Акцыя “Нашы дзеці”. У новым годзе каб былі здаровымі

Важнае Грамадства

Рэспубліканская акцыя “Нашы дзеці”, якая крочыць па Дзятлаўшчыне, прыносіць моманты радасці яе маленькім жыхарам. Гэтым разам свята сустракалі пацыенты дзіцячага аддзялення Дзятлаўскай райбальніцы.

Да іх у госці з Дзедам Марозам і Снягурачкай з раённага цэнтра культуры і народнай творчасці завіталі старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак, першы сакратар Дзятлаўскага раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык і старшыня прафсаюзнага камітэта райбальніцы Наталля Логіш.

Яны прывезлі з сабой у аддзяленне сапраўдны “салодкі стол” – пірожныя, сок і цукеркі. Дарослыя ўзгадалі, як самі былі маленькімі, размаўлялі з дзецьмі пра Новы год, вадзілі карагоды і гулялі ў гульні. Усю раніцу дзеці хваляваліся, паўтаралі навагоднія вершы, якія прадэманстравалі Дзеду Марозу ў час сустрэчы.

Наталля Логіш перадала загадчыцы аддзялення Наталлі Радомскай цацкі для гульнявога пакоя бальніцы, якімі змогуць скарыстацца ўсе маленькія пацыенты. Салодкія падарункі ад прафсаюзнага камітэта райбальніцы дзецям уручыў Дзядуля Мароз.

Госці пажадалі ўсім здзяйснення мараў і задумак, найхутчэй перамагчы хваробу і больш у бальніцу не трапляць.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: