Цікавая восень. Канікулы ў лагеры і анлайн

Важнае Грамадства

У 13 установах адукацыі нашага раёна на восеньскіх канікулах з 1 па 6 лістапада будуць працаваць школьныя лагеры.

Пра гэта расказала метадыст Дзятлаўскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Наталля Пазняк.

– З улікам супрацьэпідэміялагічных патрабаванняў атрады будуць невялікія, не больш за 15 чалавек, – патлумачыла Наталля Захараўна. – Захаваем меры дыстанцыравання, выканаем іншыя прафілактычныя мерапрыемствы, прапісаныя ў метадычных рэкамендацыях, такія як праветрыванне памяшканняў, размежаванне патокаў навучэнцаў, адасобленая пасадка атрадаў у сталовай і іншыя. Асноўны ўхіл плануем зрабіць на максімальнае знаходжанне дзяцей на свежым паветры ў час гульняў і спартыўных мерапрыемстваў.

Усяго ў школьных лагерах на асенніх канікулах адпачнуць і паправяць здароўе 200 хлопчыкаў і дзяўчынак. Дзеці цікава і карысна правядуць час замест таго, каб накіроўвацца да пажылых сваякоў, што не пажадана ва ўмовах пандэміі. У лагеры яны будуць знаходзіцца з 9 да 16 гадзін, але, каб падтрымаць бацькоў, якія працуюць, прадугледжаны дзяжурныя групы, што будуць функцыянаваць раніцай з 8 да 9 гадзін і напрыканцы дня з 16 да 17 гадзін 30 хвілін.

У час змены ў навучэнцаў не будзе часу сумаваць: кожны дзень прысвецім пэўнай тэме, педагогі прадумаюць разнапланавыя мерапрыемствы, каб кожнае дзіця знайшло для сябе заняткі па душы.

Таксама ўсе ўстановы адукацыі раёна плануюць арганізаваць анлайн-платформы для вучняў, якія застануцца дома. Іх тэматыка будзе тычыцца нашай Радзімы, яе гісторыі, вядомых людзей, мясцовых славутасцяў, мяркуем нават запрасіць дзяцей у анлайн-падарожжы па родным краі.

Не менш цікавай будзе яшчэ адна форма дыстанцыйнага адпачынку, пра якую расказала старшыня раённага савета ГА “БРПА” Ірына Мішчанка.

– На асенніх канікулах членаў дзіцячай палаты і гарадскога піянерскага штаба раённага савета ГА “БРПА”, а таксама дэпутатаў моладзевага парламента пры раённым Савеце дэпутатаў на адной платформе сабярэ віртуальны лагер “Анлайн-кемпінг “ЛідарSTREAM” для маладых лідараў нашага раёна, які пачне сваю работу ў рамках Года народнага адзінства, – зазначыла Ірына Анатольеўна. – Галоўная студыя будзе знаходзіцца ў раённым цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, а для віртуальных стасункаў мы створым групу “ВКонтакте”, праз якую адзін раз на дзень будзем выходзіць на сувязь з далейшым падвядзеннем вынікаў сустрэч.

Наведвальнікаў анлайн-кемпінга “ЛідарSTREAM” чакаюць анлайн-віктарыны, бліц-турніры, работа ў блогах, майстар-класы па навучанні рабоце ў сацыяльных сетках і стварэнні аўтарскіх ролікаў для “TikTok”. Усе нашы стасункі будуць праходзіць пад знакам патрыятызму і народнага адзінства, кожны зможа падзяліцца думкамі наконт таго, як зрабіць нашу краіну яшчэ больш прывабнай і шчаслівай, што ў гэтым працэсе залежыць ад маладога пакалення, у чым роля юных лідараў. Упэўнена, што ў час змены дзеці сустрэнуць у віртуальнай прасторы цікавых крэатыўных равеснікаў, з якімі і надалей будуць падтрымліваць цесныя сяброўскія сувязі.

Ірына СТЫРНІК 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga