Крыштальны “ўраджай” школьнікаў Дзятлаўшчыны

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Завяршыўся XIII абласны конкурс-канферэнцыя даследчых работ “Крыштальная Альфа – 2021”, які праходзіў у лістападзе на базе Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі.

Школьнікі Дзятлаўшчыны ўразілі конкурсную камісію сваімі слушнымі ідэямі і, як вынік, паклалі ў скарбонку славы раёна шэсць важкіх узнагародаў.

Але самае важнае, што большасць конкурсных ідэй мае практычнае прызначэнне ў навуцы, эканоміцы і турызме. Прыйшоў час пазнаёміцца з юнымі даследчыкамі і скарыстацца іх слушнымі ідэямі.

Аляксандр Баковіч (Новаяльнянская сярэдняя школа) – прызёр “Крыштальнай Альфы” адразу ў дзвюх секцыях, які “забраў” самыя высокія ўзнагароды конкурсу. Яго работа “Верметэхналогія” (кіраўнікі Алена Баковіч і Таццяна Гузоўская) стала лепшай у секцыі “біялогія”, а даследаванне “Самадзеючая энерганезалежная помпа “Вадзяное сэрца” – другой у секцыі “фізіка” (кіраўнік Сяргей Сокал).

Школьнік-навуковец расказаў пра сутнасць сваіх работ:

– Абодва праекты маюць практычнае прымяненне. Над вадзяной помпай працую ўжо не першы год, сёлета мы з кіраўніком работы распрацавалі варыянты яе выкарыстання ў прысядзібнай гаспадарцы. У біялогіі пусціліся ў чарговы эксперымент: з дапамогай трох відаў гібрыдных чарвякоў, створаных спецыяльна для перапрацоўкі арганічных рэчываў у кампост, мы змаглі атрымаць кампост, які ўносілі як угнаенне пры вырошчванні рэдзькі. Чарвякоў прадаставіў нам для даследаванняў Беларускі інстытут цыталогіі і генетыкі, з якім мы супрацоўнічаем. Даследаванне паказала, што атрыманы біягумус у дзесяць разоў лепшы за звычайны па ўсіх паказчыках. Праз год даследавання мы сабралі сто кілаграмаў біягумусу, з дапамогай якога паспяхова вырасцілі розныя сарты рэдзькі.

– Чаму вы зацікавіліся гэтай тэмай?

– Вермекультываванне набірае папулярнасць у Беларусі. Выкарыстанне біягумусу эканамічна апраўдана, мае перспектывы на атрыманне камерцыйнай выгады. Ідэя вырошчваць рэдзьку, каб праверыць

эфектыўнасць біягумусу, ляжала на паверхні: здаўна вядомы харчовыя і лекавыя ўласцівасці гэтай расліны, а ў сезон прастуд яна вельмі актуальная.

– Як даследчык, вы прынялі ўдзел у многіх конкурсах. Якія пакінулі самыя яркія ўражанні?

– Усе рэспубліканскія этапы вельмі ўражваюць маштабам, колькасцю ўдзельнікаў, спецыялістаў, якія знаходзяцца ў саставе журы. Там цікава і абараняць сваю работу, і паглядзець на працы іншых.

– Аляксандр, вы бліскуча справіліся як у фізіцы, так і ў біялогіі. З чым хацелася б звязаць далейшае жыццё?

– Думаю, што профілем для паступлення я выберу фізіка-матэматычны.

– Школа, навуковая праца, стажыроўка ў “Тэхнапарку”… Ці хапае часу на адпачынак?

– У кожнага ёсць шмат вольнага часу, трэба ім проста правільна скарыстацца. Калі не марнаваць яго ўпустую, можна паспець усё, чаго пажадаеш.

Максім Кароль (Вензавецкі дзіцячы сад–сярэдняя школа) – уладальнік трэцяга месца ў секцыі “геаграфія” з работай “Рэкультывацыя глебаў з выкарыстаннем арганамінеральнага ўгнаення на аснове сапрапелю” (кіраўнік Аксана Роўба). Даследчык даказаў, што “адпрацаваныя” сапрапелевыя гразі, якімі славіцца Дзятлаўшчына, можна выкарыстоўваць паўторна як эфектыўнае і таннае ўгнаенне.

Васіліна Міхалевіч (Новаяльнянская сярэдняя школа) стала трэцяй з праектам “Геаграфічныя аспекты гідронімаў Дзятлаўшчыны” (кіраўнік Ганна Савасцюк). Канкурсантка ўзгадала ў сваёй працы рачны Бурштынавы шлях, які праходзіць праз наш раён і ў далейшым мае ўсе шанцы стаць новым турыстычным маршрутам.

Ягор Пікта (Новаяльнянская сярэдняя школа) – прызёр другой ступені па рускай мове з работай “Прынцыпы намінацыі фармакафітанімічнай лексікі ў супастаўляльным аспекце” (кіраўнік Алена Варанец). Прыведзенае ў рабоце параўнанне афіцыйных і народных назваў лекавых раслін паказала, што апошнія – больш разнастайныя і трапныя. Вынікам работы стаў новы лексічны слоўнік.

Анастасія Сідорчык (Дварэцкая сярэдняя школа) атрымала “бронзу” з праектам “Доўгатэрміновыя прыметы пра ўраджай у сучасных кліматычных умовах (на матэрыяле прыкмет, сабраных у аграгарадку Дварэц)” (кіраўнікі Лідзія Жых, Ала Казак). Далёка не ўсім народным прыметам можна верыць, але некаторыя працуюць безагаворачна, такі вывад быў зроблены камандай у ходзе даследавання, якое праводзілася на працягу некалькіх гадоў.

Кожны год школьнікі Дзятлаўшчыны становяцца пераможцамі і прызёрамі абласнога конкурсу “Крыштальная Альфа”, а таксама лаўрэатамі яго рэспубліканскага этапу. Заўсёды ў скарбонцы дзятлаўчан было ад 3 да 5 узнагародаў, гэты год стаў самым багатым на дасягненні. Флагманамі ў даследчыцкай рабоце нязменна выступаюць навучэнцы Новаяльнянскай сярэдняй школы, стараюцца не адставаць ад іх і паказваюць добрыя вынікі канкурсанты з Дварэцкай, Вензавецкай школ і гімназіі № 1 горада Дзятлава. Хочацца спадзявацца, што і іншыя школы раёна, найперш, гарадскія, на наступны год паспрабуюць свае сілы ў спаборніцтве даследчыкаў.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga