Восеньскі кірмаш і святочны карагод у Казлоўшчыне

Галоўнае Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

Чарговыя сельскагаспадарчыя кірмашы на Дзятлаўшчыне прайшлі ў аграгарадку Гезгалы, пасёлках Казлоўшчына і Наваельня.

Гандаль ішоў пераважна проста з машын, на кірмашы прапаноўвалі сваю прадукцыю сельгаспрадпрыемствы раёна і прыватныя прадпрымальнікі. Пасялкоўцы і госці Казлоўшчыны змаглі набыць садавіну, агародніну, зерне, саджанцы і нават рэчы, патрэбныя ў хатняй гаспадарцы: венікі, кошыкі, прылады працы.

Нягледзячы на тое, што пачатак кірмашу быў запланаваны а дзявятай гадзіне раніцы, прадаўцоў усе чакалі з сямі, калі не раней. У гэты ж час назіраўся самы бойкі гандаль. Вельмі добра “пайшла” капуста: хутка распрадалі тры вялікія мікрааўтобусы агародніны, карысталася высокім попытам збожжа. Аднак прадпрымальнікі запэўнілі, што ў сераду, калі ў пасёлку будзе чарговы гандлёвы дзень, давязуць яшчэ капусты для ўсіх жадаючых.

Калі ажыятаж сціх, аматары паспаць крыху даўжэй у выхадны дзень змаглі няспешна прайсціся ўздоўж гандлёвых радоў і набыць тое-сёе для сябе. Найчасцей куплялі перцы, саджанцы і моркву, дзяліліся ўражаннямі.
Ірына Лішык:

– Сёлета ў мяне ўсё няблага ўрадзіла ў сваім агародзе: і капуста, і цыбуля, і памідоры. А вось морква не вельмі ўдалася, таму набыла яе на кірмашы. Буду выкарыстоўваць для салатаў, асабліва люблю гатаваць сялёдку пад шубай.

Ірына і Святлана:

– Мы прыехалі з Войневічаў, хацелі набыць капусту, ды запазніліся. Але мы не засмучаемся: абяцалі, што ў сераду прывязуць яе зноў. Набылі моркву, а для гаспадара – прылады для рамонту. Дома ў нас агарод маленькі, таму мы частыя госці на такіх кірмашах. Сёння вяртаемся дадому з добрым настроем і гасцінцамі.

Старшыня Казлоўшчынскага сельвыканкама Вадзім Бялятка – таксама сярод пакупнікоў на кірмашы.

– Сёння я набыў на кірмашы зерне, якога патрэбна нямала, бо трымаю падсобную гаспадарку – кароваў, парасят. Радуе, што КСУП “Войневічы”, “Хвінявічы”, “Жукоўшчына” сёння прадаставілі добры выбар збожжавых культур, – кажа Вадзім Аляксандравіч. – Як і штогод, гэта першы, але не апошні сельскагаспадарчы кірмаш у нас, будзе яшчэ і зерне, і агародніна ў асартыменце на любы густ. Усе запыты мясцовага насельніцтва пастараемся задаволіць.

Завяршэннем тыдня маці, які адзначаецца і ў нашым раёне, для жыхароў пасёлка стала святочная песенная праграма ад вучняў Казлоўшчынскай сярэдняй школы, якая дадала і кірмашу нотку святочнасці. На імправізаванай сцэне непадалёк ад гандлёвых месцаў спявалі песні, вадзілі карагоды і віншавалі прахожых матуляў паштоўкамі, рабілі экспрэс-фота ў самаробнай фотазоне.

Наталля АВЯРЧУК



Теги: