Якія змяненні пачалі дзейнічаць пры прыёме на работу?

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

24 кастрычніка ўступіў у сілу Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 6. 

Ён унёс змяненні ў Дэкрэт № 5 ад 15 снежня 2014 года “Аб узмацненні патрабаванняў да кіруючых кадраў і работнікаў арганізацый”.

Для чаго прыняты новы нарматыўны дакумент, якія адносіны паміж наймальнікамі і работнікамі ён рэгламентуе, расказала намеснік начальніка ўпраўлення – начальнік аддзела па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Таццяна Дорда.

– Дэкрэт № 6 прыняты для павышэння кадравага патэнцыялу дзяржаўных органаў і арганізацый і рэалізацыі змяненняў, унесеных у Працоўны кодэкс Законам Рэспублікі Беларусь ад 28 мая 2021 года № 114-З “Аб змяненні законаў”.

Нарматыўны акт утрымлівае чатыры асноўныя навацыі. Па-першае, вызначае патрабаванні да характарыстыкі работніка. Па-другое, устанаўлівае дадатковыя патрабаванні пры прыёме на работу у дзяржаўныя органы і арганізацыі, а таксама арганізацыі, больш за 50 % акцый якіх знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасці. Па-трэцяе, рэгламентуе адказнасць за парушэнне парадку прыёму на работу. Па-чацвёртае, дапаўняе пералік дыскрэдытуючых абставінаў звальнення работнікаў.

– Таццяна Анатольеўна, раскажыце больш падрабязна пра характарыстыку.

Гэта афіцыйны дакумент, падрыхтаваны па форме, устаноўленай Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, дзе адлюстраваны прафесійныя, дзелавыя, маральныя якасці работніка, звесткі аб прыцягненні яго да дысцыплінарнай і іншай адказнасці, адносіны да дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў, іншая інфармацыя. Паводле Дэкрэта № 6 характарыстыка павінна быць выдадзена на працягу 7 каляндарных дзён са дня атрымання адпаведнага запыту.

Пры прыёме на работу ў дзяржаўныя органы і арганізацыі, а таксама арганізацыі, больш за 50 % акцый якіх знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасці, наймальнік абавязаны (калі іншае не вызначана заканадаўчымі актамі) запытваць характарыстыкі на кожнага работніка з папярэдняга месца работы; з дзяржаўнай арганізацыі, якая з’яўлялася месцам яго работы на працягу папярэдніх пяці гадоў (калі месцам работы былі некалькі дзяржарганізацый, характарыстыка запытваецца ў апошняй з іх).

А вось на кандыдатаў на кіруючыя пасады ў дзяржаўныя арганізацыі, акрамя характарыстыкі, наймальнік абавязаны запытаць у органах унутраных спраў звесткі з адзінага дзяржаўнага банка аб правапарушэннях. Яны выдаюцца бясплатна, аднак толькі са згоды фізічных асобаў. Значыць, папярэдне наймальнік павінен атрымаць згоду кандыдата на кіруючую пасаду на прадастаўленне гэтай інфармацыі.

Для арганізацый прыватнай формы ўласнасці Дэкрэтам № 6 не замацаваны абавязак запытваць характарыстыкі пры прыёме работнікаў на работу, але за такімі наймальнікамі застаецца гэта права.

– Якая адказнасць прадугледжана за парушэнне парадку прыёму на работу ў дзяржаўныя арганізацыі?

– Парушэнне прадугледжанага Дэкрэтам № 5 (у рэдакцыі Дэкрэта № 6) парадку прыёму на работу, прызначэння на пасаду ці выдача характарыстык, якія ўтрымліваюць загадзя недакладную інфармацыю, або парушэнне тэрмінаў іх выдачы прызнаецца грубым парушэннем працоўных абавязкаў. Калі яно вядзе да нанясення ўрону дзяржаўнай уласнасці ці істотнай шкоды дзяржаўным або грамадскім інтарэсам пры наяўнасці падставаў, то прадугледжвае адказнасць у адпаведнасці з Крымінальным кодэксам Рэспублікі Беларусь.

У Дэкрэт № 5 унесена дапаўненне і аб тым, што парушэнне работнікам парадку збору, сістэматызацыі, захоўвання, змянення, выкарыстання, абязлічвання, блакіравання, распаўсюджвання, прадастаўлення, выдалення персанальных даных з’яўляецца дыскрэдытуючай акалічнасцю звальнення.

– Што яшчэ варта ведаць наймальніку?

– Дэкрэт № 5 цяпер дапоўнены нормай, якая дае права кіраўніку арганізацыі (наймальніку) неадкладна адхіляць работніка ад работы ў выпадку, калі ён заклікае іншых да спынення выканання працоўных абавязкаў без уважлівых прычын.

Акрамя таго, вызначаны тэрмін адхілення работніка ад работы пры выяўленні дапушчаных ім парушэнняў вытворча-тэхналагічнай, выканаўчай ці працоўнай дысцыпліны, якія прывялі або здольныя прывесці да нанясення шкоды арганізацыі. У такім выпадку вярнуцца да работы ён зможа толькі пасля ўхілення парушэнняў.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga