Залатая восень – залаты ўзрост

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

У верасні свой 80-гадовы юбілей сустракала мудрая і прыгожая жанчына Соф’я Козел з вёскі Ліжэйкі.

З гэтай урачыстай нагоды рэйд-віншаванне юбіляркі ў рамках праекта “Глыбінкай жыве Беларусь” арганізавалі работнікі сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага цэнтра культуры і народнай творчасці, да якіх далучылася актывістка раённага савета ветэранаў Ядвіга Гушча.

На дагледжаным падворку Соф’і Мікалаеўны, дзе квітнеюць клумбы з аксаміткамі, вырашчаныя руплівымі рукамі гаспадыні, пад жывыя гукі баяна гучалі песні мінулых гадоў і шчырыя пажаданні актыўнага даўгалецця, клопату родных і блізкіх, міру, дабра. Музычныя і памятныя падарункі для Соф’і Козел падрыхтавалі Ганна Харлінская, Ірына Бакшук, Ядвіга Гушча.

Гаспадыня расказала гасцям пра галоўныя падзеі свайго жыцця і з задавальненнем падзялілася з імі асабістым сакрэтам даўгалецця.

Дзяцінства і маладосць Соф’і прайшлі тут, у Ліжэйках. У суседніх Таркачах яна скончыла тры класы школы, што для пасляваеннага пакалення лічылася някепскай адукацыяй. Працоўную дзейнасць маладая дзяўчына пачынала ў мясцовым калгасе ў паляводстве, затым была даяркай. У галіне сельскай гаспадаркі Соф’я Мікалаеўна і яе муж-трактарыст адпрацавалі ўсё жыццё. Разам выгадавалі сына і дачку, цяпер юбілярку радуюць трое ўнукаў і столькі ж праўнукаў. Блізкія шануюць і паважаюць бабулю, наведваюцца ў бацькоўскі дом, часта тэлефануюць, а каб Соф’я Мікалаеўна не сумавала, адну са сценаў яе пакоя сваякі адвялі пад невялікую сямейную фотагалерэю. Яшчэ родныя сцены ўпрыгожваюць рукадзельныя работы самой гаспадыні – яркія карціны, вышытыя крыжыкам. Назіральныя госці пасля наведвання сядзібы Соф’і Козел абавязкова зробяць выснову, што ў яе гаспадыні залатыя рукі. Пра гэта сведчаць саматканыя пакрывалы, вязаныя кручком дыванкі, вышываныя ручнікі. А яшчэ ў Соф’і Мікалаеўны прыгожы народны голас, спявае яна па-вясковаму эмацыянальна, асабліва сваю любімую песню “Все тропинки снежком запорошены…”.

Сакрэтамі свайго даўгалецця наша зямлячка лічыць добрыя адносіны з людзьмі і ўменне атрымліваць радасць ад працы і хатніх клопатаў. Сваіх дзяцей яна таксама заўсёды вучыла дабрыні і чуласці, цяпер стараецца прывіць гэтыя якасці ўнукам і праўнукам. Сучаснай моладзі Соф’я Козел жадае моцнага здароўя і просіць, каб маладое пакаленне не забывалася пра сваіх бабуляў, якія вельмі любяць унукаў і заўсёды чакаюць у госці.

Ірына СТЫРНІК   

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga