Белдзяржстраху – 100 гадоў. Прафесіяналы, якія аберагаюць наша шчасце

Галоўнае Грамадства

Напярэдадні Дня страхавых работнікаў шчырыя віншаванні з прафесійным святам і 100-годдзем заснавання службы прымаў працоўны калектыў прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Дзятлаўскім раёне на чале з дырэктарам Сяргеем Пылам.

Выказаць словы пажаданняў і ўручыць работнікам заслужаныя ўзнагароды прыйшлі старшыня Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі, намеснік дырэктара філіяла Белдзяржстраху па Гродзенскай вобласці Ала Бурачык, казначэй райкама Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых установаў Кацярына Нічыпаровіч.

– У 100-гадовы юбілей Белдзяржстраху прыемна адзначыць, што на страхавым рынку краіны наша кампанія займае амаль 46 % і мае адасобленыя падраздзяленні ва ўсіх абласных і раённых цэнтрах, – звярнуўся да прысутных Сяргей Пыл. – Прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Дзятлаўскім раёне ўносіць дастойны ўклад у агульную скарбонку дасягненняў. Мы робім усё, каб кліенты ўпэўнена глядзелі ў будучыню і ведалі: Белдзяржстрах заўсёды прыйдзе на дапамогу. Ад усёй душы віншую ўсіх супрацоўнікаў, якія сваёй плённай працай робяць нашу кампанію надзейнай. Шчасця вам, міру, здароўя, дабрабыту.

– Работа ў нас важная і складаная, бо пры надыходзе непрадбачаных страхавых выпадкаў мы з’яўляемся “падушкай бяспекі” і гарантам фінансавай устойлівасці для юрыдычных і фізічных асобаў краіны, – зазначыла Ала Бурачык. – Адметна, што па выніках 9 месяцаў па тэмпах росту і выкананні прагнозных паказчыкаў філіял Белдзяржстраху па Гродзенскай вобласці займае лідзіруючае месца ў рэспубліцы. Гэта агульная заслуга ўсіх раённых прадстаўніцтваў. На рынку страхавых паслугаў у нас нямала канкурэнтаў, аднак мы інтэнсіўна мяняемся і трымаем планку.

За ўзорнае выкананне працоўных абавязкаў Падзяку філіяла Белдзяржстраху па Гродзенскай вобласці Ала Бурачык уручыла Сяргею Пылу, які 26 гадоў з’яўляецца кіраўніком калектыву дзятлаўскіх страхаўшчыкоў. Яна падкрэсліла, што гэта яго 15-я юбілейная ўзнагарода, а ў ліку ранейшых ёсць нагрудны знак “Выдатнік Белдзяржстраху”. Такія ж падзякі атрымалі Алена Цішук і Сяргей Калашнікаў.

Падзякай генеральнага дырэктара Беларускага рэспубліканскага ўнітарнага страхавога прадпрыемства “Белдзяржстрах” была адзначана  Аляксандра Шалесная.

– Ваша работа карысная і патрэбная, вы не толькі страхуеце рызыкі, але і ўмееце дайсці да кожнага кліента, знайсці для яго важныя словы, – зазначыў Аляксандр Бараноўскі. – Жадаю вам заставацца такімі ж згуртаванымі, заўсёды ісці на работу з выдатным настроем.

Ганаровую грамату райвыканкама Аляксандр Бараноўскі ўручыў Паўлу Томчыку, Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў – Ірыне Баброўскай. Падзячнымі лістамі раённага Савета дэпутатаў адзначаны Ганна Башкоўская і Валерый Нічыпар. Падзячнымі лістамі старшыні райвыканкама – Павел Аблажэй, Сяргей Казак, Галіна Нічыпар, Алена Ярмаловіч.

Таксама страхавым работнікам былі ўручаны заслужаныя ўзнагароды ад прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Дзятлаўскім раёне і прафсаюза.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga