З Нараджэннем Хрыстовым!

Важнае Да ведама грамадзян

Дарагія браты і сёстры ў Хрысце, глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, вернікі Дзятлаўшчыны!

Сярод разнастайных спраў сённяшняга свету Пан Бог прапануе ўсім нам на момант затрымацца і паглыбіцца ў радасны роздум над сэнсам стварэння. Нагодай да гэтага з’яўляецца нараджэнне Божага Сына, Езуса Хрыста, які пасланы ў свет у постаці маленькага Дзіцяці, здзейсніў найвялікшую справу ў гісторыі чалавецтва.

І зноў, як штогод, мы адзначаем радаснае і збаўчае свята Божага Нараджэння, калі дома ладзім ялінкі, купляем падарункі дзецям і спяшаемся да Касцёла, каб у роздуме стаць каля ясляў, дзе знаходзіцца фігурка Немаўляткі Езуса, каб падзякаваць Богу за такі Яго вялікі дар любові. Езус нарадзіўся два тысячагоддзі таму, але праз паслугу Касцёла Ён нараджаецца і сёння ў 21 стагоддзі, голасам Касцёла стукае ў нашы сэрцы і хоча, каб мы пачулі Яго стук і знайшлі Яму месца, бо толькі ў ім чалавек будзе шчаслівы.

Дарагія браты і сёстры! Сёння мы радасна ўсклікаем: “Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі!” Няхай наша Бацькаўшчына Беларусь стане краінай сапраўднага праслаўлення Бога! Няхай у ёй запануе Божы спакой, узаемная згода і паразуменне!

Ад усяго сэрца віншую ўсіх вас са святам Божага Нараджэння. Віншую католікаў, праваслаўных братоў і сёстраў і жадаю ім падрыхтаваць дарогу прыходзячаму Збаўцу. Віншую ўсіх людзей добрай волі!

Няхай Езус Хрыстус адорыць вас любоўю і радасцю, умацуе сувязі ў вашых сем’ях і асяроддзях, а таксама зробіць вашы сэрцы і сумленні больш чулымі да клопату аб кожным чалавечым жыцці, аб выхаванні маладога пакалення, аб лёсе пажылых, хворых, церпячых і беспрацоўных людзей.

Радасных, шчаслівых, поўных Божай ласкі і прысутнасці Хрыста ў нашых сэрцах святаў і шчаслівага надыходзячага Новага года.

Хрыстус нарадзіўся – Бог аб’явіўся! З гэтымі пажаданнямі ў знак нашай еднасці дзялюся з усімі вамі аплаткай і, памятаючы ў малітве, ад усяго сэрца бласлаўляю.

Здзіслаў ПІКУЛА,
Ксёндз-пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі горада Дзятлава

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga