“Лаві момант!”. Адбылася чарговая сустрэча клуба “Пазнай-ка” з сюрпрызам

Важнае Культура і адпачынак

У Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна прайшло чарговае пасяджэнне клуба “Пазнай-ка”, які працуе на базе аб’яднання “Нам гады не бяда”.

На гэты раз удзельнікаў клуба сабрала інтэлектуальная гульня “Мазгавы штурм”, у час якой вызначалі пераможцаў у трох намінацыях “Знайка”, “Міс разважлівасць” і “Саромеюся адказаць”. Пытанні для інтэлектуалаў “са стажам” падрыхтаваў краязнаўца Міхаіл Лук’янчык Ён і спецыяліст аддзялення Алена Якаўчык сталі вядучымі спаборніцтваў на кемлівасць. Удзельнікі клуба знайшлі адказы на ўсе 15 пытанняў, над якімі, варта адзначыць, давялося паразважаць. Аўтары адказаў атрымлівалі каляровыя флаеры, па колькасці якіх і былі вызначаны пераможцы.

Другая частка сустрэчы з інтрыгуючай назвай “Лаві момант!” была не менш прыемнай, бо сярод прысутных знаходзіўся імяніннік – Ніль Шарыпаў, які ў гэту дату як раз адзначаў свой дзень нараджэння. Найлепшыя віншаванні для яго прагучалі ад загадчыцы аддзялення Галіны Касцюк і спецыяліста Алены Якаўчык, а Міхаіл Лук’янчык падрыхтаваў для Ніля Халяфавіча верш уласнага сачынення і характарыстыку па знаку задыяка.

Імяніннік і сам не застаўся ў баку ад падзей і паўдзельнічаў у заданні-сюрпрызе. Пад музычнае суправаджэнне кіраўніка народнага хора “Ветэраны ў страі” Таццяны Шостка разам з артысткамі калектыву ён выканаў некалькі песенных нумароў.

Праграму прадоўжылі забаўляльныя гульні і конкурсы.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga