Натхненне, пераходзячы, жыве

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Мастакоў часта называюць дзівакамі, людзьмі з іншага вымярэння. Магчыма, гэта так і ёсць.

Яны ж узмахам пэндзля ператвараюць прыгажосць свету ў вечнасць. Так, так, менавіта ў вечнасць. На сваіх палотнах, якім жыць вечна, у сваіх сэрцах, якія гараць, нібы зоркі ўначы, працай рук віртуоза, майстра, адоранага Богам для служэння той самай прыгажосці, што ўратуе свет.

“Жывапіс – гэта маўклівая паэзія, а паэзія – жывапіс, які гучыць”, – так сказаў даўным-даўно старажытнагрэчаскі паэт Сіманід Кеоскі. З ім цяжка не пагадзіцца. Напэўна, гэта адчуванне і зблізіла мяне з мастачкай Жаннай Лукашэняй, выкладчыцай Дзятлаўскай школы мастацтваў. Калі ў 2020 годзе пачалася пандэмія, музей перайшоў на віртуальныя стасункі з наведвальнікамі, мы арганізавалі ноч музея. Сярод мерапрыемстваў была выстава мастачкі “Жанна Лукашэня: рамантык, летуценніца, фантазёрка”. Захапіўшыся яе работамі, я напісала да кожнай верш, аформіла мультымедыапрэзентацыю, а потым зрабіла ролік, які размясціла на ютубе. Работа паступова ператварылася яшчэ і ў каталог, які можна ў любы момант выдаць.

Што ж так прывабіла, натхніла? Адным словам і не адкажаш. Хутчэй за ўсё, адкрытасць Жанны Вячаславаўны, яе дабрыня, жаночая лагоднасць, уменне стаць блізкім, сваім чалавекам. Кажуць жа, што родныя па духу людзі адчуваюць адзін аднаго з першага знаёмства. Ды і натхніцца было чым: такую разнастайнасць тэхнік, фарбаў, сюжэтаў убачыш не ў кожнага мастака.

Жанне Вячаславаўне падабаецца эксперыментаваць з тэхнікай малявання, выкарыстоўваць нетрадыцыйныя: напырск, монатыпія, флоратыпія, гратаж, кляксаграфія. Любіць філіграннасць, скрупулёзную прамалёўку дробных дэталяў. Захапляецца таксама модульным арыгамі, вышыўкай, роспісам камянёў. Творча падыходзіць і да партрэтаў сваіх гераінь, уплятаючы кветкі і расліны ў іх валасы. Малюе алеем, алоўкамі каляровымі і простымі, акварэльнымі фарбамі, крэйдай. Часам здзіўляешся, колькі трэба цярпення і бяссонных начэй на тую ці іншую работу! Менавіта бяссонных начэй, бо ў Жанны маленькі сынок Максімка, які патрабуе штохвіліннай увагі і клопату. Яго, свайго любага сыночка, яна таксама вучыць маляваць, таму што заўважыла здольнасці і хоча даць дзіцяці магчымасць развіць іх. А калі ўсе засынаюць і ў кватэры цішыня і спакой, тады ўжо можна тварыць, фантазіраваць, летуценіць.

Жанна Лукашэня нарадзілася не ў Дзятлаве, яна выйшла сюды замуж, але палюбіла Дзятлаўшчыну, стала сваім, родным чалавекам. Тут, у Казлоўшчыне, жыла яе бабуля, якая віртуозна вышывала, ткала посцілкі.

Сёння мастачка таксама мае чалавека, які натхняе яе ўсё жыццё, – гэта маці. Менавіта дзякуючы ёй, таленавітай мастачцы, яркай творчай асобе, дачка працягнула дынастыю мастакоў і спадзяецца, што творчая нітачка не абарвецца. Цікавасць да малявання Жанна праявіла ў раннім дзяцінстве. Яна была ў пачатковых класах, калі папрасіла ў мамы алейныя фарбы і намалявала сваю першую работу “Пара фламінга на заходзе сонца”. Любіла маляваць матылькоў, рыбак, кветкі, невялічкія куточкі прыроды. Малюе іх да сённяшняга дня, нібы вяртаецца ў далёкае дзяцінства, у мары малой дзяўчынкі, перад якой адкрыты ўсе дарогі. Нават некаторыя свае будучыя работы бачыць у сне.

І калі паўстала пытанне пра выбар жыццёвага шляху, Жанна Вячаславаўна, не задумваючыся, выбрала мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага ўніверсітэта імя П. Машэрава. У час вучобы актыўна ўдзельнічала ў гарадскіх мастацкіх выставах. Ды і ў нашым музеі дзятлаўчане два гады таму маглі палюбавацца работамі мастачкі на выставе “Мастакі роднай зямлі”, якую ўпрыгожвалі работы дванаццаці землякоў.

Дзясяткі яе вучняў раз’ехаліся па свеце, але не забыліся пра навык, які перадала ім настаўніца. Многія пішуць ёй, прыходзяць у госці, дзеляцца сваімі творчымі набыткамі. І гэта шчасце, калі тваё натхненне перадаецца іншым, раскрывае ў іх здольнасці, душэўныя парывы.

Зараз у музеі працуе персанальная выстава Жанны Лукашэні “Рамантыка летуценнасці”, на якой прадстаўлена больш за 30 работ. Усе яны розныя як па палітры фарбаў, так і па настроі, жанры. Ёсць рэалістычныя, якія з фатаграфічнай дакладнасцю перадаюць прыроду, але ёсць і фантазійныя, незямныя, што спусціліся з іншага сусвету павуцінкай, ці кляновым лістом, ці крохкім снежным крышталікам. Варта наведаць выставу, угледзецца ў работы мастачкі, каб хоць на адно імгненне зліцца з ёй душой, стаць больш светлым, шчырым, аптымістычным.

Жанна Лукашэня – шчаслівая маці і жонка. Яе лепшы сябра і дарадца – муж Дзмітрый, які заўсёды зразумее і падтрымае. А яшчэ дачка Дар’я, студэнтка эканамічнага факультэта Палескага ўніверсітэта. Дар’я, як і брацік Максім, таксама малюе. А мы будзем спадзявацца, што ў хуткім часе станем наведвальнікамі выставы сям’і Лукашэняў, бо, як аказалася, талент перадаецца не праз пакаленне, як прынята лічыць, а калена ў калена.

Алена АБРАМЧЫК,
старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: