Парадку быць! Што адсочваецца ў арганізацыях і на зямлі?

Галоўнае Улада

На штотыднёвай рабочай нарадзе старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі абмеркаваў з кіраўнікамі службаў актуальныя пытанні.

Цяпер яшчэ і апрацоўка пад’ездаў

На Дзятлаўшчыне адзначаецца рост захворвання на каранавірусную інфекцыю, большасць зарэгістраваных выпадкаў (60 % з агульнай колькасці) – гэта гарадское насельніцтва, таму галоўны доктар райЦГЭ Алена Шайбак прапанавала вярнуцца да ранейшай практыкі апрацоўкі пад’ездаў у шматкватэрных жылых дамах. Паколькі мікрараёны такой забудовы ёсць не толькі ў райцэнтры, але і ў гарпасёлках і аграгарадку Гезгалы, то “бой вірусу” дадуць і там.

Прадаўжаецца вакцынацыя. На мінулым тыдні прышчаплялі пераважна пажылых жыхароў раёна і людзей з хранічнымі захворваннямі. Андрэй Садоўскі даў заданне медыкам паралельна выязджаць з тлумачальнай работай на прадпрыемствы раёна, бо не ўсе работнікі пры жаданні вакцынавацца маюць магчымасць у працоўны час наведваць паліклініку. Алена Шайбак адказала, што такія выезды ладзяцца, але лепшы вынік даюць у тых калектывах, дзе ў стварэнні агульнага імунітэту зацікаўлены кіраўнікі. Калі людзі разумеюць сітуацыю, яны не адмаўляюцца ад самай надзейнай абароны.

На жаль, да гэтага часу адзначаюцца парушэнні мераў прафілактыкі на аб’ектах раёна, усяго іх выяўлена 17 з 29 правераных, ліквідацыя большасці не патрабуе вялікіх грашовых затрат, таму асабліва здзіўляюць адносіны адказных асобаў да супрацьвіруснай бяспекі.

Цемра – сябар для нядобрага чалавека

Мінулы тыдзень па лініі службы аховы правапарадку выдаўся адносна спакойным. На тэрыторыі раёна было зарэгістравана дарожнае здарэнне з цялеснымі пашкоджаннямі: паміж вёскамі Погіры і Засецце вадзіцель з нашага раёна пачаў ажыццяўляць разварот, у час манёўра ў яго аўтамабіль урэзалася машына, што рухалася ў спадарожным кірунку, за рулём якой знаходзілася жанчына-гродзенка.

Не зусім зразумелы матыў яшчэ аднаго правапарушэння: міліцыя высвятляе асобу хулігана, які ў нядзелю а 22 гадзіне вечара ў раёне новаяльнянскага моста кідаў камяні ў аўтамабілі, што праязджалі міма. У адным разбіта правае задняе шкло, другую машыну ўдар ледзь закрануў. Што падштурхнула правапарушальніка на такія дзеянні, пакуль загадка.

Не губляюць актуальнасці маёмасныя злачынствы. Па дапамогу да праваахоўнікаў звярнуўся наш зямляк, які хацеў узяць у банку крэдыт, але быў непрыемна здзіўлены, калі служба бяспекі паведаміла, што на ім ужо “вісяць” два крэдыты, гісторыя паходжання якіх атрымальніку незразумелая. Абставіны здарэння высвятляе міліцыя.

Зарэгістраваны і яшчэ некалькі маёмасных злачынстваў: у аграгарадку Гезгалы адбылося пранікненне ў кватэру на першым паверсе, у Наваельні скрадзены тачка і адлівы. Не абышлося без крымінальных спраў, якія ўзбуджаны за катаванне і пагрозы забойствам.

Без пажараў, але з моцным ветрам

На тэрыторыі раёна за мінулы тыдзень не зарэгістравана ніводнага пажару. Ратаўнікі выязджалі дапамагчы адчыніць дзверы, якія “не паддаваліся” гаспадарам. А вось моцны вецер нарабіў бяды ў домаўладанні пажылой жанчыны з Навасёлак, якая жыве адна. На дах дома бабулі з дрэва ўпала зламаная галіна і разбурыла дымаход. Паколькі надвор’е ўжо дастаткова халоднае, на час рамонту печкі пацярпелую ад разгулу стыхіі ўзялі да сябе сваякі, блізкія бабулі паабяцалі таксама ўхіліць непаладкі. Сітуацыя застаецца на кантролі ў сельвыканкаме.

На зямлі павінен быць парадак

Заўсёды актуальныя ў адказных службаў пытанні добраўпарадкавання і навядзення чысціні. Цяпер у райцэнтры заканчваюцца работы па выдаленні расліннасці па вуліцы Кірава.

– Абочына павінна быць чыстай, – распарадзіўся Андрэй Садоўскі.

Таксама кіраўнік раёна пацікавіўся, як абстаяць справы з навядзеннем парадку на агародах у мікрараёне вуліцы Слонімскай райцэнтра.

Начальнік аддзела землеўпарадкавання райвыканкама Дзмітрый Залеўскі расказаў, што там знаходзяцца 254 зямельныя ўчасткі, якімі пераважна карыстаюцца пенсіянеры з гарадскіх шматпавярховак, 51 участак пустуе, у іншых ёсць гаспадары. У лістападзе гэтага года сыходзіць тэрмін і будзе ажыццяўляцца перарэгістрацыя надзелаў, у бліжэйшы час яшчэ плануецца правесці сход агароднікаў для вырашэння з імі пытання аб вывазе смецця Дзятлаўскім РУП ЖКГ.

Андрэй Садоўскі даў даручэнне не пускаць тэму на самацёк, сачыць і за тым, каб самі агароднікі былі сумленнымі і падтрымлівалі парадак на надзелах.

Прадпісанні для навядзення парадку на землях выдадзены тром сельгасарганізацыям нашага раёна, варта адзначыць, што адказныя асобы адрэагавалі аператыўна: па “гарачых” слядах на некаторых “праблемных” надзелах пачалося ворыва.

Кіраўнік раёна падкрэсліў, што ўвагу на падобныя “недаробкі” варта звяртаць абавязкова, бо асенняя сухая расліннасць на неапрацаванай зямлі вясной можа стаць прычынай пажару.

У больш сціплым фармаце 

Работнікі сельскай гаспадаркі рыхтуюцца да прафесійнага свята, аднак праводзіць яго цэнтралізавана ў раёне асцерагаюцца з-за распаўсюджання каранавіруснай інфекцыі. Мяркуецца, што ўрачыстыя сходы з віншаваннямі і ўручэннем узнагарод пройдуць асобна ў сельгасарганізацыях і пажадана на свежым паветры.

На бліжэйшы час запланавана і здача ў эксплуатацыю 72-кватэрнага жылога дома. З гэтай нагоды таксама адбудзецца ўрачыстасць.

Рознае

Мяркуецца выдзеліць сродкі на азеляненне, за якія будуць набыты дэкаратыўныя пароды дрэваў і кустоў, іх высадзяць у гарадскім парку, мікрараёне вуліцы Навагрудскай, па райцэнтры.

У райвыканкаме плануюць правесці каардынацыйную нараду па развіцці сферы турызму, разгледзяць і магчымасць выдзялення бюджэтных сродкаў на праектна-каштарысную дакументацыю для будаўніцтва каркасна-тэнтавай спартыўнай пляцоўкі.

Праходзіць экспертызу і карэкціроўку праект па ачыстцы возера па вуліцы Навагрудскай, чакаецца, што дакумент будзе гатовы да канца наступнага тыдня.

На кантролі трымаюць своечасовасць аплаты за карыстанне энерганосьбітамі спажыўцамі раёна.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: