Жаданні збудуцца

Важнае Культура і адпачынак

У рамках дабрачыннай акцыі “Запалі зорку жаданняў” Дзядуля Мароз, Снягурачка і Зімачка-Зіма завіталі ў вёскі Руда Яварская, Гута, Падвялікае, Скрундзі і Чарлёнка.

Менавіта ў такім святочным фармаце артысты сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці разам са спецыялістамі бібліобуса аддзела абслугоўвання і інфармацыі раённай бібліятэкі правялі чарговую сустрэчу з жыхарамі аддаленых населеных пунктаў Дзятлаўшчыны.

– Наша акцыя – толькі частка вялікага марафону добрых спраў, – зазначыла загадчыца аддзела метадычнай работы Марына Лукіянец. – На дварэ зіма – сезон самых кароткіх дзён і доўгіх начэй, аднак, незалежна ад узросту, мы любім яе за навагоднія святы і прадчуванне цудаў. У нашай краіне асаблівая ўвага надаецца пажылым людзям, для якіх важна адчуваць павагу і клопат, усведамляць, што пра іх памятаюць. Нашы работнікі круглы год сустракаюцца з жыхарамі аддаленых вёсак, дораць ім добрыя песні і цудоўны настрой. Напярэдадні навагодніх святаў такія сустрэчы асабліва адметныя, бо ўсяляюць надзею на ажыццяўленне самых запаветных жаданняў.

Адно з іх ужо збылося ў жыхаркі вёскі Руда Яварская Святланы Несцеравай. Салодкім падарункам з днём нараджэння яе павіншаваў Дзед Мароз. Іншыя вяскоўцы таксама з задавальненнем далучыліся да акцыі і напісалі свае запаветныя жаданні. Напрыканцы маршруту на чароўнай ёлачцы “запаліліся” дзясяткі зорачак з надпісамі. Работнікі культуры ўпэўнены, што ўсе яны збудуцца, бо вера ў цуды сагравае, як дзяцей, так і дарослых.

Ганна ХАРЛІНСКАЯ,
загадчыца сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga