У райвыканкаме. Зрабілі добры крок наперад

Важнае Улада

Апошняя нарада адыходзячага года, якую сёння правёў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі, адрознівалася ад усіх папярэдніх.

Андрэй Уладзіміравіч выслухаў даклады сваіх намеснікаў, кіраўнікоў адказных службаў і падвёў вынікі 2021 года, узгадаў, як дзятлаўчане працавалі, як жылі, якіх поспехаў і перамог дасягнулі ў адыходзячым годзе.

– Думаю, вы ўсе пагодзіцеся са мной, што 2021 год быў нялёгкім, але выніковым для нашага раёна, для ўсіх нас, – звярнуўся да прысутных Андрэй Садоўскі. – Год напружанай працы, пошукаў шляхоў удасканалення, актыўных дзейсных змяненняў. Вялікі аб’ём работ выкананы. У той жа сельскай гаспадарцы пяць прадпрыемстваў з дзевяці атрымалі новы віток развіцця ў лепшы бок дзякуючы інвестыцыям, пераводу гаспадарак у новую арганізацыйна-прававую форму. І так можна сказаць па ўсіх сферах жыцця і працы. Увогуле, з добрымі вынікамі мы развітваемся з 2021 годам. А наперадзе – новыя задачы, новыя рубяжы, новыя праекты.

Трэба абнаўляцца

Цяпер у зімовы перыяд сельская гаспадарка ў асноўным працуе на жывёлагадоўлю, таксама стаяць задачы аператыўнага і своечасовага рамонту тэхнікі, дэталёвага аналізу выканання плана і дынамікі будучых пасяўных плошчаў, напрыклад, дзесьці павелічэння пасеваў кукурузы, якую ў перспектыве можна выкарыстоўваць як на кармы, так і здаць на зерне. Адзначыў старшыня райвыканкама, што некаторыя гаспадаркі набываюць новую тэхніку.

– І гэта правільна. Трэба абнаўляцца! – станоўча ацаніў Андрэй Садоўскі папаўненне машынна-трактарных паркаў.

Каб дачакаліся заканчэння пандэміі

Вакцынацыя супраць каранавірусу працягваецца. Ужо прышчэплены больш за 52 % насельніцтва раёна. Супрацьэпідэміялагічныя мерапрыемствы на Дзятлаўшчыне, па словах галоўнага санітарнага доктара раёна Алены Шайбак, у асноўным выконваюцца, эпідэміёлагі трымаюць гэта на пастаянным кантролі. Таксама Алена Вячаславаўна патлумачыла, што з кожным днём колькасць прышчэпленых ад каранавірусу павялічваецца, таму становіцца ўсё менш тых, хто цяжка пераносіць хваробу – “абарончы шчыт вакцынацыі” павольна, але непазбежна вядзе да аслаблення пандэміі.

Мы – за бяспечны навагодні салют

Напярэдадні святаў ратаўнікі праверылі ўсе пляцоўкі, на якіх будуць праходзіць навагоднія і калядныя мерапрыемствы. Пад бой курантаў мы будзем адпачываць, а ратаўнікі і праваахоўнікі ва ўзмоцненым рэжыме берагчы наш спакой, добры настрой і бяспеку.

Кантраляваць кропкі продажу піратэхнікі, асабліва быць уважлівымі ў межах пляцоўкі з салютам у навагоднюю ноч даў заданне старшыня райвыканкама начальніку РАНС Сяргею Казушчыку. Таксама ў рабочым парадку надаць увагу пажарнай сігналізацыі ва ўстановах адукацыі, медыцыны і іншых структурах раёна.

Іншыя тэмы коратка

Па здачы другасных матэрыяльных рэсурсаў, у параўнанні з мінулым годам, у раёне паказчыкі выраслі па ўсіх відах; асноўныя (шкло, папера) выкананы больш чым на 100 % да плана.

****

Завяршаюцца праектныя распрацоўкі па пашырэнні тэрыторыі могілак у Гезгалах. Работы запланаваны на 2022 год.

****

25 студзеня 2022 года плануецца ўрачыстае адкрыццё новага будынка Дзятлаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga