Хто ў полі воін? Вынікі студатрадаўскага семестра

Грамадства Свежыя навіны

Урачыстае закрыццё трэцяга працоўнага моладзевага семестра адбылося на Дзятлаўшчыне.

У сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй мерапрыемства ладзілася ў фармаце віншавальнай эстафеты. У час яе ва ўстановы адукацыі раёна, навучэнцы якіх працавалі ў саставе студэнцкіх атрадаў, з падарункамі завіталі прадстаўнікі штаба працоўных спраў – галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Аляксей Якаўчык і першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык.

– Падводзячы вынікі працоўнага семестра, варта адзначыць, што план па працаўладкаванні ў моладзевыя атрады сёлета выкананы на 100 %: сезонная занятасць забяспечана для 150 студатрадаўцаў раёна. На Дзятлаўшчыне папрацавалі 10 студэнцкіх атрадаў, сярод якіх 8 традыцыйных сельскагаспадарчых, упершыню ў 2021 годзе былі створаны 2 экалагічныя атрады, – расказала Кацярына Хілімончык. – Па дамове з Дзятлаўскім лясгасам, удзельнікі экалагічных студатрадаў, а гэта былі навучэнцы Вензавецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы і сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава, у красавіку-маі папрацавалі на вясенняй пасадцы лесу ў Вензавецкім лясніцтве.

Астатнія студатрадаўцы дапамагалі гаспадаркам раёна. Летам 2 сельгасатрады былі задзейнічаны на відавой праполцы ў КСУПах “Жукоўшчына” і “Хвінявічы”, яшчэ 3 – на ўборцы збожжавых культур у ААТ “Граніт-Агра”, КСУПах “Дварэц-Агра” і “Войневічы”. Восенню 3 працоўныя атрады дапамагалі капаць бульбу КСУПам “Хвінявічы”, “Жукоўшчына”, “Дварэц-Агра”.

Словы ўдзячнасці за плённую працу і ўклад, унесены ў агульную справу раёна, я адрасую навучэнцам установаў адукацыі і студэнтам, якія запісваюцца ў студатрады, каб правесці канікулы з карысцю. Кіраўнікам школ і педагогам удзячна за падтрымку і разуменне, маладым настаўнікам за тое, што нярэдка ў свой працоўны водпуск становяцца камандзірамі атрадаў і працуюць поплеч з вучнямі.

Даніну павагі аддаю сельскагаспадарчым арганізацыям раёна і лясгасу, якія, нягледзячы на цяжкасці, а гэта павышаная ўвага да патрабаванняў аховы працы і тэхнічнай бяспекі, арганізацыйныя моманты, прадастаўляюць магчымасць непаўналетнім папрацаваць і атрымаць свае першыя заробкі. З якімі б складанасцямі не сутыкаліся кіраўнікі і іх намеснікі, яны заўсёды ідуць насустрач нашай моладзевай арганізацыі. Спадзяюся, што гэта плённае супрацоўніцтва не менш вынікова прадоўжыцца ў наступным сезоне, што адзінай камандай мы зноў будзем рабіць вялікую агульную справу. Я ўпэўнена, што студатрадаўскі рух для падрастаючага пакалення мае важнае значэнне, паколькі ўжо з 14 гадоў моладзь мае магчымасць далучыцца да працы, адчуць, як зарабляюцца грошы.

Аляксей Якаўчык і Кацярына Хілімончык пабывалі ў Жукоўшчынскім дзіцячым садзе-базавай школе, Гезгалаўскай і Дварэцкай сярэдніх школах, Круцілавіцкім, Хвінявіцкім, Вензавецкім дзіцячых садах-сярэдніх школах, у бліжэйшы час наведаюць сярэднюю школу № 3 горада Дзятлава. Кіраўнікам усіх установаў адукацыі моладзевы лідар уручыла Падзякі раённага камітэта ГА “БРСМ”, такія ж узнагароды і каштоўныя падарункі ўручаны кіраўнікам сельскагаспадарчых арганізацый і Вензавецкага лясніцтва, якія ў працоўным семестры прымалі студатрадаўцаў, а маладыя работнікі атрымалі салодкія прызы.

Уражаннямі ад сустрэчы падзяліліся некаторыя кіраўнікі.

Вераніка Фабішэўская, дырэктар Дварэцкай сярэдняй школы:

– Як педагог я вітаю студатрадаўскі рух і выступаю за яго развіццё. Па-першае, ён дае магчымасць нашым дзецям з юнага ўзросту прывучаюцца да працы, а, варта зазначыць, што ў студатрады навучэнцы ідуць з вялікім задавальненнем, бо там весела і дружна. Па-другое, па выніках змены студатрадаўцы атрымліваюць сваю ўласную зарплату.

Кацярына Дубешка, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ “Граніт-Агра”:

– Не першы год запар у нас працуюць студэнты і старшакласнікі школ, звычайна гэта 30 чалавек, пазалетась было – 38. Студатрадаўцам падабаецца ў гаспадарцы, заробкам яны задаволены. Мы імі таксама, бо з боку моладзі адчуваецца адказны падыход да справы. Ёсць і станоўчыя прыклады прафарыентацыі: многія студатрадаўцы пасля школы вучыліся па накіраваннях на сельгасспецыяльнасці, атрымлівалі штомесячную даплату за кошт гаспадаркі, затым прыходзілі да нас на адпрацоўку. Ёсць і такія, хто працуе цяпер – гэта Дзмітрый Мазур, а ў гэтым месяцы пасля арміі на работу вяртаецца Андрэй Гукіш.

Ірына СТЫРНІК   

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: