Землякі. Багаты лістапад на юбілеі

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Сёлета гэта сапраўды так.

У лістападзе адзначаюцца юбілеі трох нашых знакамітых землякоў: Аляксандра Аляксандравіча Губко (85-годдзе), Марыі Іосіфаўны Канюшкевіч (80-годдзе) і Эдуарда Іосіфавіча Груды (85-годдзе). З нагоды юбілеяў хочацца пазнаёміць вас з людзьмі, якія праславілі не толькі Дзятлаўшчыну, але і Беларусь у розных сферах навуковай дзейнасці.

Аляксандр Аляксандравіч Губко – траўматолаг, доктар медыцынскіх навук, прафесар (кафедра траўматалогіі і артапедыі з ваенна-палявой хірургіяй).

Нарадзіўся 5 лістапада 1936 года ў вёсцы Хадзяўляны Дзятлаўскага раёна ў сям’і селяніна. У 1953 годзе скончыў Дзятлаўскую сярэднюю школу, адразу паступіў у Мінскі медыцынскі інстытут. Пасля вучобы быў размеркаваны на працу ва Усялюбскую ўчастковую бальніцу Навагрудскага раёна, дзе працаваў галоўным доктарам. Затым два гады займаў пасаду хірурга міжраённай Навагрудскай бальніцы. Маладога таленавітага доктара заўважылі, запрасілі на працу ў Беларускі НДІ траўматалогіі і артапедыі ў якасці клінічнага ардынатара. Пазней некаторы час працаваў артапедам медыцынскага аддзела Мінскага пратэзнага завода.

Адначасова вучыўся ў аспірантуры, у 1966 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме “Лячэнне адкрытых пераломаў доўгіх трубчастых костак”, быў запрошаны на пасаду асістэнта кафедры траўматалогіі і артапедыі Мінскага медыцынскага інстытута. У 1982 годзе атрымаў вучонае званне дацэнта. У 1983 годзе абараніў доктарскую дысертацыю па тэме “Інфікаваныя пераломы і незрашчэнні доўгіх трубчастых костак”, праз год зацверджаны ў вучоным званні прафесара. На працягу шасці гадоў, з 1987 па 1993, узначальваў кафедру траўматалогіі, артапедыі і ваенна-палявой хірургіі з курсам анестэзіялогіі і рэаніматалогіі Мінскага медыцынскага інстытута.

Аляксандр Аляксандравіч быў вучнем знакамітага ў савецкі час прафесара А. Крука. Пад яго кіраўніцтвам працаваў над праблемай лячэння ўскладненых пераломаў канечнасцяў.

Найбольшы ўнёсак зрабіў у вырашэнне праблем лячэння ўскладненых пераломаў костак канечнасцяў. Распрацаваў і ўкараніў у клінічную практыку метад касцяной аўтапластыкі пры інфікаваных незрашчэннях доўгіх трубчастых костак; прапанаваў шэраг спосабаў і прыёмаў лячэння ўскладненых пераломаў костак канечнасцяў.

Апублікаваў больш за 120 навуковых прац, рэдагаваў часопіс “Урачэбная дапамога пры траўме”. Аўтар 6 вынаходстваў і 21 рацыяналізатарскай прапановы. Кіраваў выкананнем 3 кандыдацкіх дысертацый.

Некалькі гадоў узначальваў Рэспубліканскае навуковае таварыства траўматолагаў і артапедаў Беларусі.

Памёр у Мінску ў 1993 годзе.

Аляксандра Аляксандравіча старажылы Хадзяўлян успамінаюць як шчырага і вясёлага чалавека, які любіў прыязджаць у родную вёску разам са сваёй жонкай, вядомай спявачкай Тамарай Раеўскай. Тут яны блукалі па наваколлях, любаваліся прыродай, любілі хадзіць па ягады і па грыбы. Прафесар ніколі не адмаўляў землякам ва ўрачэбнай дапамозе.

Марыя Іосіфаўна Канюшкевіч – беларускі мовазнавец, доктар філалагічных навук, прафесар. Выдатнік адукацыі БССР.

Нарадзілася яна 7 лістапада 1941 года ў вёсцы Погіры Дзятлаўскага раёна ў сялянскай сям’і. Скончыла Дзятлаўскую сярэднюю школу № 1. Затым – факультэт педагогікі і методыкі пачатковага навучання Гродзенскага педагагічнага інстытута і аддзяленне рускай мовы і літаратуры філфака таго ж інстытута. Выкладала рускую і беларускую мову і літаратуру, нямецкую мову ў Новаяльнянскай школе рабочай моладзі Дзятлаўскага раёна. Была адказным сакратаром камісіі па справах непаўналетніх пры Лідскім гарвыканкаме, настаўніцай рускай мовы і літаратуры ў васьмігодцы № 5 горада Ліды.

У 1975 годзе разам з мужам пераехала ў Гродна, выкладала на кафедры рускай мовы Гродзенскага педінстытута. У тым жа годзе скончыла завочна аспірантуру на кафедры рускай мовы БДУ. У 1980 годзе прызначана загадчыкам кафедры рускай мовы, адначасова – дэканам філфака Гродзенскага ўніверсітэта імя Я. Купалы. Вывучае граматычныя катэгорыі рускай і беларускай моваў у іх супастаўляльных адносінах. Друкуецца ў навуковых выданнях з 1976 года. Выдала на рускай мове кнігі: “Сінтаксіс блізкароднасных моваў: тоеснасць, падобнасць, адрозненні”, “Я рускай вучуся …”, “Сінтаксіс рускай і беларускай моваў: падобнасць і адрозненне”, “Руская мова. Сінтаксіс”.

За гады сваёй даследчыцкай дзейнасці вучоны-мовазнавец Марыя Канюшкевіч апублікавала звыш 100 навуковых работ.

Зараз Марыя Іосіфаўна на заслужаным адпачынку, але не прыпыняе навуковую працу, даследуе, друкуецца. Зрэдчас прыязджае на малую радзіму, заходзіць у музей. Некалькі гадоў таму мне пашчасціла пабываць у гасцях у Марыі Іосіфаўны, пагутарыць з ёй і Міхаілам Сяргеевічам, вядомым у Гродзенскай вобласці доктарам, прывезці ў фонды музея каштоўныя экспанаты з архіва вучонага. Марыя Канюшкевіч – прыклад таго, як паступова, крок за крокам, чалавек можа ісці да мэты і дасягаць яе. Няхай шлях гэты будзе для яе плённым заўсёды.

Эдуард Іосіфавіч Груда – беларускі матэматык, доктар фізіка-матэматычных навук, член-карэспандэнт НАН Беларусі, прафесар.

Нарадзіўся 28 лістапада 1936 года ў вёсцы Данілавічы ў сялянскай сям’і. У 1954 годзе скончыў Новаяльнянскую сярэднюю школу і паступіў на аддзяленне матэматыкі фізіка-матэматычнага факультэтата Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў на навуковай рабоце ў лабараторыі дыферэнцыяльных ураўненняў Інстытута матэматыкі і вылічальнай тэхнікі АН БССР. Прайшоў творчы шлях ад малодшага да галоўнага навуковага супрацоўніка інстытута.

У 1964 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю. У 1966 годзе яму прысвоена вучонае званне старшага навуковага супрацоўніка. У 1973 годзе Эдуард Груда абараніў доктарскую дысертацыю.

Спецыяліст у галіне шэрагу тэорый: дыферэнцыяльных і інтэгральных ураўненняў, устойлівасці, сістэм Пфаффа, ураўненняў з адхіляючым аргументам, перыядычных рашэнняў дыферэнцыяльных сістэм, матрычных ураўненняў. Эдуард Груда апублікаваў больш за 120 навуковых работ, падрыхтаваў 7 кандыдатаў фізіка-матэматычных навук. У 1991 годзе яму прысвоена вучонае званне прафесара.

Эдуард Іосіфавіч – першы сярод вучоных Дзятлаўшчыны абараніў доктарскую дысертацыю, таму яго з гонарам можна называць піянерам навуковых даследаванняў сярод нашых знакамітых землякоў.

Памёр ён 14 кастрычніка 1997 года.

Дзятлаўшчыне і дзятлаўчанам ёсць кім ганарыцца і з каго браць прыклад. А наш музей мэтанакіравана захоўвае памяць пра знакамітых землякоў. Зараз у нас працуе выстава “Мы ганарымся нашымі землякамі”, якая расказвае пра людзей, якімі сапраўды можна ганарыцца.

Алена АБРАМЧЫК,
старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: