Слізкае пытанне. Расказваем пра галалёдныя траўмы

Важнае Грамадства

“Паслізнуўся, упаў, ачнуўся – гіпс”.

Амаль як у знакамітай фразе з кінастужкі Леаніда Гайдая “Брыльянтавая рука”. На жаль, у жыцці, калі здараецца падобная сітуацыя, гэта ўжо не камедыя.

Як дзятлаўскія медыкі спраўляюцца з сезонным траўматызмам і куды звяртацца па дапамогу, расказала намеснік галоўнага доктара па медыцынскай частцы Дзятлаўскай ЦРБ Алена Якубоўская.

– Алена Аляксандраўна, ці аказалі першыя маразы ўплыў на работу траўматолагаў і хірургаў?

– Безумоўна, аказалі. Першыя пацыенты з галалёднымі траўмамі ў нас з’явіліся пару тыдняў таму. Найчасцей сустракаюцца вывіхі і пераломы канечнасцяў ад падзення, а менавіта галенастопнага суставу, лучавых касцей рук.

– Ці актывізуецца работа спецыялістаў у зімовы перыяд?

Дапамога ў нас аказваецца кругласутачна. Паліклініка, амбулаторыі і ФАПы працуюць з 8 да 16 гадзін, а з 16 да 8 – прыёмнае аддзяленне. Таму дзятлаўскія медыкі ў любы сезон гатовы аказваць неадкладную дапамогу. А яшчэ мы кожны дзень падаём аператыўную інфармацыю аб траўмаваных з указаннем дыягназаў і прозвішчаў у Гродзенскі абласны цэнтр экстраннай медыцынскай дапамогі, які працуе на базе бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі.

– А калі ва ўнеўрочны час спатрэбіцца рэнтген?

– У нас арганізавана дзяжурства рэнтген-лабарантаў у непрацоўны час. Па выкліку яны прыбудуць у стацыянар для здымка і днём, і ноччу, таму падобныя сітуацыі таксама ўлічаны.

– Калі падзенне адбылося вечарам ці ноччу, куды звяртацца?

– Увогуле, калі чалавек упаў і стукнуўся, найлепш выклікаць хуткую медыцынскую дапамогу, бо не выключаны сур’ёзныя траўмы і пацярпелага трэба правільна транспарціраваць, каб не нанесці дадатковай шкоды яго здароўю. Належным чынам гэта атрымаецца ў спецыялістаў. Яны абязболяць, правільна зафіксуюць канечнасці, даставяць пацыента ў прыёмнае аддзяленне, дзе дзяжурыць хірург. Там яму прадоўжаць аказваць кваліфікаваную дапамогу.

– Ці варта цярпець пасля падзення, чакаць, напрыклад, з’яўлення гематомы на месцы ўдару?

– Вядома ж, не варта. Трэба абавязкова звяртацца да доктара. Нават спецыялісту на рэнтгенаграфіі пераломы бачныя не заўсёды, аднак у нас ёсць магчымасць на машыне хуткай дапамогі ў любы час дня і ночы даставіць пацярпелага з падазрэннем на такі пералом, з траўмай галавы ці іншым пашкоджаннем, якое выклікае апасенні, на камп’ютарную тамаграфію ў Слонім. Сучасная тэхніка дапаможа ўдакладніць дыягназ. Увогуле, ідэальных метадаў дыягностыкі не існуе, каб пазбегнуць ускладненняў, найлепш выкарыстоўваць комплексны падыход.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga