Прафілактыка з комплексным падыходам

Важнае Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

У народзе кажуць: “Бяду лягчэй папярэдзіць, чым ухіляць яе наступствы”, таму на Дзятлаўшчыне шмат увагі надаецца прафілактычным мерапрыемствам.

Сярод найбольш маштабных з іх – комплексныя адпрацоўкі адміністрацыйных тэрыторый. Апошняя, згодна з распараджэннем раённага выканаўчага камітэта № 162р ад 27 кастрычніка 2021 года,  адбылася ў Дзятлаўскім сельскім савеце. Працавала некалькі рэйдавых груп, у склад якіх разам з супрацоўнікамі міліцыі, спецыялістамі раённага і сельскага выканаўчых камітэтаў увайшлі прадстаўнікі аддзела па надзвычайных сітуацыях, медыкі, педагогі, сацыяльныя работнікі, камунальнікі.

Спецыялісты службаў прафілактыкі ў гэты дзень не абышлі ўвагай жыхароў, схільных да ўчынення правапарушэнняў у сферы сямейна-бытавых адносінаў, як правіла, гэта людзі, якія злоўжываюць алкагольнымі напоямі, знаходзяцца на розных відах уліку (усяго праверана 16 такіх асобаў). З імі праведзены тлумачальныя гутаркі аб адказнасці за адміністрацыйныя правапарушэнні і магчымым накіраванні ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі.

У час адпрацоўкі сельсавета была затрымана і дастаўлена ў ізалятар часовага ўтрымання аддзела ўнутраных спраў грамадзянка, якая знаходзілася ў вышуку.

Работнікі сацыяльнай абароны, адукацыі, супрацоўнікі міліцыі і раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях правялі агляд домаўладанняў і кватэр шматдзетных сем’яў, адзінокіх састарэлых грамадзян і інвалідаў. Наведалі спецыялісты і ненадзейныя сем’і сельсавета, а таксама праверылі гандлёвыя аб’екты на прадмет рэалізацыі непаўналетнім алкаголю. Пагутарылі з бацькамі маленькіх дзяцей, даведаліся аб графіках іх работы, расказалі матулям, якія знаходзяцца ў водпуску па доглядзе дзяцей да трох гадоў, аб магчымасці наведвання непаўналетнімі дашкольных установаў. Заадно ў час знаходжання на тэрыторыі сельсавета ўдзельнікі рэйду цікавіліся, як вучні Раклевіцкага дзіцячага сада-базавай школы наведваюць гурткі і секцыі ўстановы і аб’яднанні па інтарэсах, якія працуюць на базе Дома культуры аграгарадка.

Група, у якой пераважалі праваахоўнікі, праверыла 8 замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства.

Жыхарам усіх домаўладанняў, куды заходзілі спецыялісты, нагадвалі пра выкананне правілаў пажарнай бяспекі. Састарэлым людзям расказалі, што трэба рабіць, калі ў вёсцы з’яўляюцца асобы нацыянальнасці рома ці незнаёмцы, якія прапаноўваюць тавары і паслугі або прадстаўляюцца работнікамі розных службаў.

У час рэйд-праверкі таксама адбыўся маніторынг дамоў, адключаных ад сістэмы энергазабеспячэння за неаплату запазычанасці, струхнелых і нежылых будынкаў.

Супрацоўнікі міліцыі і ратаўнікі выступілі перад калектывам сельсавета, расказалі пра бяспеку жыццядзейнасці. Для папярэджання крадзяжоў былі правераны арганізацыі і ўстановы сельсавета, іх тэхнічная ўмацаванасць, работа вартавой аховы – парушэнняў не выяўлена.

Як расказала старшы інспектар прафілактыкі аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Наталля Акуновіч, комплексныя адпрацоўкі тэрыторый дазваляюць надаць увагу большасці катэгорый жыхароў, у тым ліку грамадзянам, якія знаходзяцца на розных відах уліку. Практыка паказала, што такая работа дае свой плён, таму падобныя мерапрыемствы будуць праводзіцца і ў іншых сельсаветах нашага раёна.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: