзіцца сядзіба 19 стагоддзя (цяпер яе арандуе фермер). Дапытаны ў якасці сведкі жыхар вёскі Засецце Жукель расказаў, што пры жыцці яго маці ўзгадвала, што прыкладна ў пачатку 1944 года каля маёнтка Дамейкі у Жыбартоўшчыне быў лагер, абнесены высокай агароджай і калючым дротам. У ім утрымлівалася грамадзянскае насельніцтва, у тым ліку дзеці, жанчыны, пажылыя людзі. Мясцовыя жыхары па магчымасці прыносілі ім прадукты. Казалі, што ў лагеры знаходзяцца члены сем’яў тых, хто пайшоў у партызаны або ім дапамагаў. Пра знішчэнне людзей, расстрэлы, ахову лагера маці нічога не расказвала. Летам 1944 года пры наступленні Чырвонай Арміі вартавыя лагера збеглі, вязні самі адчынілі вароты і разышліся па дамах. Колькі ўсяго іх было, маці не расказвала.

Па атрыманых звестках, знішчэння мірнага насельніцтва ў гэтым лагеры не адбывалася.

“Знішчыць як мага болей…”

На тэрыторыі Дзятлаўшчыны налічваецца 34 пашпартызаваныя пахаванні мірных жыхароў, знішчаных нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў ваенны час, іх пашпарты далучаны да матэрыялаў справы.

Паводле кнігі “Памяць” на тэрыторыі раёна знішчана 23 населеныя пункты, з якіх 7 поўнасцю (Ліпічанская пушча, Дубраўка, Гарадкі, Трахімавічы, Вялікая Воля, Малая Воля, Дубароўшчына) і 16 часткова.

Вёска Вялікая Воля

Кніга “Памяць”: напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны вёска налічвала 104 двары і 430 жыхароў. Знішчана 104 двары, расстраляна 364 чалавекі, 8 вывезены ў фашысцкае рабства, 4 – вярнуліся.

Паводле пашпарта воінскага пахавання № 5959 у вёсцы Вялікая Воля Парэцкага сельсавета ўстаноўлены помнік – скульптура жанчыны з падлеткам на пастаменце. Колькасць загінулых – 364, дата гібелі – 14 снежня 1942 года. Аднак праведзеныя мерапрыемствы ўстанавілі, што інфармацыя патрабуе дапаўнення.

Вывучаны зборнік дакументаў “Знішчыць як мага болей…”: Латвійскія калабарацыянісцкія фарміраванні на тэрыторыі Беларусі, 1941-1944 гг. Згодна з аператыўным загадам начальніка СС і паліцыі Беларусі Готберга аб правядзенні аперацыі “Гамбург” у снежні 1942 года была праведзена карная аперацыя па знішчэнні партызанскіх легераў у лясных масівах Ліпічанскай пушчы і дамах Вялікай Волі, удзел у якой прымалі літоўскія, украінскія, латвійскія батальёны.

Факт расстрэлу пацвярджаюць і матэрыялы архіўнай крымінальнай справы УКДБ па Гродзенскай вобласці на Пашукевіча, які служыў паліцэйскім у камендатуры гарпасёлка Казлоўшчына.

Устаноўлены трое сведкаў. Сведка Маскаль расказала, што вялікавольцы былі знішчаны за сувязь з партызанамі, узгадала, што да вайны ў вёсцы жыла заможная сям’я Жылінскіх. На пачатку вайны партызаны забілі трох яе членаў: маці, бацьку, дзіця. Іх старэйшы сын служыў паліцаем, меркавана ў Мінску, прыязджаў на малую радзіму, сказаў вяскоўцам: “За траіх будзе забіта трыста”. Пры расстрэле яго бачылі сярод удзельнікаў карнай аперацыі. Аналагічныя паказанні далі сведкі Баклага і Сукач.

Вёска Дубраўка

Кніга “Памяць”: напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны вёска налічвала 62 двары і 279 жыхароў. Знішчана 54 двары і 96 чалавек, 18 вывезены ў фашысцкае рабства, 16 – вярнуліся, загінула на фронце – 3, у партызанскіх атрадах і падполлі – 4.

Паводле акта Накрышскага сельвыканкама  за 29 снежня 1943 года, 30 жніўня 1942 года 8-м карным атрадам з удзелам мясцовай паліцыі і ўкраінцаў строем расстраляна 28 вяскоўцаў, спалена 10, астатніх расстралялі ў дамах, ямах, склепах, спалена 47 дамоў з гаспадарчымі пабудовамі. У выніку забіта 98, вывезена ў Германію 22 чалавекі. Удзел у зладзействах прымала паліцыя з мястэчка Жалудок, у прыватнасці з вёскі Яселевічы – Цыбульскі і Кавалеўскі. Па звестках архіўных дакументаў і кнігі “Памяць” устаноўлены пайменны спіс расстраляных на 100 чалавек.

З допыту сведкі Дораша стала вядома, што яго бацьку Аляксандру Жагелю на пачатку вайны споўнілася 14 гадоў, ён быў партызанскім сувязным, дастаўляў з Жалудоцкай бальніцы ў атрад лекі і бінты. У дзень знішчэння жыхароў Дубраўкі з бацькамі і дзвюма сёстрамі хаваўся ў бульбяной яме. Паліцэйскі, які праходзіў міма, кінуў у яму гранату, бацька яе выкінуў. Тады паліцай кінуў яшчэ адну, якая ўзарвалася пры ўваходзе. Бацька быў паранены, маці загінула, сястры Марыі выбіла вока, сястра Зіна не пацярпела.

Сведка Заянчкоўскі расказаў, што жыў з сям’ёй на хутары паблізу Дубраўкі, падрабязнасці трагедыі даведаўся ад маці, бо самому было ўсяго 4 гады.

З паказанняў сведкаў і архіўных дакументаў вынікае, што вяскоўцаў знішчылі за сувязь з партызанамі.

Гарадскі пасёлак Наваельня

Кніга “Памяць”: напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў гарадскім пасёлку Наваельня (Талкуны) было 73 двары і 270 жыхароў. Знішчана 73 двары і 23 жыхары, 18 вывезены ў фашысцкае рабства, 16 – вярнуліся, загінула на фронце – 6, у партызанскіх атрадах і падполлі – 2.

У 2003 годзе ад Трубко, 1933 года нараджэння, у ваенны камісарыят Дзятлаўскага раёна паступіла інфармацыя, што ў Наваельні па вуліцы Чыгуначнай у раёне льноэкспартнай базы ёсць няўлічанае пахаванне мірных жыхароў: да 50 чалавек, расстраляных летам 1943 года. Інфармацыю пацвердзіў жыхар гэтай вуліцы Нагорны. Узгадаў, што раней там знаходзіўся пясчаны кар’ер, дзе карнікі перыядычна расстрэльвалі жыхароў і членаў супраціўлення, целы засыпалі нягашанай вапнай. З яго слоў, у кар’еры немцамі і паліцаямі было расстраляна да 800 чалавек. Пошукавыя работы тут у 2004 годзе правялі ваеннаслужачыя 52-а асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна. Вызначыць межы пахавання не ўдалося, бо касцяныя астанкі заходзілі пад вугал капітальнага будынка.

Пры вывучэнні архіўнай справы на каменданта паліцыі гарпасёлка Наваельня Бортніка ўстаноўлена, што 7 сведкаў пацвердзілі факты расстрэлу мірных жыхароў, пераважна яўрэйскай нацыянальнасці. З допыту сведкі Сакалоўскага вядома, што ён знаходзіўся ў групе тых, хто чакаў смерці, таму вырашыў уцячы. За ім пабегла шмат яўрэяў, але ўсіх іх расстралялі, жывымі засталіся ён і параненая дзяўчына. Да вызвалення раёна яны знаходзіліся ў Ліпічанскай пушчы ў партызанскім атрадзе.

З паказанняў сведкаў вядома, што восенню 1942 і 1943 гадоў нямецкімі падраздзяленнямі СС Ліды, Навагрудка, Дзятлава, а таксама паліцэйскімі камендатур Дзятлава і Наваельні расстраляна каля 500 грамадзян, пераважна яўрэяў.

З 10 жніўня па 14 верасня 2021 года пошукавай ротай 52-а спецыялізаванага пошукавага батальёна ў Наваельні на месцы масавага расстрэлу мірных жыхароў 1941-1943 гадоў праводзіліся раскопкі. Знойдзеныя касцяныя астанкі, кулі і гільзы накіраваны на судзебна-медыцынскую экспертызу.

Вёска Трахімавічы

Кніга “Памяць”: напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы было 23 двары і 165 жыхароў. Знішчана 22 двары і 47 чалавек.

Вывучэнне архіўных дакументаў паказала, што ў іх утрымліваюцца розныя звесткі аб колькасці загінулых жыхароў Трахімавічаў.

Больш дакладная інфармацыя пазначана ў рашэнні выканкама Падвялікаўскага сельскага Савета дэпутатаў Дзятлаўскага раёна ад 4 сакавіка 1970 года “Аб зацвярджэнні спісаў грамадзян і населеных пунктаў, знішчаных гітлераўскімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны”, дзе пайменна пералічаны даныя 173 жыхароў Трахімавічаў, сярод якіх 157 – расстраляны, 15 – выжылі, адзін – франтавік.

З успамінаў Трахімовіч (кніга “Памяць”) вядома, што 13 снежня 1942 года ў вёсцы Трахімавічы паміж партызанамі і нямецкімі войскамі завязаўся бой, у час якога страты панеслі абодва бакі, таму немцы вырашылі, што вёска “партызанская” і знішчылі жыхароў.

Сведка Лупач узгадаў успаміны трох выжыўшых вяскоўцаў, паводле якіх вядома, што ў снежні 1942 года партызаны зрабілі засаду каля Трахімавічаў і паранілі нямецкага салдата. Захопнікі наладзілі аблаву, сагналі ў хлеў мясцовых жыхароў, але туды ўсе не змясціліся. Тады карнікі пагналі людзей на возера каля вёскі і расстралялі з кулямёта, затым закідалі гранатамі. Пахаваць забітых у брацкай магіле прымусілі жыхароў Скрундзёў. У вёсцы Трахімавічы ўстаноўлены помнік (бронзавыя фігуры мужчыны і жанчыны на пастаменце). Колькасць загінулых – 160, дата – 13 снежня 1942 года.

Пошукавая справа № 6 (вёска Пацаўшчына)

У 2007 годзе ад Ганны Заяц, 1933 года нараджэння, у ваенны камісарыят Дзятлаўскага раёна паступіла інфармацыя, што ў лясным масіве за 5 кіламетраў на захад ад Пацаўшчыны ёсць няўлічанае пахаванне пяці жыхароў, расстраляных за сувязь з партызанамі. Яна памятала, што гэта сям’я Індураў, якая раней жыла ў доме насупраць, а расстрэл адбыўся 14 снежня 1942 года. Пазней забітыя былі пахаваны партызанамі ў бульбяной яме. Пошукавыя работы праведзены ў 2008 годзе ваеннаслужачымі 52-а спецыялізаванага пошукавага батальёна, выяўлены астанкі 4 чалавек, якія перапахаваны ў асобнай магіле на старых вясковых могілках. На пахаванне выраблены пашпарт, паводле якога ў магіле знаходзяцца Варвара Індура і яе трое дзяцей. Следчыя дзеянні па гэтым пахаванні не праводзіліся.

Пошукавая справа № 11 (вёска Навасёлкі)

Па ўспамінах Рыгора Казлоўскага, 1923 года нараджэння, у Навасёлках у час вайны адбыўся расстрэл Антоліі Дуброўнік і яе непаўналетніх дзяцей Кляры і Антона. На месцы, якое паказаў сведка, у маі 2008 года побач з домам № 12 праведзены пошукавыя работы. Знойдзены астанкі аднаго дарослага чалавека, якія перададзены ў тагачасны Рудаяварскі сельвыканкам для перапахавання. Сведка Белавус, якая працавала ў сельвыканкаме, расказала, што на працягу 3 дзён астанкі былі пахаваны на вясковых могілках у асобнай магіле, дзе ўстаноўлена шыльдачка.

Акрамя звестак пра Антолію Дуброўнік і яе дзяцей, у кнізе “Памяць” ёсць інфармацыя пра яшчэ 16 загінулых жыхароў Навасёлак.

Сведка Юшкевіч па ўспамінах сваіх жонкі і цешчы расказаў пра забойства і спальванне сям’і Чайкоўскіх, у доме якіх знаходзілася школа і жыў настаўнік. Педагог збіраў і хаваў у хляве боепрыпасы. Калі немцы падпалілі хлеў і пачулі выбухі, сям’ю расстралялі, затым спалілі, а вяскоўцы пахавалі іх астанкі ў брацкай магіле, дзе знаходзіцца помнік з імёнамі.

Абставіны гібелі астатніх жыхароў Навасёлкаў, пра якіх узгадваецца ў кнізе “Памяць”, устанавіць не прадставілася магчымым.

Алег ВЯЛІЧКА,
пракурор Дзятлаўскага раёна

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: