Цёплая зімоўка. Хто паклапоціцца пра пажылых?

Важнае Грамадства

Халодны сезон мала радуе пажылых вяскоўцаў, асабліва тых, для каго самастойна нанасіць вады і дроваў, прапаліць у печы, схадзіць да аўталаўкі – сапраўднае выпрабаванне.

А калі на дварэ дождж ці снег, калі падворак і дарожкі становяцца коўзкімі, увогуле існуе рызыка ўпасці і траўмавацца.

Каб такія грамадзяне не заставаліся сам-насам з праблемамі, у нашай краіне працуе зладжаная сістэма сацыяльнай падтрымкі. Што яна прадугледжвае, расказала дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Таццяна Нікіпорчык.

– Таццяна Сямёнаўна, як на Дзятлаўшчыне выяўляюць пажылых людзей, якія маюць патрэбу ў дапамозе?

– Штотыднёва ў райвыканкаме праходзяць пасяджэнні рабочай групы па стварэнні бяспечных умоваў пражывання грамадзян пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Ігара Кухарэвіча. На іх са справаздачамі аб выкананай рабоце выступаюць старшыні аглядавых камісій, што працуюць пры кожным сельвыканкаме і ў райцэнтры. У састаў камісій, акрамя прадстаўнікоў улады, уваходзяць спецыялісты службаў прафілактыкі – ратаўнікі, праваахоўнікі, медыкі, педагогі, работнікі энерганагляду і газавай службы, сацыяльныя работнікі. Наша галоўная задача – праверыць і ацаніць умовы пражывання насельніцтва, звяртаючы найбольш пільную ўвагу на неабароненыя катэгорыі грамадзян, у тым ліку адзінокіх пажылых людзей, інвалідаў і пажылых, якія жывуць адзінока. Незадоўга да пачатку ацяпляльнага сезона высвятляем у фізічна аслабленых прадстаўнікоў пералічаных катэгорый, дзе яны збіраюцца правесці зіму. Калі называюць сваякоў, абавязкова тэлефануем ім і ўдакладняем гатоўнасць прыняць чалавека да сябе. Калі родныя самі не маюць умоваў і магчымасці дапамагаць, абмяркоўваем іншыя варыянты.

–  Якія гэта варыянты, ці вялікі іх выбар?

Хачу падкрэсліць, што першапачатковая задача, якая стаіць перад сацыяльнай службай раёна, каб чалавек максімальна доўга знаходзіўся ў родным доме, нездарама кажуць, што “родныя сцены лечаць”. Таму спачатку прапаноўваем паслугі сацыяльнага работніка. Імі сёння карыстаецца 501 наш зямляк з вызначаных катэгорый насельніцтва.

Адзінокім пажылым людзям можам яшчэ прапанаваць правесці зіму ці застацца пастаянна жыць ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў гарадскога пасёлка Казлоўшчына, дзе цяпер жыве 30 насельнікаў.

На жаль, калі ў сілу фізічных магчымасцяў чалавек ужо няздольны да самаабслугоўвання, даводзіцца прапанаваць яму так званы “сацыяльны ложак”. На Дзятлаўшчыне гэта 30 месцаў у бальніцы сястрынскага догляду аграгарадка Гезгалы, 15 – у Казлоўшчынскай гарпасялковай бальніцы, яшчэ 10 – у Новаяльнянскай.

Грамадзяне шаноўнага ўзросту, якія маюць дзяцей, але жывуць адзінока, могуць разлічваць перазімаваць у доме ці кватэры сумеснага самастойнага пражывання аграгарадка Гезгалы, дзе знаходзяцца 10 і 4 насельнікі адпаведна. Адрозненне гэтай формы ўладкавання ад папярэдніх у тым, што чалавек не знаходзіцца на поўным дзяржаўным забеспячэнні, а разам з суседзямі па ўстанове выкарыстоўвае сваю пенсію на аплату камунальных паслугаў і харчаванне, такім насельнікам таксама дапамагаюць сацыяльныя работнікі.

Новы фармат работы з пажылымі грамадзянамі, які ў гэтым сезоне працуе ў Гезгалах, – “Дом зімоўкі”. Тут для мясцовай пажылой гаспадыні добраўпарадкаванай кватэры на перыяд ацяпляльнага сезона мы знайшлі суседку-равесніцу. Цяпер дзве жанчыны маюць агульную спажывецкую карзіну, разам аплачваюць камунальныя паслугі і таксама карыстаюцца дапамогай сацыяльнай работніцы. Так жыць ім весялей, ёсць адчувальная эканомія грашовых сродкаў і догляд.

Працуе і яшчэ адзін цікавы фармат: замяшчальная сям’я, дзе пра пажылую жыхарку раёна клапоціцца наша зямлячка, разам па дамоўленасці яны склалі агульны “спажывецкі бюджэт”, што таксама спрашчае абедзвюм жанчынам жыццё і быт. Такая форма догляду прывабная тым, што пажылы чалавек знаходзіцца ва ўтульнай хатняй абстаноўцы пад кругласутачным наглядам.

– Таццяна Сямёнаўна, якое пажаданне вы адрасуеце пажылым людзям Дзятлаўшчыны?

– Я падкрэслю, што наша дзяржава шмат клапоціцца пра пажылых грамадзян, у нас сацыяльна арыентаваная эканоміка, і чалавек шаноўнага ўзросту атрымлівае надзейныя сацыяльныя гарантыі, ён мае магчымасць пражыць сваю “восень жыцця” дастойна, у цяпле, клопаце, увазе, пры падтрымцы неабыякавых людзей. Адзінае, аб чым хачу папрасіць пажылых землякоў, каб яны правільна ацэньвалі свае сілы і магчымасці, каб своечасова ўсведамлялі, што ўжо не могуць спраўляцца са звыклымі бытавымі клопатамі, і не баяліся звяртацца да нас. Мы не навязваем рашэнняў, мы прапаноўваем варыянты дастойнай старасці сярод людзей.

Ірына СТЫРНІК