Андрэй Садоўскі: “Змяненні ў Асноўны Закон прадыктаваны часам”

Галоўнае Улада

4 студзеня адбылася сустрэча старшыні раённага выканаўчага камітэта Андрэя Садоўскага з працоўным калектывам Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці па тлумачэнні і абмеркаванні пытанняў, якія выносяцца на рэспубліканскі рэферэндум.

– У нашай краіне цяпер праходзяць грамадскія слуханні па абмеркаванні праекта новай Канстытуцыі, – звярнуўся да работнікаў галіны кіраўнік раёна. – Праект – гэта не канчатковы варыянт Аноўнага Закона, і беларусам дадзена магчымасць выказваць свае меркаванні наконт змяненняў і дапаўненняў як на дыялогавых пляцоўках і ў грамадскіх прыёмных, так і на спецыялізаваных інтэрнэт-рэсурсах.

З вынікамі маштабнага даследавання “Беларусь. Меркаванне аб будучыні”, якое ў рамках сацыялагічнага забеспячэння будучага рэспубліканскага рэферэндуму з 15 лістапада па 4 снежня 2021 года праводзілася ў нашай краіне Інстытутам сацыялогіі НАН Беларусі сумесна з Аналітычным цэнтрам EcooM, прысутных азнаёміла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вольга Рагачова. Яна адзначыла, што ў даследаванні прынялі ўдзел 10 217 рэспандэнтаў, былі  ахоплены ўсе вобласці Беларусі і горад Мінск – усяго 52 раёны, у лік якіх увайшла і Дзятлаўшчына. У нашым раёне спецыялісты наведалі 5 арганізацый: Дзятлаўскі філіял ААТ “Молочный Мир”, ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка”, РУП ЖКГ, ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”, Дзятлаўскі ўчастак Лідскага РУПС “Белпошта”. Даследаванне было ананімным, цяпер абнародаваны яго агульныя вынікі па рэспубліцы. Напрыклад, у цэлым Прэзідэнту давяраюць 72,3 % грамадзян, у параўнанні з мінулым аналагічным сацыялагічным даследаваннем гэты паказчык вырас на 5,8 %, прычым узровень падтрымкі кіраўніка дзяржавы высокі ва ўсіх узроставых катэгорыях. Найбольшае адабрэнне сярод беларусаў выклікалі наступныя ініцыятывы Прэзідэнта: захаванне суверэнітэту і незалежнасці – 43 %; падтрымка шматдзетных сем’яў – 38 %; жыллёвая палітыка – 31 %; умацаванне бяспекі краіны – 27 %; далейшая інтэграцыя з Расіяй – 24 %; патрыятычнае выхаванне моладзі – 26 %; рэформа пенсійнай сістэмы – 17 %. Характэрны момант: калі тэлебачанню давярае 52,3 % грамадзян, а газетам – 43,3 %, то сайтам сеткі інтэрнэт – 20,6 %.

Вобраз будучыні Беларусі большасць грамадзян звязваюць з абнаўленнем Канстытуцыі: за гэта выказалася 58,7 % рэспандэнтаў. Найбольш неабходнымі беларусы лічаць захаванне асноўных сацыяльных гарантый – 67,8 %, забеспячэнне бяспекі – 39 %, пашырэнне грамадзянскіх правоў і свабодаў – 28 %, пераразмеркаванне паўнамоцтваў паміж асноўнымі галінамі ўлады – 15,1 %. Удзел у рэферэндуме па змяненні Канстытуцыі плануюць прыняць больш за 63 % апытаных.

Тэму прадоўжыў старшыня райвыканкама. Ён зазначыў, што за перыяд дзеяння цяперашняй Канстытуцыі ўжо адбыліся 3 рэферэндумы па яе змяненні, таму зразумела, што неабходнасць абнаўляць Асноўны Закон краіны ўзнікае перыядычна. На мінулагоднім Усебеларускім народным сходзе была прынята Рэзалюцыя, у якой адзначалася, што прыспеў час правядзення новага рэферэндуму па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у галоўны дакумент дзяржавы. У выніку была створана Канстытуцыйная камісія, працавалі рабочыя групы, і сёння для абмеркавання беларусам прадстаўлены праект, з якім грамадзяне рэспублікі актыўна знаёмяцца, дзеляцца сваімі меркаваннямі і прапановамі. Усе водгукі акумуліруюцца і будуць накіраваны ў Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі.

Андрэй Садоўскі патлумачыў асноўныя палажэнні праекта Канстытуцыі, сярод якіх назваў захаванне статуса прэзідэнцкай рэспублікі, суверэнітэту і незалежнасці краіны, сацыяльных гарантый для грамадзян, беражлівых адносінаў да гістарычнай спадчыны, абарону персанальных даных, асаблівую ролю Усебеларускага народнага сходу і іншыя.

Андрэй Уладзіміравіч адзначыў, што змяненні і дапаўненні закранулі каля 80 артыкулаў Канстытуцыі, а таксама прэамбулу, прапанавана скарэкціраваць больш за 160 нарматыўных палажэнняў, 2 артыкулы з тэксту Канстытуцыі выключаны, але дапоўнены 11 новымі, з’явілася і адна новая глава – “Аб Усебеларускім народным сходзе”. Кіраўнік раёна заклікаў прысутных таксама праявіць актыўнасць у абмеркаванні праекта і рэферэндуме, паколькі гэтыя з’явы прадыктаваны часам і скіраваны на захаванне нашай незалежнай суверэннай Беларусі.

Намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Баравік сустрэўся з калектывам Дзятлаўскага ДРБУ № 119, каб абмеркаваць праект змяненняў у Асноўны Закон Рэспублікі Беларусь. У час размовы Дзмітрый Расціслававіч засяродзіў увагу на тым, што ў новай рэдакцыі Канстытуцыі акцэнт па-ранейшаму будзе рабіцца на сацыяльных гарантыях для грамадзян нашай краіны.

Такія ж сустрэчы прадстаўнікоў улады і дэпутатаў па месцы жыхарства і ў працоўных калектывах у нашым раёне мяркуецца праводзіць рэгулярна да 26 лютага.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: