Іван Юч: “Хто працуе, той без хлеба не будзе”

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

З цікавымі людзьмі Дзятлаўшчыны нас прадаўжае знаёміць праект “Глыбінкай жыве Беларусь”.

Марозным снежаньскім ранкам артысты сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Ганна Харлінская і Ірына Бакшук, а таксама сакратар раённага савета ветэранаў Ядвіга Гушча накіраваліся ў вёску Малыя Краглі, каб павіншаваць з “важкім” юбілеем Івана Юча. Зусім нядаўна Іван Рыгоравіч адсвяткаваў свой  90 дзень нараджэння. Цёплая сямейная сустрэча з гэтай нагоды ўжо адбылася, а цяпер доўгажыхар і яго сябры-аднавяскоўцы сустракалі на падворку артыстаў.

Жывыя гукі баяна нібыта вярнулі прысутных у тыя часы, калі ў Краглях віравала жыццё і падобныя мерапрыемствы ладзіліся значна часцей. Шчырыя словы віншаванняў “запалілі” ў вачах Івана Рыгоравіча вясёлыя агеньчыкі, ён з задавальненнем слухаў хіты мінулых гадоў, сярод якіх на заказ прагучала любімая, амаль што “імянная” песня – “У суботу Янка ехаў ля ракі”.

Ядвіга Гушча ўручыла юбіляру падарунак і кветкі ад раённага савета ветэранаў, прачытала віншавальную паштоўку з пажаданнямі сямейнага дабрабыту, светлых, напоўненых радаснымі весткамі і падзеямі дзён, мірнага неба над галавой, вядома ж, моцнага здароўя.

За песнямі і добрымі жартамі доўгажыхар расказаў пра свой жыццёвы шлях, падзяліўся асабістымі сакрэтамі даўгалецця.

Жыццё Івана Рыгоравіча, хоць і быў ён простым вясковым хлопцам з няпоўнай сярэдняй адукацыяй, выдалася цікавым, шчодра “павадзіла” нашага земляка па дарогах малой і вялікай Радзімы.

Нарадзіўся ён у 1931 годзе ў вёсцы Алёхнавічы, добра памятае вайну, але не любіць расказваць пра яе, коратка зазначае:

– Цяжка людзям жылося. У Алёхнавічах стаялі немцы. Па іх заказе мясцовы стараста накіроўваўся да вяскоўцаў па харчы: забіраў яйкі, курэй, агародніну, а ноччу прыходзілі партызаны, ім таксама трэба было дапамагчы.

Калі Вялікая Айчынная вайна скончылася, Іван ужо быў падлеткам, але ўсё роўна сеў за школьную парту, адвучыўся 6 класаў і пайшоў на курсы трактарыстаў у Міроўшчынскую машынна-трактарную станцыю. Працаваць застаўся там жа: трактарысты арганізацыі абслугоўвалі калгасы раёна – выконвалі сезонныя работы на палетках. Іван Рыгоравіч узгадвае, што тагачасныя трактары яшчэ запраўляліся саляркай. Спачатку ён кіраваў “Універсалам”, іх выпускалі на Ленінградскім заводзе “Чырвоны Пуцілавец”, затым перасеў на ХТЗ – трактар вытворчасці Харкаўскага трактарнага завода. Цяпер такія мадэлі можна адшукаць толькі на старых фотаздымках.

У 1950 годзе Івана Юча прызвалі ў армію, трапіў ён на Балтыйскі флот, як сам кажа, “служыў мараком” аж цэлых 5 гадоў. Пачынаў у латвійскім Ліепае, які яшчэ называюць “горадам, дзе нараджаецца вецер”, затым дыхаў вольным марскім ветрам у Рызе і Балтыйску Калінінградскай вобласці.

Вярнуўшыся на малую радзіму, вырашыў атрымаць вадзіцельскую спецыяльнасць. Скончыў курсы ў Дзятлаве, уладкаваўся ў калгас, пазней зноў працаваў у Міроўшчыне, затым – вадзіцелем будаўнічай ваеннай часці, якая размяшчалася ў Куляшах і была задзейнічана на ўзвядзенні аб’ектаў ваеннага гарадка Гезгалы і Гезгалаўскай ГЭС. За плячыма Івана Юча тысячы кіламетраў дарог і амаль паўстагоддзя вадзіцельскага стажу, бо на заслужаны адпачынак ён выйшаў у 1991 годзе.

Жонка Івана Рыгоравіча, Ганна Канстанцінаўна, заўважае, што не менш шаноўны стаж іх сямейнага жыцця – без невялікага 62 гады пара жыве разам, раздзяляючы на дваіх шчасце, хатнія клопаты, жыццёвыя няўдачы і радасці. Сваю “другую палавінку” Іван знайшоў па суседстве ў родных Алёхнавічах, ведаў яе, колькі сябе памятае, праўда, Ганна была малодшай на 9 гадоў, таму не адразу звярнуў на яе ўвагу.

Пакахаць-пакахаў, але хутка згуляць вяселле маладым перашкаджалі жыццёвыя абставіны: то Івана Рыгоравіча ад Міроўшчынскай МТС камандзіравалі ў Казахстан на сельскагаспадарчыя работы, то яго сям’ю напаткала бяда – памёр бацька. Аднак каханая дачакалася прапановы рукі і сэрца, вяселле Ючы згулялі ў 1960 годзе. Адзін за адным нарадзіліся іх трое дзяцей. Маладая сям’я набыла дом у Малых Краглях, пераехала сюды на пастаяннае месца жыхарства. Як дбайны гаспадар, Іван Рыгоравіч сваімі рукамі зрабіў рамонт, перакрыў дах, шмат завіхаўся па гаспадарцы, бо жонка працавала даяркай і цэлыя дні праводзіла на ферме. За работай і клопатамі час праляцеў незаўважна. Дзеці выраслі, сталі годнымі людзьмі. У Лідзе жывуць сын Іван (ён экскаватаршчык) і дачка Ірына (працуе ў Лідскім гарвыканкаме), у Мінску – Наталля (працуе ў аддзяленні сувязі). Дзядулю і бабулю радуюць трое ўнукаў і чацвёра праўнукаў. Кожныя выхадныя дзеці наведваюць бацькоўскі дом. Ёсць у вялікай сям’і Ючоў выдатная традыцыя – на святы выносіць на падворак стол, збірацца за ім усім разам, запрашаць суседзяў, якіх Іван Рыгоравіч і Ганна Канстанцінаўна лічаць не чужымі людзьмі. А як жа, на іх палове вёскі засталося ўсяго тры сям’і, таму жывуць яны дружна, падтрымліваюць адзін аднаго. А калісьці, узгадваюць вяскоўцы, толькі мясцовы статак налічваў больш за чатыры дзясяткі кароў.

Менавіта працавітасць, жаданне ставіць перад сабой мэты і дасягаць іх Іван Юч лічыць адным з сакрэтаў свайго даўгалецця. Другім – простую сялянскую ежу: сала, хлеб, малако. Прычым адно з другім на думку доўгажыхара даволі цесна звязана: “Хто працуе, той без хлеба не будзе,” – выказвае сваю жыццёвую мудрасць Іван Рыгоравіч. А яшчэ ён любіць вясковыя прасторы, чыстае паветра, землякоў, таму ніколі не згаджаўся на пераезд у горад.

У свае 90 гадоў Іван Юч яшчэ рухавы, гаваркі, цікавы чалавек. Прызнаецца, што да гэтага часу чытае газеты, глядзіць тэлевізар, сочыць за навінамі ў роднай краіне. Маладому пакаленню наш зямляк жадае ўсяго найлепшага, а галоўнае – пашаны да працы, без якой няма дабрабыту.

Тэкст і фота Ірыны СТЫРНІК          

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: