У райвыканкаме. У прыярытэце здароўе, бяспека, чысціня

Важнае Улада

Тэмы аховы правапарадку, супрацьпажарнай бяспекі, сельскагаспадарчых работ, вакцынацыі, добраўпарадкавання і іншыя былі разгледжаны на штотыднёвай рабочай нарадзе старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага з кіраўнікамі службаў раёна.

Убраць, каб не страціць

“Не збаўляць тэмпаў сезонных палявых работ” – такую задачу перад работнікамі аграпрамысловага комплексу паставіў кіраўнік раёна. Увагу прысутных Андрэй Садоўскі звярнуў на тое, што на палетках чатырох гаспадарак, якія сёлета займаліся вырошчваннем гэтай культуры, несабранымі застаюцца каля 300 гектараў цукровых буракоў. Іх уборку ажыццяўляюць два камбайны. Вывезці з палёў салодкія караняплоды неабходна да 15 лістапада, адпаведна за працоўную змену трэба ўбіраць не менш за 20 гектараў.

Актывізавацца неабходна і на ўборцы кукурузы, бо стаіць задача справіцца з гэтым відам работ да 7 лістапада. Поўнасцю выкапана ў раёне бульба. Сельскагаспадарчыя ўнітарныя прадпрыемствы “Жукоўшчына” і “Дварэц-Агра” пакуль адстаюць па тэмпах вывазу з палёў саломы ў рулонах. На кантролі ў раёне застаюцца пытанні аплаты прадпрыемствамі аграпрамысловага комплексу за спажыванне энерганосьбітаў.

Славуты “чалавечы фактар”

Як і раней, не пакінулі па-за ўвагай на штотыднёвай рабочай нарадзе пытанні аховы правапарадку і грамадскай бяспекі. Было адзначана, што за выхадныя дні ў раёне ўзбуджана некалькі крымінальных спраў, усе па фактах крадзяжоў: злодзеі паквапіліся на прадукты, мёд з вулляў, мабільны тэлефон.

Пагутарылі і пра надзвычайнае здарэнне, якое адбылося ў КСУП “Дварэц-Агра”. Устаноўлена, што прычынай узгарання на тэрыторыі малочнатаварнай фермы ў Васявічах стала незахаванне мераў бяспекі, а канкрэтней – непатушаны акурак. На жаль, як сведчыць аналіз вогненных здарэнняў, у большасці выпадкаў “слабым звяном” з’яўляецца не тэхніка, а менавіта нядбайныя людзі.

Прышчэпка сапраўды абараняе

Пра гэта працоўным калектывам Дзятлаўшчыны не стамляюцца нагадваць медыкі. У раёне прадаўжаецца кампанія па вакцынацыі насельніцтва супраць каранавіруснай інфекцыі, паралельна людзей прышчапляюць ад грыпу. На мінулым тыдні спецыялісты з тлумачэннямі выступалі перад работнікамі ТАА “Белтэрміз”, санаторыя “Альфа Радон”, падобныя размовы будуць прадоўжаны.

Не спыняцца на дасягнутым медыкаў і эпідэміёлагаў заклікаў Андрэй Садоўскі. Ён зазначыў, што літаральна два месяцы засталося да навагодніх святаў, за гэты час належыць павялічыць колькасць вакцынаваных жыхароў раёна, бо людзі пачнуць актыўней хадзіць і ездзіць у госці, што напрамую паўплывае на рызыку заражэнняў.

Зямля любіць чысціню

У раёне прадаўжаецца месячнік па навядзенні парадку на зямлі, старшыня райвыканкама заклікаў лідараў і ўдзельнікаў грамадскіх аб’яднанняў больш актыўна далучацца да добраўпарадкавання на аб’ектах, пакуль гэта дазваляе надвор’е. Плануецца, што ў бліжэйшы час зноў будзе ажыццяўляцца высадка дрэваў і кустоў. Таксама кіраўнік раёна даў даручэнне больш увагі скіраваць на прывядзенне ў належны выгляд могілак, асабліва гэта тычыцца аграгарадка Гезгалы.

Пакідае жадаць лепшага і культура земляробства ў некаторых гаспадарках раёна. Так, на палях каля вёсак Скіпоравічы і Лявонавічы зазімаваць можа сухая няскошаная расліннасць. Калі яе не зааруць своечасова, захаваецца вялікая рызыка пажараў, а гэта ўжо падстава для пакарання адказных асобаў за адміністрацыйнае правапарушэнне.

Ірына СТЫРНІК     

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: