Дзмітрый Мазоль: “Умеем і любім працаваць у тандэме”

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Штогод напрыканцы кастрычніка сваё прафесійнае свята адзначаюць работнікі дарожнай галіны – тыя, хто звязвае людзей за сотні і тысячы кіламетраў. Як сёння жыве Дзятлаўскае ДРБУ № 119, чым займаецца і якія мае планы на будучыню, расказаў кіраўнік арганізацыі Дзмітрый Мазоль.

— Дзмітрый Мікалаевіч, што сёння ўяўляе сабой дарожнае рамонтна-будаўнічае ўпраўленне № 119?

— У нашай дружнай камандзе працуюць 124 чалавекі на двух вытворчых участках – Дзятлаўскім і Слонімскім. Дзятлаўскі ўчастак абслугоўвае 630 кіламетраў дарог мясцовага значэння, 90 кіламетраў вуліц населеных пунктаў, Слонімскі – 545 кіламетраў аўтадарог і 60 кіламетраў вуліц. Умеем і любім працаваць у тандэме: многія праекты мы ўвасабляем агульнымі сіламі дзятлаўчан і слонімцаў.

— Дзе папрацавалі сёлета?

— Дзевяць месяцаў гэтага года былі насычанымі для арганізацыі на абодвух яе ўчастках. Калі казаць мовай лічбаў, то намі асвоена сума капітальных укладанняў звыш 3827 тысяч рублёў, на прамых дамовах – 842 тысячы рублёў. Згодна з рэспубліканскай праграмай утрымання аўтамабільных дарог, на Дзятлаўшчыне правялі капітальны рамонт аўтадарогі Наваельня – Казлоўшчына – Дзераўная, праклалі больш за 4 кіламетры асфальтавай шашы, выканалі бягучы рамонт двухкіламетровага адрэзка дарогі Карэлічы – Валеўка – Наваельня, завяршаем рамонт дарогі Гезгалы – Вусце, дзе пракладваем пешаходную дарожку. Па прамых дамовах добраўпарадкавалі дваровую тэрыторыю мікрараёна па вуліцы Перамогі, правялі асфальтаванне на вуліцы Азёрнай, на мосце па вуліцы Камсамольскай у Дзятлаве; заклалі паркоўку каля вытворчага будынка ТАА “Ізакам” і абнавілі асфальтавае пакрыццё на тэрыторыі Дзятлаўскага філіяла ААТ “Молочный Мир”.

— Якія праекты ў бліжэйшых планах?

— На Дзятлаўшчыне практычна ўсе актуальныя справы на гэты год завершаны, актыўна працуем у суседнім раёне. Да канца года плануем завяршыць асфальтаванне тэрыторыі ваеннага гарадка ў Слоніме і рэканструкцыю двух кіламетраў аўтадарогі з асфальтаваннем.

— Як у дарожнікаў ідзе падрыхтоўка да зімовага перыяду?

— Ужо сёння мы гатовы да зімы на 70 %: закуплены пясчана-салявыя сумесі, падрыхтавана да сезона спецтэхніка для прыбірання снегу і расчысткі дарог. Для гэтага, а таксама для абкошвання прыдарожных палосаў у летні перыяд набылі два новыя трактары МТЗ.

– Як працуеце ва ўмовах кавіду?

– Работа дарожнікаў не павінна спыняцца, нягледзячы на любыя абставіны. Таму больш увагі надаём прафілактычным мерам: у дадзены момант закрыты для наведвальнікаў цэнтральны ўваход у арганізацыю, нашы работнікі зрабілі прышчэпкі ад COVID-19, забяспечваем сваіх супрацоўнікаў антысептыкамі на працоўных месцах і ў спецтранспарце, захоўваем масачны рэжым. З другога боку, стараемся падтрымаць фінансава кожнага работніка арганізацыі, які захварэў на каранавірус.

– У Беларусі 2021 год абвешчаны Годам народнага адзінства. Што для вас азначаюць гэтыя словы?

– Наша арганізацыя сама па сабе яскравы прыклад адзінства. Тэрытарыяльна мы падзелены на два раёны, але і ў працы, і ў адпачынку – заўжды разам. Нават сёлета не адзін маштабны праект мы рэалізавалі агульнымі стараннямі слонімскіх і дзятлаўскіх дарожнікаў: выканалі работы ў мікрараёне па вуліцы Перамогі ў Дзятлаве, якімі кіраваў майстар са Слонімскага ўчастка Ігар Паўленка, разам завяршаем аб’ёмны заказ у Слоніме, займаліся пракладваннем пешаходнай дарожкі ў Гезгалах. Сумесныя экскурсіі і спартыўныя спаборніцтвы – гэта таксама пра наш калектыў. На “ўра” прайшоў ужо трэці ўнутраны чэмпіянат па рыбнай лоўлі, чакаем лёд, каб правесці зімовую рыбалку. А ўжо на галіновых стартах стаім за сваю арганізацыю адной зладжанай камандай.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: