Як аформіць спадчыну іншаземцу?

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Пытанне: як аформіць спадчыну пасля памерлага ў Рэспубліцы Беларусь сваяка, калі я пастаянна жыву за мяжой і не магу прыехаць у бліжэйшы час?

Адказ: адным са спосабаў прыняцця спадчыны з’яўляецца падача натарыусу па месцы адкрыцця спадчыны заявы аб яе прыняцці ці заявы аб выдачы пасведчанння аб праве на спадчыну.

Заява аб прыняцці спадчыны адрасуецца натарыяльнай канторы (натарыяльнаму бюро) па месцы адкрыцця спадчыны. У ёй пазначаюцца прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку заяўніка, яго адрас, дата адкрыцця спадчыны, прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку спадчынадаўцы, месца адкрыцця спадчыны (вызначаецца паводле артыкула 1036 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь) і паведамляецца, што гэтай заявай спадчыннік прымае спадчыну.

У заяве аб выдачы пасведчання аб праве на спадчыну, акрамя звестак, пазначаных у частцы першай гэтага пункта, таксама пазначаецца склад спадчыны (спадчыннай маёмасці) і іншыя спадчыннікі памерлага, адрас іх месца жыхарства (месца знаходжання), а калі ён невядомы – месца работы. Пры гэтым пад роспіс на заяве спадчынніку тлумачаць прававыя наступствы выяўлення іншых спадчыннікаў пасля прыняцця спадчыны. Сапраўднасць подпісу на заяве аб выдачы пасведчання аб праве на спадчыну павінна быць натарыяльна засведчана. Такую заяву не абавязкова падаваць асабіста: яе можна накіраваць поштай ці перадаць праз прадстаўніка. Таксама прадстаўнік можа ажыццявіць усе неабходныя дзеянні ў рамках спадчыннай справы (атрымаць неабходныя для выдачы пасведчання аб праве на спадчыну дакументы, прадставіць іх натарыусу або ініцыяваць накіраванне натарыусам запытаў, атрымаць пасведчанне аб праве на спадчыну).

Паўнамоцтвы прадстаўніка на падачу натарыусу заявы і іншыя дзеянні ў рамках спадчыннай справы павінны пацвярджацца натарыяльна засведчанай даверанасцю. Засведчыць такую даверанасць можна ў натарыуса па месцы вашага жыхарства, а таксама ў консульскай установе Рэспублікі Беларусь ці Расійскай Федэрацыі. Даверанасць, засведчаная натарыусам па месцы вашага жыхарства, для таго, каб быць сапраўднай на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, можа патрабаваць пастаўлення апастылю ці консульскай легалізацыі. Вам трэба ўдакладніць, ці ёсць такія патрабаванні, у натарыуса пры засведчанні даверанасці. Натарыяльна засведчаныя дакументы, поўнасцю складзеныя ці з асобнымі элементамі на рускай ці беларускай мове, таксама неабходна перакласці і засведчыць у натарыуса пераклад ці сапраўднасць подпісу перакладчыка. Пераклад лепш рабіць ужо ў Беларусі, бо беларускі натарыус можа засведчыць сапраўднасць подпісу толькі вядомага яму перакладчыка, а калі пераклад сведчыць іншаземны натарыус ці прысяжны перакладчык, то пячатку і засведчвальны надпіс у сваю чаргу патрабуецца перакладаць.

Любоў АЎСІЕВІЧ,
натарыус Гродзенскай натарыяльнай акругі

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga