Адказы на пытанні і віншаванне ад Уладзіміра Сіняка

Важнае Улада

Прамую тэлефонную лінію з жыхарамі Дзятлаўшчыны 19 студзеня правёў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Нёманскай выбарчай акрузе № 56 Уладзімір Сіняк.

З жыццёвымі пытаннямі да Уладзіміра Аляксандравіча звярнулася 5 нашых землякоў.

Жыхарку гарадскога пасёлка Наваельня хвалявала добраўпарадкаванне гэтага населенага пункта. Жанчына расказала, што даўно непакоіць стан вуліцы Лясной, асабліва на ўчастку яе перасячэння з вуліцай Карла Маркса.

Дэпутат паабяцаў узяць пытанне на асабісты кантроль.

“Дарожнае пытанне” хвалявала і наступнага заяўніка, ужо жыхара аграгарадка Круцілавічы. Мужчына расказаў, што праблемнай у аграгарадку з’яўляецца вуліца Рачная.

Па садзейнічанне Уладзімір Аляксандравіч звярнуўся да дырэктара ААТ “Граніт-Агра” Станіслава Мазура. Ад кіраўніка сельгаспрадпрыемства дэпутат даведаўся, што работа па добраўпарадкаванні вясковых вуліц на тэрыторыях гаспадаркі праводзіцца рэгулярна, аднак неспрыяльныя ўмовы надвор’я і дажджы – не лепшыя сябры грунтавых дарог. Тым не менш, Станіслаў Станіслававіч паабяцаў вырашыць праблему вуліцы Рачной у бліжэйшы час.

З непрыемнай бытавой сітуацыяй сутыкнулася жыхарка вёскі Труханавічы, якая таксама вырашыла шукаць падтрымкі ў дэпутата. Жанчына расказала, што ў яе скончылася “блакітнае паліва” ў балоне. Згодна з графікам дастаўкі, работнікі Дзятлаўскага раёна газазабеспячэння выязджаюць у яе населены пункт двойчы на месяц, да наступнага іх візіту яшчэ нямала дзён, як жа цяпер гатаваць ежу?

Уладзімір Аляксандравіч звязаўся з начальнікам раённай газавай службы Юрыем Ганчаром, які патлумачыў, што выезды па замене балонаў насельніцтву, сапраўды, ажыццяўляюцца цэнтралізавана паводле графіка, зацверджанага раённым выканаўчым камітэтам, а выканання індывідуальных заказаў служба не практыкуе, аднак выхад з падобных сітуацый ёсць. Заяўніца можа звярнуцца ў Дзятлаўскі раён газазабеспячэння для атрымання дазволу на ажыццяўленне самастойных заменаў газавых балонаў, усе нюансы пры сустрэчы ёй патлумачаць спецыялісты службы.

Яшчэ адна вясковая жыхарка патэлефанавала на прамую лінію, каб пацікавіцца, ці ёсць у яе магчымасць бясплатна выдаліць сасну, якая расце побач з месцам пахавання сваякоў на могілках вёскі Парэчча. Дрэва не аварыйнае, тым не менш, стварае пэўныя нязручнасці.

Адказ на пытанне жанчыны Уладзіміру Сіняку даў старшыня Парэцкага сельвыканкама Аляксандр Ядэйка. Ён патлумачыў, што на тэрыторыі сельсавета вялікая ўвага надаецца добраўпарадкаванню могілак, у тым ліку Парэцкіх. Кожны год ажыццяўляецца агляд гэтых аб’ектаў, і калі там выяўляюцца аварыйныя дрэвы, іх выдаляюць за кошт бюджэтных сродкаў. Калі ж чалавек жадае спілаваць здаровае дрэва каля пахавання сваіх блізкіх, у сельвыканкаме яму дадуць нумары тэлефонаў спецыялістаў, якія зробяць гэта якасна, без пашкоджання помнікаў і агароджаў, але ўжо за кошт самаго заказчыка.

Апошінм з дэпутатам звязаўся вясковец, якога хвалявала вельмі блізкае размяшчэнне суседскіх дрэваў на мяжы яго ўчастка.

Каб разабрацца ў сітуацыі больш дэталёва, Уладзімір Сіняк прапанаваў мужчыну прыехаць на наступны прыём асабіста і прывезці з сабой дакументы на ўчастак. Пасля іх вывучэння стане зразумела, ці парушаюцца ў гэтым выпадку патрабаванні зямельнага заканадаўства.

Паколькі прамая тэлефонная лінія праходзіла ў дзень Хрышчэння Гасподняга, Уладзімір Аляксандравіч павіншаваў сваіх землякоў з гэтым цудоўным святам, пажадаў моцнага здароўя, дабра, сямейнага цяпла і Анёла-ахоўніка – у кожны дом.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga