Дзелавы панядзелак. Электрычныя “катаклізмы” і сезонны рамонт

Важнае Улада

На штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама абмяркоўвалі здарэнні мінулага тыдня, сельскагаспадарчыя планы, навядзенне парадку на зямлі, вакцынацыю.

Чаму засцерагальнік не спрацаваў?

Гібель на пажары 93-гадовай жыхаркі Вензаўца “разбіралі” на нарадзе. Трагедыя мінулага тыдня здарылася з-за электрачайніка, які не выключыўся пасля закіпання вады і пачаў гарэць, гаспадыня тым часам задрамала. Засталося адкрытым пытанне, чаму пасля замыкання праводкі не спрацаваў засцерагальнік. Старшыня райвыканкама завастрыў увагу прысутных на тым, ці правяраюць увогуле наяўнасць і спраўнасць аўтаматычных электрычных засцерагальнікаў прадстаўнікі энерганагляду або раёна электрычных сетак, якія ўваходзяць у састаў назіральных камісій, пры наведванні адзінокіх састарэлых грамадзян.

Непагадзь нарабіла бедаў

Не абышлі тэму ветранай стыхіі. У выхадныя непагадзь па ўсёй рэспубліцы “разышлася не на жарт” – з дамоў зрывала дахі і парапеты, людзей парывамі ветру збівала з ног. Рэкламныя шчыты, лаўкі, бакі для смецця, дрэвы ператваралі гарадскую маёмасць і маёмасць беларусаў у хлам. Гродзенскай вобласці пашанцавала больш, стыхія ў нас не так моцна “лютавала”. Між тым, без пашкоджанняў і аварыйнага адключэння электраэнергіі не абышлося – да прыкладу, у ноч з 16 на 17 студзеня без электрычнасці засталіся 16 населеных пунктаў Дзятлаўскага раёна. Да 4 гадзін раніцы электразабеспячэнне было адноўлена. Таксама ратаўнікі двойчы выязджалі на расчыстку дарог ад паваленых ветрам дрэваў у вёскі Сачыўляны і Таркачы.

Вясна ўсё бліжэй

А гэта значыць, што неабходна забяспечыць хуткі і якасны рамонт сельгастэхнікі. Рамонт у дзятлаўскіх гаспадарках ідзе, напрыклад, з 47 энерганасычаных трактароў, якімі валодаюць аграрыі раёна, няспраўнымі застаюцца толькі 7, пры чым, усе “механізмы” рамонту і падрыхтоўкі іх да выхаду ў поле прадугледжаны. Глебаапрацоўчая тэхніка таксама не застаецца без увагі механікаў.

Як адзначыў на нарадзе першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталій Шулейка, не спяшаюцца з рамонтам у “Дварэц-Агра”, а сярод лепшых – гаспадаркі “Граніт-Агра” і “АграМілк”, “падцягнуліся” за мінулы тыдзень “Хвінявічы” і “Жукоўшчына”.

Адзін міліметр жыцця

Дзве тэмы: сямейна-бытавыя катаванні і махлярства па продажы аўто – абазначыў самымі злабадзённымі на мінулым тыдні начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Аляксандр Біль.

Жанчына вырашыла, што размова – не самы лепшы спосаб высвятлення адносінаў, лепш па-сур’ёзнаму падысці да пытання – і “махнула” нажом па шыі былога сужыцеля. Пашчасціла – рана аказалася нязначнай, а глыбей на міліметр – і ў “Перамозе” ўжо друкавалі б спачуванні блізкім і родным. Праваахоўнікі на асаблівы кантроль узялі работу з грамадзянамі, схільнымі да катавання, распіцця спіртных напояў.

Старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі ў чарговы раз звярнуў увагу на недахоп у раёне ўчастковых інспектараў міліцыі.

– Свайго ўчастковага павінен ведаць кожны жыхар Дзятлаўшчыны, – падкрэсліў Андрэй Уладзіміравіч.

Іншыя тэмы коратка

Знос 38 струхлелых будынкаў запланаваны сёлета ў раёне і ўвод земляў, ачышчаных пасля зносу, у гаспадарчы абарот. Старшыня райвыканкама заўважыў адказным службам, што зямельных участкаў-беспрытульнікаў быць не павінна.

****

На Дзятлаўшчыне пачалася вакцынацыя дзяцей 12-17 гадоў ад каранавірусу. Ужо прышчэплена 30 падлеткаў. Нагадаем, што перад

правядзеннем прышчэпкі афармляецца згода бацькоў (законных прадстаўнікоў).

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: