3 снежня – Дзень інвалідаў. Усё пачалося з “Выпадковага знаёмства”

Важнае Грамадства

Яркія, энергічныя, запамінальныя – усё гэта можна сказаць пра ўдзельнікаў танцавальнага калектыву “Выпадковае знаёмства”, створанага пры аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў “Праменьчык”.

Аддзяленне адкрылася ў Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна ў 2009 годзе, а ўсур’ёз займацца танцамі яго наведвальнікі пачалі, калі рыхтаваліся да ўдзелу ў Міжнародным фестывалі творчасці інвалідаў “Віцебск-2012”, які традыцыйна праходзіць у рамках “Славянскага базару”. Для падрыхтоўкі творчага нумара тагачасная загадчыца (цяпер дырэктар цэнтра) Таццяна Нікіпорчык звярнулася па дапамогу да таленавітай зямлячкі Марыны Шаўчук, якая на валанцёрскай аснове дапамагла распрацаваць танец “Выпадковае знаёмства”. Менавіта ён быў адзначаны дыпломам першай ступені, а калектыў дзятлаўчан у складзе Аляксандра Калодкі, Кацярыны Васільевай, Таццяны Уласевіч стаў лаўрэатам фестывалю, тады за ім і замацавалася назва танца. Творчыя сувязі з Марынай Анатольеўнай спецыялісты і наведвальнікі “Праменьчыка” падтрымліваюць да гэтага часу, плёнам іх працы ўжо стала не адно выступленне. Цяпер пры аддзяленні створаны і працуе харэаграфічны гурток “Музычная гасцёўня”, рэпертуар і склад калектыву значна пашырыўся, да ранейшых танцораў далучыліся Ульяна Лукашэня, Таццяна Рэгіневіч, Святлана Аўцюховіч, Таццяна Валчкевіч. Прыдумваць і развучваць новыя нумары асаблівым артыстам дапамагалі і іншыя валанцёры. Запамінальнае выступленне “Журавы на Палессе ляцяць” да 10-годдзя “Праменьчыка” зладзіла музычны кіраўнік дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 2 горада Дзятлава Вольга Палухіна. Свой уклад у творчую скарбонку “Выпадковага знаёмства” зрабіла валанцёр Кацярына Бальшая. На 10-ы юбілейны абласны фестываль творчасці інвалідаў “Калі мы разам – мы мацнейшыя” дзятлаўчане паехалі з яркім, адметным танцавальным нумарам “Спатканне”, які быў падрыхтаваны да 100-годдзя сацыяльнай службы з дапамогай валанцёра Наталлі Бузук. Гэты ж танец прынёс “Праменьчыку” другую важкую ўзнагароду – дыплом першай ступені Міжнароднага фестывалю творчасці інвалідаў “Віцебск-2019”.

На дасягнутым у аддзяленні спыняцца не збіраюцца, і ўжо актыўна рыхтуюцца да чарговага фестывалю “Калі мы разам – мы мацнейшыя”, які пройдзе на Зэльвеншчыне. Марына Шаўчук прыдумала для асаблівых артыстаў “Танец з ручнікамі” ў народным стылі пад беларускую мелодыю. Пад кіраўніцтвам валанцёра праходзяць рэпетыцыі, адточваць асобныя рухі танцорам дапамагаюць спецыялісты аддзялення Алена Калюцік і Валянціна Саламевіч. Яны расказалі, што ў рэпертуары “Выпадковага знаёмства” амаль кожны год з’яўляецца новы нумар, сярод ранейшых найбольш запамінальныя танцы – “Дом родны” з паказам ільняной калекцыі адзення; дынамічнае “Камарова” на тэму летняга адпачынку каля мора; каларытнае “Беларускае дэфіле” з сельскімі матывамі.

На пытанне, чаго спецыялісты яшчэ жадаюць харэаграфічнаму калектыву, яны, не задумваючыся, адказалі, што пастаяннага кіраўніка.

– Мы вельмі ўдзячны валанцёрам за супрацоўніцтва, бо яны нашы “палачкі-выручалачкі”, заўсёды стараюцца знайсці час для візітаў у аддзяленне, вельмі любяць наведвальнікаў, умеюць знайсці да іх падыход, аднак пастаянны работнік змог бы больш часу патраціць на заняткі, якія падабаюцца нашым выхаванцам, прывабіў бы ў калектыў новых удзельнікаў, а ўсё гэта дазволіла б асаблівым зорачкам “Праменьчыка” яшчэ не раз бліснуць перад публікай і папоўніць скарбонку ўзнагародаў, – зазначыла загадчыца аддзялення Алена Калюцік.

Пра будні аддзялення і творчасць паразважалі і самі артысты “Выпадковага знаёмства”.

Святлана Аўцюховіч:

– Люблю танцаваць, бо гэта весела і цікава, дае магчымасць падарыць радасць гледачам. Дзякуючы танцам, збылася мая мара: я пабывала на “Славянскім базары”, а калі мы занялі пераможнае першае месца, эмоцыі перапаўнялі так, што не расказаць. Наш “Праменьчык” падтрымлівае сувязь з іншымі аддзяленнямі, ездзіць у госці з выступленнямі, але і “дома” нам ёсць чым заняцца: можна вышываць, майстраваць вырабы, удзельнічаць у мерапрыемствах. Сябрам па аддзяленні жадаю творчасці, пазітыву, добрага настрою.

Таццяна Рэгіневіч:

– Танцы – мая стыхія, яшчэ люблю рукадзельнічаць у гуртках у Валянціны Саламевіч, Валянціны Баландзінай, Марыны Шэлег. Дзякуючы калектыву “Выпадковае знаёмства” я пабывала на “Славянскім базары”, на міжнародным этнафестывалі “Музыка нашых сэрцаў”, што праходзіць на аграсядзібе ў вёсцы Карэвічы Свіслацкага раёна, у іншых цікавых мясцінах. Мы з сябрамі ўжывую пабачылі многіх зорак эстрады. Хачу пажадаць наведвальнікам аддзялення і надалей актыўна ўдзельнічаць у творчай самадзейнасці, назапашваць станоўчыя ўражанні, здароўя ім, шчасця, радасці, любові і часцей сустракацца.

Аляксандр Калодка:

– Люблю прыязджаць у аддзяленне, бо падабаецца рукадзельнічаць і танцаваць, гуляць у дартс і гарадкі. У мяне тут шмат сяброў, ім і сваім блізкім люблю дарыць падарункі, зробленыя ўласнымі рукамі. Матуля мною ганарыцца, бо пра многія выступленні “Выпадковага знаёмства” пісалі абласныя выданні і газета “Перамога”, ёсць гэта інфармацыя ў інтэрнэце, наш калектыў даволі вядомы. Заўсёды з задавальненнем паднімаюся на сцэну, пастаянна важу з сабою мікрафон, каб весяліць сяброў творчымі экспромтамі пад песні любімых выканаўцаў – Веркі Сярдзючкі, Філіпа Кіркорава, Машы Распуцінай, Надзеі Кадышавай. Падабаецца падарожнічаць: з наведвальнікамі аддзялення мы пабывалі ў розных гарадах Беларусі. Шчасця, здароўя, удачы я жадаю ўсім сваім сябрам і самым прыгожым жанчынам “Праменьчыка” – Алене Калюцік і Валянціне Саламевіч.

Ірына СТЫРНІК   

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga