“Жалезным кармільцам” час адпачываць

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

На Дзятлаўшчыне актыўным ходам ідзе пастаноўка сельскагаспадарчай тэхнікі на зімовае захоўванне.

Галоўнае, каб гэта сезонная працэдура выконвалася ў адпаведнасці з усімі нормамі і патрабаваннямі. Правільнае захоўванне тэхнікі забяспечвае яе больш доўгую і эфектыўную эксплуатацыю, дазваляе павялічыць тэрмін службы, пазбегнуць паломак у перыяд правядзення палявых работ. Як праходзіць падрыхтоўка тэхнікі да зімовага перыяду ў ААТ “Граніт-Агра”, расказаў галоўны інжынер гаспадаркі Андрэй Падліпскі:

– На сёння асноўная маса тэхнікі, якая не задзейнічана ў бягучых сельскагаспадарчых работах – уздым зябліва, унясенне цвёрдых і вадкіх арганічных угнаенняў, корманарыхтоўка – ужо пастаўлена на зімовае захоўванне. А гэта каля 90 % ад яе агульнай колькасці ў 200 адзінак. Сярод іх пасяўная і глебаапрацоўчая тэхніка: дзве зерневыя сеялкі, пяць – для цукровых буракоў і кукурузы; сем пасяўных агрэгатаў; дзевяць культыватараў. З пятнаццаці збожжаўборачных камбайнаў трынаццаць ужо “зімуюць”, два – удзельнічаюць у работах. Кормаўборачная тэхніка таксама часткова пастаўлена на зімоўку і “чакае” наступнага сельскагаспадарчага сезона.

У сваю чаргу, на зімовае захоўванне засталося паставіць плугі, машыны для ўнясення ўгнаенняў, корманарыхтоўчую тэхніку.

Некаторыя адзінкі ўпершыню будуць зімаваць у гаспадарцы, напрыклад, зернеўборачны камбайн КЗС-1218, апырсквальнік ОП- 2500, пасяўны агрэгат АПП-6.

У ААТ “Граніт-Агра” дзейнічаюць тры машынныя двары. На кожным з іх захоўваецца тэхніка, за якасцю якой сочаць адказныя асобы. Так, на машынных дварах “Таркачы” і “Белагурна” за “кармільцамі” глядзяць загадчыкі майстэрнямі Сяргей Сянатар і Аляксандр Зайко, у “Круцілавічах” – інжынер-механік Дзмітрый Мазур. Варта адзначыць, што неад’емныя “памочнікі” механізатараў ставяцца на захоўванне на працягу трыццаці дзён пасля завяршэння палявых работ, складаецца адпаведная дакументацыя: акты, журналы, ведамасці. Уся самаходная тэхніка захоўваецца закрытым спосабам у спецыяльных ангарах і аглядаецца кожныя 10 дзён, і толькі некаторая прычапная – стаіць на бетонных пляцоўках пад адкрытым небам. Перад пастаноўкай на зімовае захоўванне тэхніку трэба памыць, пачысціць, пафарбаваць, правесці кансервацыю. Акрамя гэтага, з 1 лістапада пачаўся рамонтны перыяд па падрыхтоўцы тэхнікі да веснавой пасяўной кампаніі. Разам з тым, пры сезоннай працы ўзнікаюць і праблемы: нездавальняючы тэхнічны стан ангараў, недахоп свабодных месцаў і іншыя. Аднак усе яны аператыўна вырашаюцца. Поўнасцю завяршыць пастаноўку тэхнікі на зімовае захоўванне плануем да пачатку снежня.

Вадзім ФІЛІПОЎСКІ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: