Ад нераўнадушнай жыццёвай пазіцыі залежыць многае

Важнае Улада

20 студзеня на Дзятлаўшчыне прайшоў Адзіны дзень інфармавання насельніцтва.

Працавала некалькі груп. Інфармацыйна-прапагандысцкая група старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага сустрэлася з калектывам цэнтральнай раённай бальніцы.

На абмеркаванне былі вынесены два пытанні: “Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь як аснова адзінства нацыі і захавання гістарычнай памяці народа” і “Бяспечны актыўны адпачынак у зімовы перыяд”.

Раскрываючы першую тэму, на выніках маштабнага даследавання  “Беларусь. Меркаванне аб будучыні” спыніўся галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Аляксей Якаўчык.

Аб прадыктаванай часам і знешнепалітычнымі ўмовамі неабходнасці ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Асноўны Закон краіны, грунтоўнай рабоце Канстытуцыйнай камісіі і рабочых груп над праектам, які цяпер вынесены на ўсенароднае абмеркаванне, расказаў старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Андрэй Садоўскі. Кіраўнік раёна падкрэсліў, што галоўнае пры абмеркаванні – не толькі давесці інфармацыю, але і атрымаць канструктыўныя прапановы. Андрэй Уладзіміравіч нагадаў, што выказаць іх можна на дыялогавых пляцоўках, рэсурсе Pravo.by, у грамадскіх прыёмных.

– Сёлетні год у Беларусі аб’яўлены Годам гістарычнай памяці, што паспрыяе фарміраванню аб’ектыўных адносінаў грамадства да гістарычнага мінулага, захаванню і ўмацаванню адзінства беларускага народа. Увага да гістарычнай праўды знайшла сваё адлюстраванне і ў праекце Асноўнага Закона, што важна для выхавання патрыятызму ў падрастаючых пакаленняў, – зазначыў кіраўнік раёна.

Спыніўся Андрэй Садоўскі і на іншых змяненнях. У прыватнасці, закрануў актуальнае для медыцынскіх работнікаў дапаўненне, што “грамадзяне павінны прадпрымаць меры па захаванні і ўмацаванні ўласнага здароўя”, пры гэтым удакладніў, што дзяржава не здымае з сябе абавязкаў і адказнасці ў гэтым кірунку, не губляе сацыяльнай скіраванасці. Расказаў і аб іншых новаўвядзеннях – абароне персанальных даных, замацаванні канстытуцыйнага статуса Усебеларускага народнага сходу, функцыях і паўнамоцтвах Цэнтральнай выбарчай камісіі, патрабаваннях да асобы кандыдата ў Прэзідэнты.

Кіраўнік раёна падкрэсліў, што калі мы жадаем вытрымаць выклікі, якія дыктуе час, то павінны захоўваць гістарычную памяць, не заставацца абыякавымі да падзей, што адбываюцца ў жыцці нашай краіны, у тым ліку гэта тычыцца рэспубліканскага рэферэндуму.

З другой тэмай медыкаў азнаёміў намеснік начальніка Дзятлаўскага РАНС Аляксандр Беленка. Менавіта людзі ў белых халатах аказваюць дапамогу гора-адпачывальнікам, таму праблема зімовага траўматызму не магла пакінуць іх раўнадушнымі. Аляксандр Анатольевіч падкрэсліў, што калі справа тычыцца цюбінгаў, то асаблівую небяспеку ўяўляюць стыхійныя трасы для іх – без дастатковага месца для тармажэння, з дрэвамі або ямінамі і грудамі. У якасці негатыўнага прыкладу ратаўнік прывёў гібель двух непаўналетніх у Полацкім раёне, якія з’ехалі з берагавога схілу і праваліліся пад лёд. Аляксандр Анатольевіч папрасіў работнікаў бальніцы таксама праяўляць пільнасць, паколькі іх установа знаходзіцца каля азёраў, на лёд якіх могуць выходзіць дзеці і рыбакі. Не трэба баяцца рабіць заўвагі, а ў крытычных сітуацыях – тэрмінова набіраць нумар 101. Паколькі напярэдадні Адзінага дня інфармавання ў вёсцы Студзераўшчына адбыўся пажар з гібеллю двух чалавек, якія раней неаднаразова з-за парушэнняў траплялі ў поле зроку супрацоўнікаў РАНС, Аляксандр Беленка не змог пакінуць па-за ўвагай і тэму вогненных здарэнняў. Ён папрасіў медыкаў звяртаць увагу на бяспеку ўмоваў пражывання пацыентаў і пажылых сваякоў, пры неабходнасці інфармаваць службы прафілактыкі. На жаль, галоўнай з прычын трагедый на пажарах у нашым раёне па-ранейшаму застаецца нядбайнасць гаспадароў і “п’яная цыгарэта”, а таму не варта грэбаваць аўтаномнымі пажарнымі апавяшчальнікамі. Таксама ратаўнік прапанаваў прысутным устанавіць на свае мабільнікі дадатак “Дапамога побач”, які дасць карысныя падказкі ў крытычны момант.

Такая ж сустрэча абласной інфармацыйна-прапагандысцкай групы адбылася ў гэты дзень у ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”.

У раёне працавала некалькі інфармацыйных груп.

Ірына СТЫРНІК
Фота аўтара і Вадзіма ФІЛІПОЎСКАГА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: