Энергетыка – выбар на ўсё жыццё

Галоўнае Грамадства

Напрыканцы снежня наш горад асвятляецца рознакаляровымі агнямі ілюмінацыі, быццам нагадваючы: у чарадзе пераднавагодніх клопатаў сваё прафесійнае свята адзначаюць і тыя, дзякуючы каму не толькі святы, але і будні становяцца яркімі, а ў кожны дом прыходзіць святло і цяпло.

Гэта энергетыкі – прафесіяналы самага высокага класа, лепшыя з лепшых.

Інакш і быць не можа, бо кожны дзень яны працуюць з электрычнасцю, якая не даруе абыякавасці і памылак. Іх праца незаўважная для нас, спажыўцоў, пакуль не здараюцца форсмажоры. Але работнікі энергетычнай галіны штодзень робяць усё для таго, каб нечаканых сітуацый было як мага менш.

Дружны, зладжаны калектыў Дзятлаўскага раёна электрычных сетак нават перад Днём энергетыка ў актыўнай працы.

Удзельнікі брыгады пад кіраўніцтвам вопытнага майстра Сяргея Серага займаюцца ўстаноўкай сучаснага электрычнага абсталявання на паветранай лініі побач з гарпасёлкам Наваельня, каб працавала стабільна, а нечаканыя аварыйныя пашкоджанні можна было лакалізаваць у самы кароткі тэрмін.

– Памяняем пераключальнікі на аўтаматычныя, з сістэмай GPS, дзякуючы якой дыспетчар са свайго кабінета зможа ўбачыць пашкоджанне і хутка выправіць яго, – тлумачыць Сяргей Мікалаевіч.

Дзякуючы энергетыкам Дзятлаўшчыны за апошнія дзесяцігоддзі электрычныя сеткі раёна значна абнавіліся, сталі больш надзейнымі і зручнымі ў кіраванні. Але прырода любіць падкідваць сюрпрызы, выпрабоўваючы энергетыкаў на трываласць. Майстар узгадвае пачатак 2021 года з моцнымі снегападамі, калі работнікі электрычных сетак усталі адзіным

фронтам у барацьбе са стыхіяй. Каб у самыя кароткія тэрміны выправіць разбурэнні, нанесеныя стыхіяй і аднавіць энергазабеспячэнне ў дамах, усім брыгадам арганізацыі даводзілася працаваць па 16-17 гадзін у суткі. Там, дзе праз перамёты не даязджала тэхніка, энергетыкі дабіраліся “сваім ходам”. Але выстаялі, справіліся, чарговы раз паказаўшы сябе сапраўднай камандай прафесіяналаў.

Сам Сяргей Мікалаевіч, які прысвяціў рабоце ў энергетыцы без малога трыццаць гадоў, з натхненнем расказвае пра сваю справу. Пра тое, як яго падначаленыя-калегі плённа папрацавалі сёлета, дзе правёўшы рэканструкцыю паветраных ліній, а дзе – іх замену, мадэрнізавалі электрычныя падстанцыі.

– У некаторых населеных пунктах, дзе па старых праектах электрычныя апоры праходзілі “праз агароды”, цяпер ідуць падземныя ізаляваныя лініі электраперадачы: зручна, надзейна і людзям на радасць.

Па-бацькоўску цёпла майстар расказвае пра сваю брыгаду, называючы яе “кузняй кадраў” Дзятлаўскага РЭС. Тут у розныя гады працавалі сённяшні галоўны інжынер арганізацыі Віктар Роўба, дыспетчар Аляксандр Ёдчык, электраманцёры аварыйна-выязной брыгады Міхаіл Скрундзь і Юрый Белавус. Сучасны састаў брыгады – эфектыўны сінтэз вопыту і маладосці: паважаны ў калег брыгадзір з вялікім стажам Андрэй Фокін, не менш вопытны электраманцёр-універсал Міхаіл Кветка, які, акрамя асноўнай, прымяняе ў працы спадарожныя спецыяльнасці стропальшчыка, зваршчыка, бензапільшчыка). Не адстаюць ад іх маладыя кадры: электраманцёр Вадзім Сурма, які мае пяцігадовы стаж работы, ставіцца да справы адказна, умее выконваць пастаўленыя задачы хутка і дакладна; электраманцёр Арцём Лялека тут толькі год, але ўважліва ўнікае ў справу і набіраецца вопыту ад старэйшых калегаў.

Той факт, што дзятлаўскія энергетыкі – сапраўдныя прафесіяналы, яны даказваюць не толькі штодзённай працай і вырашэннем аварыйных сітуацый. Практычна з кожнага рэгіянальнага конкурсу “Лепшы па прафесіі” нашы землякі прывозяць высокія ўзнагароды. Лінейная брыгада Сяргея Серага некалькі гадоў таму нават прадстаўляла Ваўкавыскія электрычныя сеткі на чэмпіянаце вобласці, дзе стала сярэбраным прызёрам.

Сам Сяргей Мікалаевіч праз столькі гадоў работы ў электрычных сетках раёна нават не ўяўляе сябе ў іншай дзейнасці. Аднойчы ён зрабіў выбар прафесіі і ні разу не пашкадаваў аб гэтым.

– Энергетыка – выбар на ўсё жыццё, – робіць выснову майстар. – Тут не сустрэнеш выпадковых людзей.

Сваім калегам, якія за дзесяцігоддзі сталі сапраўднай сям’ёй, мужчына адрасуе шчырыя віншаванні з надыходзячым Днём энергетыка, Новым годам і Калядамі, пажаданні моцнага здароўя, добрага надвор’я ў прыродзе і ў сям’і, удачы ва ўсіх пачынаннях і безаварыйнай работы.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga