Урокі радасці, або Пра што нагадвае залатая восень?

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Усіх нас аб’ядноўваюць добрыя традыцыі, цікавыя сустрэчы, плённая праца, сяброўскія адносіны.

У Год народнага адзінства напярэдадні свята пажылых людзей выдалася цудоўная нагода ўзгадаць гісторыю стварэння на Дзятлаўшчыне выдатнай арганізацыі – раённага савета ветэранаў педагагічнай працы, які сёння аб’ядноўвае 395 нераўнадушных, актыўных, мудрых людзей.

Адказам на пытанне, для чаго была створана гэта арганізацыя, могуць служыць словы яе старшыні Раісы Ганчарэвіч:

– Мы радуемся, калі бачым на нашых сустрэчах шчаслівыя твары ветэранаў. Шчаслівы чалавек не адчувае сябе пажылым, а наша душа ўвогуле не старэе, колькі б нам не было гадоў. Значыць, можна заставацца маладымі, нягледзячы на хваробы, надвор’е, настрой, і жыць паўнавартасным актыўным жыццём кожны дзень!

Гартаючы старонкі летапісу

Савет ветэранаў педагагічнай працы нашага раёна можна лічыць даволі маладой арганізацыяй, якая па чалавечых мерках толькі ўступае ў “падлеткавы ўзрост” і сёлета адзначае сваё 11-годдзе. Аднак немагчыма пераацаніць тыя вопыт, мудрасць, урокі радасці, якія за гэты невялікі адрэзак часу былі “перададзены” педагогамі “залатога ўзросту” адзін аднаму, малодшым калегам, падрастаючаму пакаленню дзятлаўчан.

Першым крокам да заснавання арганізацыі можна лічыць 30 снежня 2008 года, калі на ХІ пленуме Дзятлаўскага райкама Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, які праходзіў пад старшынством Станіслава Фабішэўскага, была прынята пастанова “Аб стварэнні і зацвярджэнні складу раённага каардынацыйнага савета ветэранаў педагагічнай працы”.

У маі 2010 года на базе раёна прайшло пасяджэнне абласнога савета ветэранаў педагагічнай працы, што дало дадатковы імпульс да актывізацыі работы ў гэтым кірунку. Праз месяц на пасяджэнні прэзідыума райкама галіновага прафсаюза было зацверджана Палажэнне аб раённым савеце ветэранаў педагагічнай працы, а ў лістападзе – выбраны яго члены і арганізаваны агляд-конкурс на лепшую прафсаюзную пярвічку, дзе асобнай намінацыяй ацэньвалася работа з педагогамі-ветэранамі. Паколькі агляд-конкурс праводзіўся штогадова да Дня настаўніка з уручэннем узнагародаў, ва ўстановах адукацыі актывізавалася работа з ветэранамі, аднак на раённым узроўні хацелася большага. Таму з 2011 года ў традыцыю ўвайшлі ўрачыстыя сустрэчы настаўнікаў-пенсіянераў да Дня пажылых людзей і Дня настаўніка.

Восеньскі букет віншаванняў

Штогадовых кастрычніцкіх сустрэч ветэраны педагагічнай працы чакаюць з нецярпеннем, да іх рыхтуюцца, стараюцца не прапускаць, нават калі крыху падводзіць здароўе. Выступленні артыстаў, апошнія навіны раённай сістэмы адукацыі, шчырыя размовы за кубачкам чаю з былымі калегамі, якія з’ехаліся з усяго раёна, вершы, песні, усмешкі – усё гэта дазваляе сагрэцца душой і крышачку памаладзець. На такіх мерапрыемствах няма чужых, усе свае: і маладыя педагогі, якія з вучнямі рыхтуюць святочнае выступленне, і пенсіянеры, якія яшчэ “ў страі”, і былыя калегі. Ва ўрачыстай абстаноўцы з уручэннем падарункаў ушаноўваюць 60-, 70-, 80-, 90-гадовых юбіляраў. Іх за час існавання арганізацыі ўзнагароджана 458 чалавек. Абавязковым атрыбутам сустрэч з’яўляюцца насценгазеты ад прафсаюзных пярвічак з фотаздымкамі і матэрыяламі аб імянінніках.

Многія вучні педагогаў-ветэранаў выраслі дастойнымі людзьмі, і кожны год сярод іх знаходзяцца спонсары кастрычніцкага свята. Пра тое, што настаўнікі і на заслужаным адпачынку ў пашане, сведчыць удзел у сустрэчах прадстаўнікоў раённай улады, грамадскіх аб’яднанняў, уручэнне афіцыйных узнагарод.

Цікавыя лічбы: за 11 гадоў існавання арганізацыі Граматамі і Падзячнымі лістамі райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў ўзнагароджаны 43 педагогі-ветэраны, аддзела адукацыі – 43 настаўнікі-пенсіянеры, райкама прафсаюза – 36, каштоўнымі падарункамі раённай арганізацыі “Беларускі саюз жанчын” – 24 юбіляры, раённага савета ветэранаў вайны і працы – 30, раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” – 12. У раённай газеце “Перамога” надрукавана 616 заметак, віншаванняў, навінаў, вершаў, замалёвак, у тым ліку пад аўтарствам саміх настаўнікаў-пенсіянераў.

Голас у тэлефоннай трубцы

Ніхто з педагогаў-ветэранаў ужо не здзіўляецца, калі ў свой дзень нараджэння ў тэлефоннай трубцы чуе знаёмы голас намесніка старшыні раённага савета ветэранаў педагагічнай працы Яўгеніі Савань. Яна не толькі шчыра віншуе імянінніка ў характэрнай ёй цёплай манеры, але і падбадзёрвае добрым словам, жартуе, цікавіцца здароўем, дзецьмі, унукамі, нагадвае мінулае.

– Дарыце больш цяпла адзін аднаму, кажыце пяшчотныя словы, гэта неабходна кожнаму з нас, асабліва пажылым людзям, – заклікае Яўгенія Рыгораўна.

Менавіта Яўгенія Савань вядзе ўлік работнікаў галіны, якія выйшлі на заслужаны адпачынак, асаблівую ўвагу надае настаўнікам школ, якіх ужо няма на карце Дзятлаўшчыны, удакладняе адрасы і тэлефоны ветэранаў, якія па стане здароўя выехалі да дзяцей у іншыя гарады, супрацоўнічае з прафсаюзнымі пярвічкамі ўстановаў адукацыі, што шэфствуюць над настаўнікамі-пенсіянерамі, і старшынямі пярвічных ветэранскіх арганізацый.

Галоўнае, да чаго імкнецца актыў ветэранскага аб’яднання ў сваёй рабоце, каб ні адзін педагог-пенсіянер не застаўся без увагі. Таму не варта здзіўляцца, калі Раіса Ганчарэвіч і Яўгенія Савань з’яўляюцца на парозе ў юбіляра, які па стане здароўя застаецца дома.

Не рвецца сувязь пакаленняў

Самі педагогі-ветэраны і на заслужаным адпачынку падтрымліваюць сувязь з працоўнымі калектывамі. Сярод традыцыйных формаў узаемадзеяння – вечары-сустрэчы з маладымі спецыялістамі, творчыя гасцёўні юбіляраў, удзел у класных гадзінах, прапаганда педагагічных прафесій, арганізацыя конкурсаў, выставаў, экскурсій. Навучэнцам настаўнікі-пенсіянеры дапамагаюць у краязнаўча-пошукавай рабоце. У многіх установах адукацыі працуюць музеі і музейныя пакоі, дзе ёсць экспазіцыі аб ветэранах працы і вядомых земляках. З ініцыятывы раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі створаны віртуальны летапіс установаў адукацыі, а да 110-годдзя прафсаюзаў Беларусі надрукаваны зборнік “Ветэраны працы Дзятлаўшчыны”, дзе абагулены вопыт работы з пенсіянерамі галіны, сабраны нарысы пра іх жыццё.

У скарбонцы “залатога фонду” раёна

Ветэраны-педагогі праяўляюць творчасць і ініцыятыву ў арганізацыі вольнага часу, з іх “лёгкай рукі” ў раёне створаны пэўныя творчыя гурты.

Аматарскае аб’яднанне “Поэзия – души движенье” ўзнікла на кватэры ў Раісы Лакізы, дзе былыя калегі, сябры, педагогі-паэты збіраліся нешматлікай кампаніяй пагутарыць і пачытаць свае вершы за кубачкам чаю. Цяпер гурт пашырыўся, праводзіць пасяджэнні ў адкрытым фармаце з запрашэннем настаўнікаў і вучняў школ.

На адной з сустрэч у Дварэцкай сярэдняй школе ўзнікла ідэя стварыць клуб ветэранаў аграгарадка. Так, у студзені 2010 года на базе Дварэцкага дома культуры пры падтрымцы былой старшыні сельвыканкама Веры Сёмухі і настаўніцы-пенсіянеркі Валянціны Скок было арганізавана аматарскае аб’яднанне “У коле сяброў”, якое дзейнічае і ў наш час.

Работа раённага савета ветэранаў педагагічнай працы прадаўжаецца, гэта значыць, у летапіс добрых спраў “залатога фонду” Дзятлаўшчыны будзе ўпісана яшчэ не адна яркая старонка гісторыі.

Ірына СТЫРНІК

Фота з архіва ветэранскай арганізацыі

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga