Пенсійныя гарантыі для інвалідаў

Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

На пытанні жыхароў раёна адказвае намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Дзятлаўскага райвыканкама, начальнік аддзела пенсій і дапамогаў Алена Навічэнкава.

Пытанне: у колькі гадоў права на пенсію па ўзросце маюць інваліды з дзяцінства? Якія для іх патрабаванні па мінімальным страхавым стажы?

Адказ: інваліды з дзяцінства маюць права на пенсію па ўзросце са зніжэннем агульнавызначанага пенсійнага ўзросту на 5 гадоў:

мужчыны – пры стажы работы не менш за 25 гадоў;

жанчыны – пры стажы работы не менш за 20 гадоў.

Пры гэтым патрабаванні па мінімальным страхавым стажы для інвалідаў з дзяцінства пры назначэнні пенсіі па ўзросце захаваны ранейшыя: 5 гадоў з выплатай абавязковых страхавых узносаў.

Пытанне: у якім памеры прызначаецца сацыяльная пенсія дзіцяці-інваліду?

Адказ: дзецям-інвалідам ва ўзросце да 18 гадоў прызначаецца сацыяльная пенсія ў залежнасці ад ступені страты здароўя ў наступных памерах:

1 ступень страты здароўя – 80 % бюджэта пражытачнага мінімуму;

2 ступень страты здароўя – 85 % бюджэта пражытачнага мінімуму;

3 ступень страты здароўя – 95 % бюджэта пражытачнага мінімуму;

4 ступень страты здароўя – 110 % бюджэта пражытачнага мінімуму.

Пытанне: ад чаго залежыць памер пенсіі па інваліднасці? Ці ёсць якія-небудзь надбаўкі і даплаты?

Адказ: у дадзеным выпадку неабходна адрозніваць сацыяльныя і працоўныя пенсіі. Сацыяльная пенсія прызначаецца дзецям-інвалідам і асобам, у якіх няма стажу ці яго недастаткова для атрымання працоўнай пенсіі.

Памер пенсіі па інваліднасці найперш вызначаецца групай інваліднасці. Таксама маюць значэнне працягласць стажу і велічыня заробку.

Да працоўнай пенсіі ўстанаўліваецца надбаўка на догляд: інвалідам І групы – 100 % мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце, адзінокім інвалідам ІІ групы, маючым патрэбу ў пастаяннай старонняй дапамозе, – 50 % мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце.

Акрамя таго, інвалідам, якія дасягнулі 75 гадоў, да пенсіі ўстанаўліваецца даплата. Яе памер складае 75 % мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце, пры дасягненні 80 гадоў даплата павялічваецца да 100 % мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце.

Для асобных катэгорый прадугледжаны дадатковыя гарантыі. Напрыклад, больш высокія пенсіі ўстанаўліваюць тым, хто атрымаў інваліднасць у выніку аварыі на ЧАЭС або мае асаблівыя заслугі перад краінай.

Пытанне: ці ёсць для інвалідаў зніжкі на лекі?

Адказ: інваліды І і ІІ груп маюць права на 90 % зніжку з кошту лекавых сродкаў, выдаваемых па рэцэптах дактароў, а таксама забеспячэнне тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі, якія ёсць у Дзяржаўным рэестры (пераліку) тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі.

Інваліды ІІІ групы могуць карыстацца 50 % зніжкай з кошту лекавых сродкаў, якія выдаюцца па рэцэптах дактароў для лячэння захворвання, што прывяло да інваліднасці.

Пытанне: у колькі гадоў маюць права на пенсію па ўзросце бацькі дзяцей-інвалідаў?

Адказ: маці, якія гадавалі дзяцей-інвалідаў (інвалідаў з дзяцінства) не менш за 8 гадоў у перыяд да іх паўналецця, маюць права на пенсію па ўзросце са зніжэннем агульнавызначанага пенсійнага ўзросту на 5 гадоў пры стажы работы не менш за 20 гадоў.

Бацькі, якія гадавалі дзяцей-інвалідаў (інвалідаў з дзяцінства) не менш за 8 гадоў у перыяд да іх паўналецця, маюць права на пенсію па ўзросце са зніжэннем агульнавызначанага пенсійнага ўзросту на 5 гадоў пры стажы работы не менш за 25 гадоў, калі маці дзіцяці-інваліда (інваліда з дзяцінства) не выкарыстала набытага ёю права на пенсію па ўзросце і адмовілася ад гэтага права на карысць бацькі ці не выкарыстала яго ў сувязі са сваёй смерцю.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga