Пачаўся перадсвяточны марафон добрых спраў

Галоўнае Грамадства

14 снежня ў Беларусі ўрачыста стартавала дабрачынная навагодняя рэспубліканская акцыя “Нашы дзеці”, якая прадоўжыцца да 14 студзеня 2022 года.

На Дзятлаўшчыне святочная сустрэча з нагоды адкрыцця акцыі адбылася ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці. У фае ўстановы юных жыхароў раёна чакаў прыемны сюрпрыз: конкурсна-гульнявую праграму “Кеша 3D” для іх правяла спецыяліст Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Ірына Мішчанка.

Павіншаваць дзяцей са стартам самага маштабнага марафону дабра, акцыі “Нашы дзеці”, прыйшлі прадстаўнікі раённай улады, актывісты грамадскіх аб’яднанняў, спецыялісты ўстановаў і арганізацый. Было адзначана, што сёлета аказаць дабрачынную дапамогу юным дзятлаўчанам ужо выказалі жаданне 26 арганізацый і прадпрыемстваў раёна.

Удзельнікаў урачыстасці павітаў намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Ігар Кухарэвіч:

– Традыцыйная акцыя “Нашы дзеці” праходзіць пад патранатам кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі. Менавіта яго ідэя атрымала ўсенародную падтрымку: штогод нераўнадушныя беларусы, кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў уключаюцца ў гэта мерапрыемства, стараюцца стварыць атмасферу дабрыні і свята для падрастаючага пакалення. Сёння ў гэтай зале сабраліся лепшыя навучэнцы Дзятлаўшчыны, якія дасягнулі поспехаў у навукова-практычных канферэнцыях, творчых конкурсах, спартыўных мерапрыемствах і праслаўляюць сваю малую радзіму.

Мы жывём у мірнай дзяржаве, спакойна працуем, вучымся, адпачываем, імкнёмся памнажаць дасягненні нашай невялікай незалежнай краіны. Хочацца, каб колькасць юных адораных беларусаў расла з году ў год, бо будучыня нашай рэспублікі залежыць ад маладога пакалення.

Ігар Станіслававіч уручыў падарункі навучэнцам раёна, якіх з поўным правам можна назваць “геніямі думкі” – Паліне Журскай, Вадзіму Васюкевічу, Даніілу Шуляку, Анастасіі Сідорчык, Ягору Пікту, Дар’і Вараб’ёвай. За падтрымку таленавітай моладзі сам намеснік старшыні райвыканкама атрымаў традыцыйны ў нашым раёне “Сертыфікат добрых спраў”, такія ж сертыфікаты ўручылі і іншым гасцям, якія дапамагаюць хлопчыкам і дзяўчынкам раёна рэалізаваць свае таленты.

Адыходзячы 2021 год быў аб’яўлены ў нашай краіне Годам народнага адзінства, і моладзь Дзятлаўшчыны актыўна ўключылася ў вырашэнне актуальных дзяржаўных і грамадска-палітычных задач. Многія маладыя дзятлаўчане дасягнулі поспехаў на гэтай ніве. У намінацыі “Моладзь. Лідарства. Крэатыў” іх павіншавалі і ўручылі заслужаныя ўзнагароды намеснік начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Алена Жадзейка і першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык. На сцэну да іх падняліся актывісты дзіцячых і моладзевых арганізацый Дар’я Лявошка, Станіслаў Якаўчык, Кацярына Роўба, Паліна Крывулька, Ульяна Яравая, Данііл Матчанаў.

У Беларусі шмат робіцца для паспяховага развіцця спорту высокіх дасягненняў і яго масавых відаў, а ў цэнтры ўвагі – юнае пакаленне, і яно паказвае добрую загартоўку. Ёсць спартсмены, якія падаюць надзеі, і ў нашым раёне: у намінацыі “Да вяршыні Алімпа” такіх навучэнцаў узнагародзілі загадчык сектара спорту і турызму райвыканкама Дзмітрый Ёда і дырэктар Дзятлаўскай ДЮСШ Святлана Лагута. “Дарасці да сусветных рэкордаў” яны жадалі Паліне Марчык, Вераніцы Сідорчык, Арцёму Блоцкаму, Кірылу Падліпку, Яўгену Васько, Паліне Улога, Вользе Радомскай.

Моладзь Дзятлаўшчыны – актыўныя ўдзельнікі цімураўскага і валанцёрскага руху, сваім клопатам яны саграваюць больш за 4 тысячы пажылых і адзінокіх грамадзян і даўно даказалі, што ўласнымі сіламі здольны мяняць жыццё да лепшага. У намінацыі “Героі нашага часу” неабыякавых да чужых праблем маладых дзятлаўчан узнагародзіла і пажадала далейшых поспехаў у справах дабра старшыня раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Касцюк. Яна ўручыла падарункі валанцёрам Паліне Белавус, Таццяне Орсік, Валерыі Шалеснай, Паліне Дзедавай, Анастасіі Шышко, Аляксею Санюкевічу, Ксеніі Калодзіч, Даніілу Івашэвічу, Анастасіі Маскаль.

Сучасная моладзь іграе асаблівую ролю ў вырашэнні экалагічных праблем, і некаторыя навучэнцы Дзятлаўшчыны мяркуюць звязаць сваю будучую прафесію са сферай лясной гаспадаркі і прыродакарыстання, а таму ўжо сёння актыўна дапамагаюць работнікам гэтай галіны. Падарункі за добрыя справы ўдзельнікам намінацыі “Эка-актывісты” ўручыў намеснік кіраўніка па ідэалагічнай рабоце ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас” Аляксей Урбановіч. На сцэну былі запрошаны Аляксандр Сідорчык, Ілья Дзямідчык, Аляксандра Ганчар, Сямён Адамчык, Юсціна Скрундзь.

Песні, танцы, цудоўны настрой удзельнікам урачыстасці дарылі самадзейныя артысты і калектывы раёна. Ажыццявіць падарожжа ў казку і там сустрэцца з вядомымі героямі мультфільмаў і навагоднімі чараўнікамі Дзедам Марозам і Снягурачкай маленькіх і дарослых гасцей свята запрасілі Іван Каско і ўзорны тэатр гульні роставых лялек “Лялькі для ўсіх”.

Рэспубліканская дабрачынная навагодняя акцыя “Нашы дзеці” ўрачыста стартавала, значыць, пачаўся святочны сезон віншаванняў, падарункаў і чароўных сюрпрызаў.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: