Усё жыццё за рулём

Галоўнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Значны ўклад у развіццё сельскай гаспадаркі раёна зрабілі не толькі аграрыі, жывёлаводы і механізатары, але і вопытныя вадзіцелі, актыўныя і на жніве, і ў штодзённых важных справах.

Да кагорты сапраўдных патрыётаў сваёй справы належыць Канстанцін Каратыш, які ў лістападзе адзначыў свой юбілей.

Біяграфія Канстанціна Казіміравіча сугучна з лёсамі ўсіх “дзяцей вайны”. Нарадзіўся ён у Кажухоўцах на Дзятлаўшчыне. Хлопчыку не было і пяці гадоў, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна. Яго бацька не пайшоў на фронт, бо меў траўму з дзяцінства, але загінуў у 1943 годзе ад рук фашыстаў.

– Бацьку было 32 гады, калі ў яго правае плячо ўвайшла варожая пуля, а выйшла праз левае. Загаравалі мы: маці, я і дзве мае сястры, малодшай было толькі два гады.

Адзінаму хлопчыку ў сялянскай сям’і прыйшлося хутка станавіцца дарослым. Ён скончыў пяць класаў школы, затым вучыўся ў вячэрняй, а ў 17-гадовым узросце паступіў у Навагрудскае вучылішча, па заканчэнні якога ўладкаваўся на працу.

– Не хацелі браць у калгас, бо надта малады. Але дваюрадны брат за мяне паручыўся, што буду працаваць. І я не падвёў, – кажа суразмоўца.

Як узяў Канстанцін Казіміравіч у рукі руль без малога 70 гадоў таму, так і не выпускае дагэтуль. Да службы ў арміі працаваў механізатарам, а як адслужыў у Грузіі, атрымаўшы правы шафёра, – з той пары аж да 2007 года працаваў вадзіцелем. Кіраваў рознай тэхнікай, любіў і бярог свой бартавы ГАЗ-53. Па справах гаспадаркі калясіў на ім па ўсёй Беларусі.

– Канстанцін Каратыш не проста добры прафесіянал, ён надзвычай акуратны, інтэлігентны чалавек, – расказвае пра былога калегу старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак. – Хоць яго машыне было ўжо больш за трыццаць гадоў, але яна заўжды была дагледжанай, чыстай, на такой прыемна было ездзіць. Яе наадрэз адмаўляўся мяняць на навейшую тэхніку, хоць і прапаноўвалі не раз. А ўжо як спісалі машыну, і сам вадзіцель заспяшаўся на заслужаны адпачынак.

У доме Каратышоў, куды завітаў з віншаваннямі і кветкамі Уладзімір Казак, юбіляр сустрэў гасцей разам з жонкай. З ёй зусім маладымі яны стварылі сям’ю, і Людміла Васільеўна стала гаспадыняй у вясковым доме. Разам яны жывуць душа ў душу, падтрымліваючы адзін аднаго, выгадавалі дзвюх дачок, дачакаліся ўнукаў і праўнукаў. Летась сустрэлі яшчэ адну прыгожую дату – 65-годдзе сямейнага жыцця.

Канстанцін Каратыш, нягледзячы на свой паважаны ўзрост, і сёння вядзе актыўны лад жыцця, займаецца прысядзібнай гаспадаркай, дапамагае суседзям, якія яшчэ жывуць у Кажухоўцах. Час ад часу ён нават садзіцца за руль уласнага легкавіка, праўда, цяпер ездзіць толькі па мясцовых дарогах.

Наталля АВЯРЧУК



Теги: