Прызванне працаваць для людзей

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Пошта – сфера дзейнасці, работнікаў якой з нецярпеннем чакаюць ва ўсе часы і ў гарадах, і ў маленькіх вёсачках.

Як дайсці да кліента нават у невялікія аддаленыя населеныя пункты? Адказ на гэтае пытанне ведае начальніца перасоўнага паштовага аддзялення сувязі Таццяна Юркевіч.

Таццяна Генадзьеўна сёлета адзначае першы працоўны юбілей – дзесяцігоддзе ў паштовай службе раёна. Пачынала свой прафесійны шлях начальнікам паштовага аддзялення ў Вензаўцы, а затым у Міроўшчыне. Ужо тады зразумела: працаваць з кліентамі – гэта тое, што ёй падабаецца.

Свае веды і навыкі спецыяліст замацавала ў аддзяленні “Дзятлава-1”, аказваючы паштовыя паслугі гараджанам.

У выніку рэарганізацыі на змену некаторым стацыянарным паштовым аддзяленням сувязі прыйшло перасоўнае, якое год таму ўзначаліла Таццяна Генадзьеўна. Сёння падраздзяленне абслугоўвае 32 населеныя пункты ў Дзятлаўскім раёне, выконваючы практычна ўсе функцыі стацыянарнага, разам з тым дастаўляючы карэспандэнцыю па адпаведным маршруце. У перасоўным аддзяленні паштовай сувязі можна выканаць плацяжы, аперацыі з банкаўскімі карткамі, адправіць лісты, пасылкі, грашовыя пераводы, выканаць і многае іншае. Зручна вяскоўцам і па душы паштовым работнікам.

– Іду на працу з задавальненнем, бо ведаю, што патрэбна людзям, – кажа Таццяна Юркевіч. – Я кожны дзень у падарожжы па Дзятлаўшчыне, сустракаюся з вяскоўцамі, якія заўжды з радасцю чакаюць пошту.

У вольны ад работы час жанчына таксама любіць падарожнічаць з сям’ёй – мужам і дзвюма дочкамі. А калі ўся сям’я збіраецца дома, частуе іх сваімі кулінарнымі навінкамі.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga