Свежы погляд на актуальныя пытанні

Важнае Грамадства

У Мінску прайшоў восьмы форум маладых журналістаў “Традыцыйныя і новыя медыя: выклікі і магчымасці”.

Арганізатарамі выступілі Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, грамадскія аб’яднанні “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” і “Беларускі саюз журналістаў”. Удзельнікі – маладыя журналісты дзяржаўных рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ, прадстаўнікі ГА “БРСМ”, студэнты факультэта журналістыкі БДУ, а таксама запрошаныя эксперты.

Адкрыў пленарнае пасяджэнне форуму міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Пярцоў:

– Я бачу ў зале шмат зацікаўленых маладых людзей “з агеньчыкам у вачах”. Гэта радуе. З актыўнай аўдыторыяй удвайне прыемна ўзаемадзейнічаць, бо ў кожнага з прысутных ёсць жаданне пазнаваць штосьці новае, пастаянна ўдасканальвацца, задаваць канструктыўныя пытанні і рабіць карысныя заметкі для далейшай плённай працы ў сваёй прафесійнай дзейнасці. Як паказвае практыка, менавіта маладыя журналісты нацэлены на тое, каб змяніць свае рэдакцыі ў адпаведнасці з тымі выклікамі, якія дыктуе рынак. Яны актыўна асвойваюць сучасныя інфармацыйныя платформы, такія як сацыяльныя сеткі і месенджары, укараняюць новыя тэхналогіі, робяць айчынную журналістыку больш дынамічнай і запатрабаванай, генеруюць свежыя думкі, хутка арыентуюцца ў складанай абстаноўцы, востра і эфектыўна рэагуюць на актуальную інфармацыю.

Сярод экспертаў былі кіраўнікі і супрацоўнікі рэспубліканскіх і раённых СМІ. Кожны з іх выступаў з дакладам па адным з актуальных пытанняў пазначанай тэмы. Так, палітычны аглядальнік Ігар Тур расказаў аб прынцыпах і метадах працы платформы “YouTube”, якія можна эфектыўна выкарыстоўваць у тэлевізійным эфіры. Старшыня праўлення ЗАТ “Другі нацыянальны тэлеканал” Марат Маркаў раскрыў сакрэты палітычнага інтэрв’ю. Спецыяльныя карэспандэнты Людміла Гладкая і Ксенія Лебедзева падзяліліся асабістым вопытам работы на беларуска-польскай граніцы і ў экстрэмальных умовах жніўня 2020 года. Начальнік аддзела па радыёвяшчанні “Альфа Радыё” Вадзім Шэпет прадэманстраваў, як можна ў прамым эфіры інтэграваць гутарковы і музычны фарматы, каб прыцягнуць увагу слухачоў да выказванняў экспертаў у той ці іншай вобласці, больш цікава і ў даступнай форме данесці да людзей інфармацыю. Карыснымі былі выступленні работнікаў раённых газет, якія дзяліліся сваімі “рэдакцыйнымі” поспехамі па розных напрамках дзейнасці. Ад сваіх калегаў я “ўзяў на аловак” некалькі эфектыўных рэкамендацый, правераных на справе, па фарміраванні прывабнага кантэнту, павелічэнні колькасці падпісчыкаў і праглядаў у сацыяльных сетках. Таксама спадабалася ідэя з падрыхтоўкай на платнай аснове для арганізацый і ўстановаў раёна відэавіншаванняў, якія потым размяшчаюцца на “YouTube” канале выдання. Лічу, што манетызацыя сучасных інфармацыйных платформаў – адзін з перспектыўных напрамкаў развіцця ў дзейнасці раённых СМІ. Гэты “фінансавы” крок дазволіць раёнкам кардынальна павялічыць свой прыбытак.

Нечаканым і прыемным сюрпрызам для ўдзельнікаў форуму стала з’яўленне прэс-сакратара Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Наталлі Эйсмант. Афіцыйны прадстаўнік кіраўніка дзяржавы адзначыла, што Беларусь апынулася ў эпіцэнтры глабальнай інфармацыйнай вайны. Нашу краіну, якая наперакор усяму пайшла сваім, хоць і вельмі складаным шляхам, якая не ўводзіла ніякія лакдаўны, не абмежавала правы чалавека на перамяшчэнне і працу, ледзь не абвінавацілі ў генацыдзе ўласнага народа. Вось яна, самая сапраўдная інфавайна ва ўсіх яе праявах. Разам з тым, цяпер гэта наша новая рэальнасць.

– Журналістыка ў межах усёй краіны, у кожным яе кутку, нават у самым аддаленым, павінна быць адкрытай, смелай, рашучай і праўдзівай. Непрымальна яе фінансаванне заходнімі паліттэхнолагамі і спецслужбамі іншых дзяржаваў. Журналістыка не павінна працаваць супраць інтарэсаў Беларусі, – дадала Наталля Мікалаеўна.

У час форуму маладыя журналісты задавалі пытанні, якія іх цікавяць, актыўна ўдзельнічалі ў абмеркаванні праблемных тэм.

Вадзім ФІЛІПОЎСКІ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga