Акцыя “Нашы дзеці”. Старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі павіншаваў юных дзятлаўчан

Галоўнае Улада

Новы год на парозе, і дабрачынная акцыя “Нашы дзеці” на Дзятлаўшчыне ўвайшла ў актыўную фазу: госці з падарункамі і цёплымі віншаваннямі не пакідаюць без увагі юных жыхароў раёна.

29 снежня старшыня раённага выканаўчага камітэта Андрэй Садоўскі і начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Наталля Белаус накіраваліся адразу па некалькіх адрасах – у Дзятлаўскі раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, прытулак сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава і дзіцячы дом сямейнага тыпу Марыны і Аляксандра Шэлегаў.

Для ўсіх дзяцей і дарослых у кіраўніка раёна знайшліся асаблівыя словы віншаванняў і падтрымкі.

– Тут працуюць людзі з вялікімі сэрцамі, – звярнуўся ён да спецыялістаў карэкцыйна-рэабілітацыйнага цэнтра. – Вы ўмееце знайсці падыход да кожнага асаблівага дзіцяці, дапамагаеце ім развівацца, набываць неабходныя навыкі. Упэўнены, што сёлетні падарунак значна палегчыць вашу работу. Шчасця вам, міру і дабра.

Дырэктар установы Марына Гуговіч і спецыялісты таксама зычылі гасцям поспехаў у прафесійнай дзейнасці, ладу ў сем’ях, спаўнення жаданняў, а каб яны хутчэй збыліся, падарылі ім чароўныя званочкі ў выглядзе Анёлаў-ахоўнікаў.

Андрэй Уладзіміравіч уручыў педагогам новы ноўтбук, набыты для цэнтра за бюджэтныя сродкі, а выхаванцам – салодкія падарункі ад райвыканкама.

З радасцю сустракалі Андрэя Садоўскага і Наталлю Белаус юныя насельнікі сацыяльнага прытулка. У якасці падарунка для кожнага з іх загадзя была набыта новая спартыўная форма, менавіта такая, якую выбралі самі дзеці, акрамя таго, з бюджэту выдзелены грошы на камп’ютар для сацыяльна-педагагічнага цэнтра, дакументы на які дырэктару ўстановы Але Жэгалік уручыў кіраўнік раёна.

Андрэй Уладзіміравіч, перадаючы падарункі, пацікавіўся ў Дзяніса, Паўла і Дзмітрыя, ці паспяхова яны скончылі чвэрць у школе, чаму новаму навучыліся за час знаходжання ў прытулку. Аказалася, што хлопчыкі не толькі вучылі ўрокі, але і дапамагалі спецыялістам упрыгожваць установу да святаў, спрабавалі майстраваць сувеніры ў нацыянальным стылі. Два з іх дырэктар цэнтра Ала Жэгалік падарыла гасцям на памяць аб цёплай сустрэчы.

У дзіцячым доме сямейнага тыпу Марыны і Аляксандра Шэлегаў да кіраўніка раёна і начальніка аддзела адукацыі райвыканкама далучылася галоўны спецыяліст аддзела Алена Чайкоўская. Разам яны павіншавалі дзяцей і дарослых са святамі.

Андрэй Садоўскі перадаў вялікай сям’і, дзе знайшлі бацькоўскія цяпло і клопат 10 дзяцей, кошык свежай вітаміннай садавіны. Аднак асабліва парадаваў гаспадыню яшчэ адзін падарунак райвыканкама – сушыльная машына. Марына Генадзьеўна зазначыла, што пры такой колькасці дамачадцаў гэта проста незаменная памочніца ў быце.

Андрэй Уладзіміравіч шчыра падзякаваў бацькам-выхавальнікам за іх неацэнную працу, паабяцаў, што раённая ўлада і надалей будзе аказваць сям’і ўсебаковую падтрымку, пажадаў, каб пад дахам іх гасціннага дома заўсёды панавалі шчасце, радасць і надзея.

Па добрай традыцыі Аляксандр Шэлег падрыхтаваў кожнаму з гасцей насценныя календары на наступны год са словамі Святога Пісання, а дзеці праспявалі песню пра Нараджэнне Хрыстова.

На развітанне госці і сям’я арганізавалі невялікую фотасесію каля ўпрыгожанай ёлкі.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: