Такія розныя і такія любімыя

Важнае Грамадства

Раённы камітэт ГА “БРСМ” падвёў вынікі конкурсу малюнкаў “Мая мілая мама”, які праходзіў з ініцыятывы аб’яднання сярод навучэнцаў  Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў у рамках тыдня маці.

– На занятках нашы вучні з задавальненнем далучыліся да конкурсу на прызы моладзевай арганізацыі, – адзначыла педагог аддзялення выяўленчага мастацтва Жанна Лукашэня. – Кожнаму з удзельнікаў я прапанавала самому выбраць ідэю для малюнка. Некаторыя дзеці малявалі сваіх матуляў, у іншых былі сімвалічныя вобразы мацярынства, таму на паперы з’явіліся і жанчыны з дзецьмі ў нацыянальных строях, і мамы-жывёліны, і мамы-птушкі. У сваіх работах юныя мастакі пастараліся перадаць кранальныя моманты любові і пяшчоты. На паперу ляглі не проста яркія фарбы, але і жывыя эмоцыі, якія “прачытваюцца” бадай у кожнай рабоце.

Дарэчы, і сама Жанна Вячаславаўна адну са сваіх карцін прысвяціла гэтаму цудоўнаму восеньскаму святу – Дню маці.

Сярод конкурсных работ навучэнцаў школы мастацтваў і сапраўды было шмат цікавых. Напрыклад, дзевяцігадовая Паліна Іода падрыхтавала адразу два разнапланавыя малюнкі: класічны – “Калыханка” і сімвалічны – “Беларуская сям’я”. Сямігадовая Дар’я Зінкевіч і адзінаццацігадовы Сяргей Рашчупкін намалявалі буслоў з буслянятамі. У адзінаццацігадовай Улады Жэгалік вобраз матулі асацыіруецца з праваслаўным святам Вялікдзень і дарогай да храма. Не менш прыгожымі атрымаліся малюнкі Валерыі Нічыпаровіч, Варвары Статкевіч, Тамары Клімовіч, Ціхана Статкевіча, Вадзіма Лашкоўскага і іншых удзельнікаў конкурсу. Для журы было няпроста вызначыць пераможцаў. Тым не менш, канчатковыя вынікі падведзены.

Прызы найбольш паспяховым юным мастакам уручыла спецыяліст раённага камітэта ГА “БРСМ” Наталля Маркава. Падарункам за першае месца адзначана Валерыя Нічыпаровіч (8 гадоў), за другое – Ксенія Ляўкевіч (12 гадоў), прыз за трэцяе месца дастаўся Варвары Статкевіч (7 гадоў).

Напрыканцы юныя таленты падзяліліся сваімі ўражаннямі ад удзелу ў конкурсе БРСМ “Мая мілая мама”.

Валерыя Нічыпаровіч:

– Вельмі рада, што заняла першае месца. Атрымала вялікае задавальненне ад удзелу ў конкурсе, бо люблю сваю мамачку і сваю краіну. На маім малюнку сімвалічны вобраз жанчыны-маці ў нацыянальным касцюме з хлопчыкам на руках, на заднім плане – вясёлка, як сімвал радасці і сяброўства, а таксама жытнёвае поле, якое сімвалізуе працавітасць і дабрабыт нашага народа.

Сваёй маме Таццяне Антонаўне ў дзень свята я падарыла паштоўку, якую змайстравала сваімі рукамі, думаю, што перамога ў конкурсе яе таксама парадуе. Мы любім бавіць час разам, размаўляць, гатаваць што-небудзь смачнае.

Ксенія Ляўкевіч:

Мне падабаюцца жывёлы, таму на маім малюнку – ліса-мама з маленькім лісяняткам. Я ўпэўнена, што ў свеце звяроў не менш клапатлівых матуляў, чым у свеце людзей.

Мая мама Кацярына Сяргееўна гадуе нас трох сястрычак, я, як старэйшая, стараюся падаваць прыклад малодшым. Сярэдняя сястра Аліна, якой сем гадоў, таксама наведвае заняткі ў школе мастацтваў, а паўтарагадовая Сашка, калі схопіць нашы алоўкі, доўга па-свойму нешта малюе. Маме на свята я падарыла духі і паштоўку, увогуле, хочацца як мага часцей яе радаваць.

Ірына СТЫРНІК  

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: