У Дзятлаве працуе ёлачны базар

Важнае Грамадства

У райцэнтры і наваколлі з’явілася навагодняя ілюмінацыя, на паліцах магазінаў – шырокі выбар мішуры і салодкіх падарункаў “ад Дзеда Мароза”, на дошках аб’яваў – яркія афішы пра навагоднія карпаратывы, ранішнікі і экскурсіі.

Лагічным працягам гэтай пераднавагодняй феерыі стала адкрыццё ёлачнага базару ў Дзятлаве, дзе кожны можа набыць сабе жывое духмянае навагодняе дрэўца.

Як і абяцаў, Дзятлаўскі лясгас размясціў свой фірмовы фургон, а побач з ім некалькі радоў лясных прыгажуняў непадалёк ад плошчы 17 Верасня, паміж магазінам “Будматэрыялы” і адміністрацыйным будынкам спажывецкай кааперацыі. У першы дзень “зялёнага” базару свае дрэўцы дзятлаўчанам прадставілі работнікі Вензавецкага лясніцтва.

– Сёння мы прывезлі ў Дзятлава 35 елачак і 4 сасны. Пакуль людзі не надта схільныя да пакупак, больш прыглядваюцца, прыцэньваюцца. Але некалькі дрэўцаў мы ўжо прадалі, – расказвае бухгалтар Вензавецкага лясніцтва Марыя Ёдчык. – У наступныя дні елкі, сосны, навагоднія букеты ў райцэнтр даставяць іншыя лясніцтвы нашага раёна.

Разам з ёй тут працуе ляснік Сяргей Груша. Новай паслугай, якую аказваюць на ёлачным базары, з’яўляецца ўпакоўка навагодніх дрэўцаў у сетку для зручнай транспарціроўкі. Праўда, яна не бясплатная, каштуе паўтара рубля.

Дзятлаўчане змогуць набыць лясных навагодніх прыгажуняў на ёлачным базары кожны дзень да Новага года з 11 да 19 гадзін без абеду, без выхадных і нават 31 снежня – але ўжо па святочным распарадку. Жыхароў пасёлкаў, аграгарадкоў і вёсак пакупкі чакаюць у бліжэйшых лясніцтвах (у часы іх работы).

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga