У адной звязцы з волатам (+відэа)

Галоўнае Грамадства

Сёння  лясная гаспадарка Дзятлаўшчыны славіцца не толькі высакакласнымі вальшчыкамі лесу, але і сучаснымі машынамі, здольнымі выконваць усе лесанарыхтоўчыя аперацыі ў комплексе.

Складанай электронна-механічнай тэхнікай кіруюць асы, якія любяць і ведаюць сваю справу на ўсе сто. Адзін з іх, машыніст тралёвачнай машыны Дзятлаўскага лясгаса Сяргей Герус,  прадстаўляў Беларусь на міжнародных спаборніцтвах “Лесаруб ХХІ стагоддзя”.

Машыніст волата-харвестара больш за 10 гадоў працуе на лесанарыхтоўчай вялікагрузнай тэхніцы. Калі ён прыйшоў у Дзятлаўскі лясгас, звенні харвестар-фарвардар толькі пачыналі замацоўвацца ў лясах раёна, паступова выцясняючы ручную працу. Толькі адна такая машына нарыхтоўвае за месяц больш за 4000 кубаметраў лесу.

Пачынаючы шлях у лясной гаспадарцы раёна, Сяргей Герус меў вадзіцельскія правы, вопыт работы на розных відах тэхнікі і жаданне вучыцца новаму. Прайшоў двухтыднёвыя курсы ў Санкт-Пецярбургу і за дзесяцігоддзе стаў выдатным прафесіяналам, які выконвае складаныя аперацыі на вялікай машыне з філіграннай дакладнасцю.

Сёлета ён увайшоў у састаў зборнай Беларусі на ІV чэмпіянаце Расіі па валцы лесу, дзе былі прадстаўлены ўсе рэгіёны нашай краіны-суседкі, конкурсныя этапы праходзілі лепшыя з лепшых. Выпрабаванні былі, на першы погляд, традыцыйныя, як і ў нашым “Лесарубе”: замена ланцуга, раскрыжоўка, дакладная валка лесу. Толькі выконваць усё гэта патрабавалася, не трымаючы бензапілу ў руках, а  з кабіны магутнага харвестара. Спаборніцтвы сталі не толькі праверкай на трываласць і прафесіяналізм, але і выдатнай пляцоўкай для абмену вопытам з расійскімі калегамі. Наша каманда спынілася за два крокі ад дзясяткі мацнейшых (сярод больш чым паўсотні канкурсантаў), а Сяргей Герус стаў другім на этапе па дакладнай валцы лесу сярод вадзіцеляў “Komatsu-911”.

Гэты чырвоны прыгажун-харвестар з’явіўся ў лясгасе паўтара года таму, паказаў сябе як больш магутны, шматфункцыянальны і не менш камфортны за папярэдніка. Кандыцыянер дазваляе машыністу ўтульна адчуваць сябе ўнутры кабіны і ў зімовыя халады, і ў летнюю спёку, а зручнае вадзіцельскае крэсла – менш стамляцца. Той выпадак, калі праца – на радасць. Аднак зручнае працоўнае месца – далёка не ўсё, што прываблівае Сяргея Васільевіча ў працы. Радуе калектыў, уражвае тое, якія аб’ёмы работ можна выконваць з дапамогай сучаснай машыны, ды і ў лесе працаваць – асалода для душы.

Вольны час мужчына найчасцей праводзіць з сям’ёй. У супрацьлегласць працоўным будням любіць актыўныя заняткі: разам з любімай жонкай Вольгай і дзецьмі гуляе ў футбол, ходзіць у паходы, займаецца будаўніцтвам і добраўпарадкаваннем свайго дома ў Дзятлаве.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga