Ірына Забеліна выбрала прафесію “з характарам”

Важнае Грамадства

З 1992 года ў пракуратуры Дзятлаўскага раёна працуе цікавая жанчына і сапраўдны прафесіянал сваёй справы – памочнік пракурора Ірына Забеліна.

Ірына Аляксандраўна не стамляецца паўтараць, што любіць сваю прафесію і ні разу не пашкадавала аб жыццёвым выбары, які зрабіла яшчэ ў дзяцінстве.

– Я нарадзілася ў невялікай вёсцы Ярчакі Мастоўскага раёна. Вучылася паспяхова ў Галубоўскай сельскай школе. Калі была падлеткам, муж цёткі, які працаваў пракурорам, пачаў заўважаць, што я ўмею абгрунтоўваць свае думкі, граматна размаўляю, тады ён і прапанаваў, калі вырасту, ісці ў пракурорскія работнікі, маўляў, выдатна атрымаецца выступаць у судах. Я загарэлася ідэяй, якая ў выпускных класах перарасла ў настойлівае жаданне. Таму першыя дзве няўдачныя спробы паступлення мяне не спынілі, тым больш што заўжды знаходзіла падтрымку ў свайго натхняльніка, ад якога нязменна чула падбадзёрваючае: “Не перажывай, усё атрымаецца”.

І атрымалася: у 1987 годзе стала студэнткай юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, – узгадвае Ірына Аляксандраўна.

Праходзіць пераддыпломную практыку дзяўчыну накіравалі на Навагрудчыну, дзе пракурорам працаваў Аляксандр Савасцюк, якога і па сённяшні дзень яна лічыць сваім галоўным настаўнікам і “гідам” па прафесіі. Чалавек з чулай душой і адкрытым характарам, ён з лёгкасцю ўмеў “падабраць ключык” да сэрцаў сваіх практыкантаў, стажораў і маладых работнікаў. На працягу прафесійнай дзейнасці, пакуль быў жывы гэты шчыры чалавек, Ірына Аляксандраўна падтрымлівала з ім сувязь, магла параіцца па любым рабочым і жыццёвым пытанні.

На першае працоўнае месца Ірыну Забеліну размеркавалі ў пракуратуру Мастоўскага раёна – стажорам на пасаду памочніка пракурора. Месца гэта было часовым, бо ранейшая работніца знаходзілася ў водпуску па доглядзе дзіцяці. Калектыў сустрэў гасцінна, пракурорам у Мастах тады працаваў Эдуард Бурак. Аднак стажыравацца тут давялося не доўга: у Дзятлаве таксама з’явілася вакансія памочніка пракурора, і тут былі вельмі зацікаўлены хутчэй знайсці спецыяліста. Так, у лістападзе 1992 года маладая стажорка была пераведзена ў наш раён, дзе яна датэрмінова прайшла атэстацыю. Тагачасны пракурор Дзятлаўскага раёна Аляксандр Пратаковіч аднёсся да новага спецыяліста па-бацькоўску цёпла: пры пераездзе паслаў па яе машыну, а засялілі маладую дзяўчыну ў службовую кватэру, якая знаходзілася ў будынку пракуратуры. На дварэ стаялі “ліхія дзевяностыя”, таму многія цікавіліся ў Ірыны Забелінай, ці не страшна ёй так жыць? Аднак, выбіраючы для сябе прафесію “з характарам”, Ірына Аляксандраўна ведала пра магчымыя выпрабаванні: гэта і эмацыянальная загружанасць, і непрадбачаныя начныя выезды на месцы злачынстваў, і іншыя нюансы, якія патрабуюць ад работнікаў стрэсаўстойлівасці. Сапраўднай аддушынай і надзейнай падтрымкай для маладога спецыяліста быў дружны, згуртаваны калектыў пракуратуры, а ў хуткім часе стала яшчэ і любімая дачушка Анастасія.

– Не важна, носіць жанчына пагоны ці не, яна павінна перажыць пачуццё мацярынства, – лічыць Ірына Аляксандраўна. – Безумоўна, матулям, якія служаць, спатрэбіцца дапамога блізкіх людзей. Мне, напрыклад, у гэтым плане вельмі пашчасціла з суседзямі: яны ніколі не адмаўлялі на просьбы прыгледзець за маленькай Насцечкай, калі мяне тэрмінова выклікалі на работу.

З 1996 па 2010 гады Ірына Забеліна была намеснікам пракурора Дзятлаўскага раёна, затым зноў вярнулася на пасаду памочніка. Узгадвае, што за тры дзесяцігоддзі, якія працуе ў мясцовай пракуратуры, тут многае памянялася: то пашыраўся за кошт аператыўных супрацоўнікаў, то зноў скарачаўся да ранейшага штат спецыялістаў, на змену друкавальным машынкам прыйшлі камп’ютары, аднак адно застаецца нязменным – Ірыне Аляксандраўне па-ранейшаму цікава на рабоце. Цяпер яна ажыццяўляе нагляд за крымінальнымі і грамадзянскімі справамі ў судзе, выкананнем прысудаў і рашэнняў, дзейнасцю папраўчай калоніі-пасялення № 26 аграгарадка Гезгалы, удзельнічае ў праверках, разглядае звароты грамадзян.

У людзях яна цэніць адкрытасць і добрасумленнасць, а сваім жыццёвым крэда лічыць імкненне ва ўсім знаходзіць пазітыў. Адпачываць ад працоўных будняў Ірына Забеліна любіць у час падарожжаў, і гэта могуць быць як паездкі ў водпуск да мора, так і туры выхаднога дня з абавязковым наведваннем цікавых мясцін. Не менш падабаецца Ірыне Аляксандраўне клапаціцца аб сваім участку, вырошчваць дэкаратыўныя расліны, прысвячаць час хатнім гадаванцам, падтрымліваць стасункі з сябрамі, сярод якіх і ветэран працы пракуратуры Ванда Ванчук.

Пракурорскую службу Ірына Забеліна лічыць пачэснай, важнай і запатрабаванай, нездарма ведамства паспяхова існуе і ў 2022 годзе адзначыць свой векавы юбілей. Тым, хто ў страі, Ірына Аляксандраўна жадае ніколі не адступаць ад прынцыпаў законнасці, не мець сумненняў у правільнасці прафесійнага выбару, здароўя, дабрабыту ў сем’ях, падтрымкі блізкіх.

Ірына СТЫРНІК  

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga