Наш дабрабыт залежыць толькі ад нас

Галоўнае Улада

16 снежня ў раёне прайшоў Адзіны дзень інфармавання насельніцтва.

Працавала некалькі груп. Інфармацыйна-прапагандысцкая група старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага сустрэлася з педагагічным калектывам Новаяльнянскай сярэдняй школы.

Тэму “Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь – палітыка-прававы фундамент адзінства народа і яго сацыяльнай абароненасці” ўзняла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вольга Рагачова. Яна адзначыла, што наша ўнутраная і знешняя палітыка, яе сацыяльная мадэль вызначаецца народам, а не знешнімі сіламі. Кіраўнік дзяржавы на сустрэчы з рабочай групай па дапрацоўцы праекта новай Канстытуцыі падкрэсліў, што “распрацоўвацца ён павінен з улікам канструктыўных меркаванняў беларускіх грамадзян”. У бліжэйшы час праект новай Канстытуцыі будзе вынесены на ўсенароднае абмеркаванне.

Таксама Вольга Рагачова ажыццявіла невялікі экскурс у гісторыю падрыхтоўкі і прыняцця дзеючай Канстытуцыі, рэспубліканскіх рэферэндумаў па яе ўдасканаленні, зазначыўшы, што ўсе змяненні ў Асноўны закон мелі адну мэту – зрабіць Рэспубліку Беларусь дзяржавай для народа. Таму сярод галоўных кірункаў дзяржаўнай палітыкі – захаванне і ўмацаванне здароўя грамадзян, гарантыі ў сацыяльна-працоўнай сферы, пенсійнае забеспячэнне, падтрымка сям’і, даступная і якасная адукацыя.

Мяркуецца, што новая Канстытуцыя захавае асноўныя гарантыі, а таксама ў яе будуць унесены палажэнні аб захаванні суверэнітэту, культуры і духоўных традыцый беларусаў; пашырацца правы, замацуюцца абавязкі грамадзян, павысіцца іх асабістая адказнасць на шляху фарміравання мадэлі “дзяржава-партнёр”; будзе вызначаны статус, паўнамоцтвы, парадак фарміравання Усебеларускага народнага сходу, які стане вышэйшым прадстаўнічым органам народаўладдзя; шэраг змяненняў скіраваны на забеспячэнне балансу паўнамоцтваў органаў дзяржаўнай улады, паколькі вышэйшай дзяржаўнай асобай па-ранейшаму будзе з’яўляцца Прэзідэнт, дапоўняцца патрабаванні да кандыдатаў на гэту пасаду (не больш за два тэрміны абрання, скарэктуецца працэдура імпічменту); разглядаецца палажэнне аб узмацненні ролі Урада. Новая Канстытуцыя будзе адпавядаць патрабаванням часу, забяспечыць далейшае развіццё нашай дзяржавы, мір і бяспеку на нашай зямлі.

Тэму бяспекі навагодніх і калядных святаў узняў начальнік Дзятлаўскага РАНС Сяргей Казушчык. Ён расказаў, што з 14 па 31 снежня праходзіць рэспубліканская прафілактычная акцыя “Бяспечны Новы год”. Сяргей Сяргеевіч падкрэсліў, на што трэба звяртаць увагу пры пакупцы піратэхнічных вырабаў. Такія пакупкі нельга кідаць, цягнуць за вогнеправодныя шнуры, насіць у кішэнях і пад адзеннем, пакідаць без нагляду, выкарыстоўваць у грамадскіх месцах, дамах і кватэрах, а толькі на адкрытых пляцоўках, на адлегласці ад пабудоваў. Нават з бенгальскімі агнямі трэба абыходзіцца асцярожна, каб абысціся без траўмаў і пажараў. Таксама Сяргей Казушчык анансаваў, што для катання на санках і цюбінгах у нашым раёне абсталявана месца на стадыёне “Колас”, нагадаў правілы паводзінаў на лёдзе вадаёмаў, папрасіў звяртаць увагу на стан пячнога ацяплення, не перагружаць дамашнюю электраправодку і, пакідаючы свае кватэры, не забываць адключаць з сеткі ўсе магчымыя электрапрыборы.

Старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі адзначыў, што асабліва актуальнай была нядаўняя акцыя службаў прафілактыкі “Аўтаномны пажарны апавяшчальнік – у кожны дом”, параіў набыць АПІ сабе і блізкім.

Удзельнікам інфармацыйнай групы паступіла пытанне: ці будзе ў раёне абсталявана месца для акунання вернікаў на свята Хрышчэння?

Адказ: калі такое месца будзе абсталявана, спецыялісты таварыства ратавання на водах і работнікі РАНС будуць ствараць бяспечныя ўмовы пры акунанні.

Андрэй Садоўскі дадаў, што ў раёне ёсць два пляжы – дзятлаўскі і санаторыя “Радон”, дзе падтрымліваецца бяспека пры купанні ў летні сезон. Цяпер рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя для рамонту басейна ў Дзятлаве, мяркуецца, што да работ прыступяць ужо ў наступным годзе.

Аб паважлівых адносінах да правоў і годнасці інвалідаў, стварэнні ўмоваў для іх камфорту размову вяла начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Васкель. Яна падкрэсліла, што шмат увагі надаецца падтрымцы сем’яў, якія гадуюць дзяцей-інвалідаў, працаўладкаванню і занятасці людзей з абмежаванымі магчымасцямі, стварэнню даступнага безбар’ернага асяроддзя. Алена Раманаўна прывяла прыклады нашага раёна, а напрыканцы адзначыла, што па забеспячэнні безбар’ернага асяроддзя ў раёне выкананы практычна ўсе мерапрыемствы, ёсць пытанне па Казлоўшчынскім доме культуры, але да канца года і яго мяркуецца вырашыць.

Аб адказнасці за рэгістрацыю на інтэрнэт-рэсурсах, прызнаных экстрэмісцкімі, распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў у інтэрнэце прысутным нагадаў начальнік АУС Дзятлаўскага райвыканкама Аляксандр Біль. Ён папярэдзіў прысутных, што нават банальная цікавасць і скачванне інфармацыі з забароненых рэсурсаў на свае старонкі ў сацыяльных сетках – гэта ўжо яе распаўсюджванне. У праваахоўнікаў сёння ёсць усе тэхнічныя магчымасці, каб устанавіць вінаватых асобаў. На жаль, у раёне ўзбуджана 15 крымінальных спраў за пагрозы супрацоўнікам міліцыі, публічныя пагрозы грамадзянам, абразы, распаўсюджванне асабістых даных праваахоўнікаў і іх сем’яў, пагрозы ў інтэрнэце, іншае.

Напрыканцы Андрэй Садоўскі азнаёміў прысутных з эканамічнымі паказчыкамі раёна, адзначыўшы, што няпросты па ўмовах нарвор’я год быў паспяховым для сельскай гаспадаркі Дзятлаўшчыны, якая паказала рост валавай прадукцыі і знаходзіцца ў ліку чатырох абласных лідараў. Стабільна працавалі прадпрыемствы. З прафіцытам выкананы бюджэт. На наступны год шмат планаў, у тым ліку і па добраўпарадкаванні цэнтра Наваельні. Мяркуецца, што тут будзе адрамантавана вуліца Шашэйная.

У гэты ж дзень працавалі інфармацыйна-прапагандысцкія групы намеснікаў старшыні райвыканкама, група старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага. Спецыялістам паступіла некалькі пытанняў, некаторыя з якіх узяты на кантроль.

Ірына СТЫРНІК
Фота аўтара, Ірыны Камаровай, Наталлі Авярчук

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: