У райвыканкаме. Сяўба азімых, кірмашовы настрой і прышчэпкай – па каранавірусу

Важнае Улада

Прайшла штотыднёвая нарада ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага, традыцыйна ў час якой былі разгледжаны арганізацыйныя пытанні, абмеркаваны актуальныя праблемы і пастаўлены задачы на бягучы тыдзень.

Кіраўнікі службаў раёна далажылі аб сітуацыі, якая склалася ў розных сферах і галінах.

Справы аграрныя

Усталявалася спрыяльнае для сяўбы азімых збожжавых надвор’е, і механізатары зноў выйшлі ў палі. Работнікі сельгаспрадпрыемстваў імкнуцца выкарыстаць увесь светлавы дзень. На нарадзе 24 верасня Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка даў даручэнне актывізаваць сельскагаспадарчыя работы і ў найбліжэйшы час завяршыць сяўбу азімых.

– На Дзятлаўшчыне пасеяна 75 % плошчаў, адведзеных пад азімыя. Пасяўная ідзе актыўна, крыху неабходна дапамога КСУП “Дварэц-Агра”, – адзначыў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі.

Яго першы намеснік, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталій Шулейка дадаў, што кукурузу плануецца ўбраць да канца месяца (зараз вядзецца ўборка зерневай групы), недастаткова сабралі фуражнага зерня, работы па грэчцы завершаны, пакуль слабаваты тэмп па ўборцы буракоў.

Андрэй Садоўскі даў тыдзень на ўборку саломы, якая дагэтуль ляжыць у валках на некаторых палях, а таксама завастрыў увагу аграрыяў на рэалізацыі бульбы, як кажуць, трымаць на кантролі “попыт і кошт”, не ўпусціць сваё.

На палях раёна планамерна падымаецца зябліва – гэта важны агратэхнічны прыём, які паляпшае структуру глебы, з’яўляецца сродкам барацьбы з пустазеллем і шкоднікамі, стварае спрыяльныя ўмовы для росту і развіцця культурных раслін, а значыць, спрыяе павелічэнню іх ураджайнасці. Зяблівая апрацоўка глебы дазваляе зменшыць напружанасць веснавых палявых работ, забяспечвае больш якасную перадпасяўную апрацоўку глебы і сяўбу сельскагаспадарчых культур у лепшыя агратэхнічныя тэрміны.

– Зусім няшмат часу засталося да арганізаванага пераводу жывёлы на зімовае ўтрыманне. Таму разам з нарыхтоўкай кармоў, уборкай, сяўбой азімых і іншымі сельгасработамі павінна працягвацца падрыхтоўка ферм да зімова-стойлавага перыяду. Зімовае ўтрыманне жывёлы – важны і адказны перыяд. Вялікае значэнне ў гэты час будзе мець тэхналагічная дысцыпліна, захаванне правілаў утрымання і кармлення жывёлы. Дакладнае спалучэнне ўсіх гэтых складаемых забяспечыць неабходную прадуктыўнасць і якасць малака, – падкрэсліў старшыня райвыканкама. – Увогуле, усё кантралюема, працэнт выканання сельскагаспадарчых работ у раёне на дастаткова добрым узроўні.

Напружаная сітуацыя з COVID-19

Як адзначыла галоўны санітарны доктар Алена Шайбак, на Дзятлаўшчыне захоўваецца рост захворвання на COVID-19.

Нягледзячы на тое, што каранавірус “сустракаецца” і ў прышчэпленых (каля 3 % ад усіх захварэўшых), хвароба ў такіх пацыентаў працякае ў лёгкай форме.

Вакцынацыя ад COVID-19 у раёне працягваецца. У наяўнасці ў Дзятлаўскай паліклініцы вакцыны “Vero Cell” кітайскай вытворчасці і “Спутник V”, вядомай таксама пад назвай “Гам-КОВИД-Вак”, расійскай вытворчасці. Акрамя таго, для вакцынацыі моладзі выкарыстоўваецца аднакампанентная вакцына “Спадарожнік Лайт” (Расія).

Камбікорм не для статку, а для свайго дастатку

Па лініі Дзятлаўскага РАНС старшыня райвыканкама пацікавіўся ў начальніка службы Сяргея Казушчыка, як працягваюцца работы па будаўніцтве новага дэпо, а таксама па рабоце аглядавых камісій. Сяргей Сяргеевіч патлумачыў, што па катэгарыраваных групах работа камісіі завершана, усе домаўладанні абследаваны; па будаўніцтве дэпо – праца ідзе напружана, аднак увод у эксплуатацыю запланаваны на наступны год.

Праваахоўнікі на мінулым тыдні раскрылі некалькі крадзяжоў, асабліва ўражвае крадзеж амаль 5 тон камбікорму ў адной з гаспадарак раёна, адкуль вадзіцель гаспадаркі вывозіў яго машынамі, адну з шасці завёз і сабе дадому. Адзначалі на нарадзе і факты крадзяжу паліва ў сельскай гаспадарцы – прыйшлі да высновы, што планамернае ўкараненне і ўстаноўка сістэмаў кантролю паліва на транспартных сродках арганізацый зніжае сёння колькасць “паліўных” крадзяжоў.

Іншыя тэмы

Старшыня райвыканкама завастрыў увагу зацікаўленых службаў на ўступленні ў сілу з 27 верасня Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 116 “Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні работы з пустуючымі дамамі”. Гэта для раёна актуальнае пытанне.

****

Да канца месяца плануецца ўвод у эксплуатацыю 72-кватэрнага дома ў Дзятлаве.

****

У бліжэйшую суботу ў райцэнтры пройдзе першы раённы сельскагаспадарчы кірмаш. Андрэй Садоўскі даў даручэнне адказным службам, гаспадаркам, прадпрыемствам падрыхтавацца да кірмашу як след, каб было дастаткова прадукцыі і асартымент парадаваў дзятлаўчан.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga