Не свавольства і не жарт, або Дзеці і закон

Важнае Здарэнні і бяспека

Сёлета ў нашым раёне рэгіструюцца злачынствы з удзелам непаўналетніх.

Што падштурхоўвае дзяцей на супрацьпраўныя ўчынкі, як з падрастаючым пакаленнем працуюць службы прафілактыкі і якая роля ў гэтым працэсе належыць бацькам, расказалі спецыялісты.

Віктар Петрукевіч, начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх АУС Дзятлаўскага райвыканкама:

– Індывідуальную прафілактычную работу інспекцыя па справах непаўналетніх праводзіць з 16 падлеткамі, сярод якіх 14 учынілі правапарушэнні, у тым ліку 10 былі затрыманы за ўжыванне алкагольных напояў. На рахунку яшчэ дваіх юных жыхароў раёна – крымінальныя злачынствы ў складзе групаў: адзін хлопец скраў матацыкл, другі хуліганіў – кідаў камяні і пашкодзіў машыны. З усімі “цяжкімі” падлеткамі арганізавана міжведамасная работа зацікаўленых суб’ектаў прафілактыкі, аматары спіртнога сустракаюцца яшчэ і з доктарам-нарколагам. Супрацоўнікі інспекцыі па справах непаўналетніх штомесяц наведваюць такіх дзяцей па месцы жыхарства або вучобы, праводзяць з імі прафілактычныя размовы: расказваюць аб патрабаваннях заканадаўства і адказнасці за далейшыя правапарушэнні. На базе сацыяльна-педагагічнага цэнтра працуе клуб “Кантакт”, дзе кожны месяц для цяжкіх падлеткаў ладзяць пасяджэнні з абмеркаваннем актуальных тэмаў. Шмат увагі выхаванню такіх дзяцей надаюць установы адукацыі і культуры, а ў час канікулаў іх максімальна далучаюць да арганізаваных формаў карыснага адпачынку, каб у юных правапарушальнікаў з’явіліся “здаровыя” інтарэсы. Для своечасовага папярэджання злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій ажыццяўляецца пастаянны маніторынг акаўнтаў непаўналетніх у сацыяльных сетках. У вячэрні і начны час, у выхадныя дні ладзяцца міліцэйскія рэйды па месцах масавага адпачынку моладзі, рэгулярна праваахоўнікі правяраюць піцейныя ўстановы і дыскатэку кінатэатра “Спадарожнік”.

Традыцыйнай формай агульнай прафілактыкі сталі выступленні супрацоўнікаў міліцыі ў дзіцячых калектывах, з пачатку гэтага года іх праведзена 83, у тым ліку ў летніках раёна ў час канікулаў. Каб павысіць цікавасць навучэнцаў да такіх сустрэч, для іх арганізоўваецца дэманстрацыя міліцэйскіх спецсродкаў і зброі.

Калі аналізаваць прычыны ўчыненых непаўналетнімі злачынстваў, то хуліганства стала следствам празмернай колькасці вольнага часу, а крадзеж адбыўся з-за нізкага матэрыяльнага дастатку сям’і юнага злодзея, у абодвух выпадках бацькі недастаткова ўвагі надавалі сваім дзецям.

Алена Франюк, псіхолаг сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава:

– Маленькія дзеці могуць прыхапіць з сабой яркую, прыгожую рэч ці цацку, якая прывабіла іх увагу, не асэнсоўваючы маральнага боку ўчынку. У гэтым выпадку роля дарослага – цярпліва і даступна растлумачваць, што такое “добра” і што такое “дрэнна”, навучыць малое, чаго нельга рабіць ні пры якіх абставінах.

У дзяцей пасля 10 гадоў учынкі становяцца больш свядомымі і набываюць канкрэтныя матывы. Крадзяжы ў гэтым і старэйшым узросце могуць быць выкліканы трыма асноўнымі прычынамі. Першая – цяжкасці ў стасунках з бацькамі, калі дарослыя не чуюць свайго дзіцяці, не цікавяцца яго праблемамі, і такім чынам яно імкнецца звярнуць на сябе іх увагу, або, наадварот, бацькі занадта кантралююць падлетка, выклікаючы тым самым яго пратэст і, як вынік, супрацьпраўны ўчынак “назло”. Такое ж здараецца, калі асноўныя патрэбы дзіцяці ў сям’і не забяспечваюцца, і непаўналетні стараецца зрабіць гэта сам: у багатых бацькоў дзеці крадуць грошы з кашалькоў, у бедных – рэчы і прадукты з магазінаў.

Другая прычына – імпульсіўнасць, калі незаконнае дзеянне лёгка ажыццявіць, таму цяжка ад яго ўстрымацца, своеасаблівы “пошук адрэналіну”: “атрымаецца – не атрымаецца”. Пазней дзіця не можа канкрэтна растлумачыць, што менавіта падштурхнула да правіны.

Трэцяя прычына – самазацвярджэнне, калі непаўналетні адчувае сябе няўпэўнена ў асяроддзі равеснікаў, бывае імі не прыняты і супрацьпраўным учынкам “паказвае”, наколькі ён спрытны, смелы, хітры. Нярэдка ў такіх выпадках ён крадзе ласункі, каб пачаставаць кампанію, з якой хоча пасябраваць.

Нягледзячы на тое, якая з трох прычын падштурхнула дзіця на парушэнне, працаваць давядзецца менавіта над дзіцяча-бацькоўскімі адносінамі. Справа гэта нялёгкая і доўгая, каб атрымаць станоўчыя вынікі, трэба запасціся цярпеннем. Бацькі, якія адчуваюць, што здольны справіцца самастойна, могуць адшукаць тэматычную інфармацыю і пачаць выпраўляць ранейшыя памылкі выхавання. Галоўнае, не карыць сябе, проста прыняць гэты факт і пачаць мяняць сітуацыю. Тым, хто няўпэўнены ва ўласных сілах, можа дапамагчы педагог-псіхолаг. Такія спецыялісты ў Дзятлаве працуюць у сацыяльна-педагагічным цэнтры, гімназіі і сярэдняй школе № 1. Аднак варта разумець, што псіхолаг можа ўстанавіць праблему, але не зможа паўплываць на дабрабыт сям’і і паводзіны дарослых, таму толькі зацікаўленасць і цярпенне бацькоў здольны зрушыць сітуацыю ў лепшы бок. Увогуле, фарміраваць маральныя якасці асобы лягчэй з ранняга, дашкольнага ўзросту. Калі малое пачынае прыносіць чужыя цацкі ці крыўдзіць равеснікаў на дзіцячай пляцоўцы, не саромейцеся разам з ім ісці і выпраўляць сітуацыю, на ўласным прыкладзе паказвайце дзіцяці, як варта сябе паводзіць на працягу жыцця, каб не мець праблемаў з законам і людзьмі.

Непаўналетнія таксама падзяліліся сваімі думкамі на гэты конт:

Вадзім, 12 гадоў:

– Думаю, прымусіць да дрэннага ўчынку могуць незнаёмцы, але здараецца, што і равеснікі, каб праверыць, ці моцнае ў вас сяброўства. Да курэння падштурхоўвае цікавасць паспрабаваць тое, чаго не адчуваў раней, жаданне пахваліцца перад равеснікамі і даступнасць цыгарэт, калі пачак з імі ляжыць без нагляду.

Маша, 14 гадоў:

– Я ўпэўнена, што падлеткі кураць, каб выглядаць “крутымі”, п’юць, каб пакаштаваць алкагольныя напоі і адстаяць свой гонар у кампаніі. Калі ў магазіне знаходзіцца падлеткавая кампанія, а грошай хапае не на ўсе пакупкі, то, адчуваючы падтрымку сяброў, могуць што-небудзь скрасці. У бацькоў з кашалька грошы “выцягваюць” тыя дзеці, якія не баяцца строгасці дарослых. Многія непаўналетнія, нават ведаючы правілы, затрымліваюцца на вуліцы дапазна, бо любяць гуляць у цемры, а летам у гэты час становіцца камфортней, таму што спадае спёка. Залезці ў чужы сад можна ад беспакаранасці, бо гэта мала хто лічыць за сур’ёзную правіну. Падпаліць што-небудзь ці ўзарваць петарду – дзеля інтарэсу.

Аляксей, 11 гадоў:

Забраць якую-небудзь рэч з парты аднакласніка можна дзеля “прыколу”, павесяліцца і вярнуць назад. Выпіць піва падштурхоўваюць сябры, а згаджаешся з імі – за кампанію. Школьная кампанія можа пажартаваць і з настаўніка, напрыклад, намачыць яму стул, а “перакінуць” віну на каго-небудзь цішэйшага. Такім жа чынам сябры могуць прымушаць з каго-небудзь здзекавацца.

Саша, 12 гадоў:

– З-за крыўды на сябра можа захацецца яму адпомсціць. Калі вельмі спяшаешся, можаш перайсці вуліцу не па пешаходнай дарожцы. Скрасці што-небудзь могуць прымусіць сябры. Калі бацькі не набываюць падлетку патрэбную рэч, ён можа дастаць грошы з іх кашалька. Спіртное дзеці каштуюць, каб не адрывацца ад калектыву. Для весялосці могуць разлажыць вялікае вогнішча або што-небудзь падпаліць. Зайздрасць можа падштурхнуць да крадзяжу чужой рэчы, якая вельмі спадабалася.

Ірына СТЫРНІК 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: