Падарунак ад дарожнікаў – пешаходам

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Напярэдадні прафесійнага свята работнікі ДРБУ № 119 завяршылі і ўвялі ў эксплуатацыю яшчэ адзін аб’ект на Дзятлаўшчыне – рэканструкцыю дарогі Гезгалы – Вусце.

Тут праклалі новую пешаходную дарожку для бяспекі людзей і “акультурылі” ўзбочыну.

Брыгада Слонімскага вытворчага ўчастка пад кіраўніцтвам вопытнага дзятлаўскага майстра Паўла Сіневіча пераняла эстафету ў дзятлаўчан, якія  пачыналі працаваць над праектам: разам атрымліваецца хутчэй і эфектыўней. Самі слонімцы прыязджаюць на Дзятлаўшчыну ахвотна, працуюць адказна, прымяняючы на практыцы свой багаты вопыт. Яны расказалі крыху пра сябе і павіншавалі сваіх калег з надыходзячым святам.

Аляксандр Шырокаў:

– Працую ў дарожнай галіне ўжо шаснаццаць гадоў, люблю і ведаю сваю справу. За апошні год разам з брыгадай працаваў на цікавых аб’ёмных праектах у Дзятлаўскім і Слонімскім раёнах – добраўпарадкаванні дваровых тэрыторый і вуліц. З дзятлаўскімі калегамі добра ладзім, таму і працуецца лёгка. Хоць дарога сюды і не зусім блізкая, на Дзятлаўшчыну еду з задавальненнем: тут краявіды не горшыя, чым у нас, і людзі таксама прыветлівыя. З нагоды Дня аўтамабіліста і дарожніка жадаю ўсім моцнага здароўя, міру ў сем’ях і дабрабыту.

Леанід Ляўкевіч:

– Дарожная служба – справа майго жыцця. За дваццаць восем гадоў стажу працаваў і дарожным рабочым, і сталяром-станочнікам. Работа падабаецца тым, што мы практычна заўсёды на свежым паветры, не манатонная, сумаваць не даводзіцца. Аб’ектаў у дарожнікаў многа, таму мы заўжды калясім па абодвух раёнах. Але, пакуль хапае сіл і здароўя, чаму б не паездзіць? Я сам родам з Дзятлаўшчыны, таму прыязджаю сюды на працу заўсёды з пачуццём радасці і некаторай настальгіі. Усім работнікам дарожнай галіны жадаю шматкратнага здароўя, добрых заробкаў і радасці ад сваёй прафесіі.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga