Аграрыі працуюць без прамаруджання

Галоўнае Улада

Тэмы размяшчэння адзінокіх пажылых людзей на зіму пад нагляд, уборкі кукурузы на сілас, увядзення абавязковага масачнага рэжыму і іншыя гучалі на штотыднёвай рабочай нарадзе ў старшыні райвыканкама.

Ад аднаго віду работ да другога – аператыўна

Першая дэкада кастрычніка выдалася пагодлівай, што дазволіла аграрыям Дзятлаўшчыны завяршыць сяўбу азімых збожжавых. Тым не менш, на палях раёна яшчэ “сядзіць” бульба – засталося ўбраць 51 гектар, аператыўна трэба ўбраць кукурузу на сілас (тут адстаюць гаспадаркі “Жукоўшчына”, “Дварэц-Агра”, “Хвінявічы” і “Войневічы”).

Андрэй Садоўскі звярнуў увагу спецыялістаў упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання на адсутнасць кантролю за хімпраполкай азімых культур у гаспадарках раёна. Яна недастатковымі тэмпамі сёння праводзіцца ў КСУПах “Жукоўшчына” і “Дварэц-Агра”.

Андрэй Уладзіміравіч нагадаў, што прыйшоў час заняцца плюшчэннем зерня. Тэхналогія плюшчэння і далейшага кансервавання пасяўных культур выкарыстоўваецца ўсё часцей. Справа ў тым, што зерне злакавых культур, у першую чаргу кукурузнае, сабранае, перапрацаванае пры высокай вільготнасці, з’яўляецца высокаэфектыўным прадуктам для кармлення буйной рагатай жывёлы.

Слухаюць, але не прышчапляюцца

– Час не проста прыходзіць у калектыў з растлумачэннямі, а адразу прыязджаць разам з брыгадай медыкаў з вакцынай. Хто, паслухаўшы доктара, пажадае прышчапіцца, няхай адразу і прышчапляецца, калі няма супрацьпаказанняў, – з такой задачай звярнуўся да галоўнага санітарнага доктара Алены Шайбак старшыня райвыканкама. – Трэба ісці людзям насустрач, яны цэлы дзень на працы, каму хочацца пасля ўвечары яшчэ ехаць у паліклініку, хадзіць па кабінетах, або кіраўніку па некалькі разоў збіраць работнікаў, каб спачатку паслухалі пра вакцынацыю, а пасля прышчапіліся.

Алена Шайбак нагадала прысутным, што, акрамя вакцынацыі супраць каранавірусу, у Дзятлаве ўжо можна прышчапіцца і ад грыпу. Пасля ўвядзення вакцыны ад COVID-19 прышчапіцца ад грыпу можна ўжо праз два тыдні. Таксама Алена Вячаславаўна адзначыла, што з 9 кастрычніка нашэнне масак і захаванне дыстанцыі ў грамадскіх месцах стала абавязковым па ўсёй рэспубліцы. Звязана гэта з неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыяй па захваральнасці на каранавірусную інфекцыю.

Не пакінуць на волю лёсу

Па лініі аддзела ўнутраных спраў на нарадзе адзначалася адносна спакойная абстаноўка мінулага тыдня. Праваахоўнікі фіксавалі і выяўлялі толькі крадзяжы, праўда, як кажуць, “на любы густ”: грошай, металу, залатых вырабаў, бульбы, дамашняй птушкі…

Што датычыцца службы па надзвычайных сітуацыях, ратаўнікі выязджалі на ліквідацыю ўзгарання падсобнага памяшкання, задымленняў з-за падгарэўшай ежы, з-за ўспышкі пылапаветранай сумесі.

Старшыня райвыканкама даручыў ратаўнікам сумесна са старшынямі сельвыканкамаў кантраляваць сітуацыю з грамадзянамі, якім неабходна на зімовы перыяд пераехаць да радні, каб людзей сапраўды забралі, а не пакінулі ў халодных дамах. А таксама кантраляваць асобную катэгорыю грамадзян, якія злоўжываюць алкаголем, бо, як паказвае практыка, большасць пажараў з гібеллю людзей на іх адбываецца не з-за няспраўных печак, а з-за злашчаснага тандэма “выпіў-закурыў”.

Іншыя тэмы

Начальніку раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Дзмітрыю Балькоўскаму пастаўлена задача трымаць на кантролі работы па ачыстцы возера па вуліцы Навагрудскай у райцэнтры. Ачыстка павінна быць праведзена яшчэ сёлета, у тэрміны, вызначаныя інвестпраграмай.

Яшчэ Андрэй Садоўскі адзначыў, што кантроль за ўборкай тэрыторый пасля дэмантажу і зносу аб’ектаў, а такіх на Дзятлаўшчыне сёння нямала, таксама абавязковая функцыя інспекцыі.

****

Прадугледзець на наступныя сельскагаспадарчыя кірмашы, якія будуць праходзіць у раёне, дастатковы аб’ём прадукцыі, на якую быў самы вялікі попыт на першым кірмашы ў Дзятлаве ў мінулую суботу, даручыў старшыня райвыканкама адказным службам, гаспадаркам.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: