Як павысіць памер пенсіі па ўзросце?

Важнае Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

Ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама часта звяртаюцца жыхары Дзятлаўскага раёна.

Іх хвалююць важныя пытанні, якія найчасцей тычацца налічэння і выплаты пенсій і дапамогаў. На адно з іх адказвае намеснік начальніка ўпраўлення, начальнік аддзела пенсій і дапамогаў Алена Навічэнкава.

Пытанне: што такое адкладзены выхад на пенсію?

Адказ: важным кірункам у рабоце ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама з’яўляецца павышэнне інфармаванасці грамадзян аб магчымасці істотнага павелічэння памеру пенсіі па ўзросце шляхам аднясення тэрміну пачатку яе атрымання на больш позні перыяд – так званы адкладзены выхад на пенсію ў адпаведнасці з артыкулам 23-1 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб пенсійным забеспячэнні”.

На практыцы адмова ад атрымання пенсіі ў перыяд работы пасля назначэння пенсіі па ўзросце на агульных падставах можа ажыццяўляцца:

у мэтахдапрацоўкі” стажу да поўнага года (перыяд адмовы ад атрымання пенсіі можа складаць ад 1 дня);

– у мэтах фарміравання права на павышэнне пенсіі (сумарная працягласць перыядаў адмовы ад атрымання пенсіі павінна складаць не менш за 2 месяцы).

Прэмія за адкладзены выхад на пенсію прадугледжана пры прадаўжэнні работы пасля дасягнення агульнавызначанага пенсійнага ўзросту без атрымання дзяржаўнай пенсіі. Пенсія па ўзросце на агульных падставах павялічваецца на:

– 6; 8; 10 і 12 працэнтаў заробку, з якога налічваецца пенсія, – адпаведна за кожны поўны першы, другі, трэці і чацвёрты гады працы, па 14 працэнтаў такога заробку – за поўны пяты і кожны наступны гады працы. Указаныя памеры павелічэння пенсіі сумуюцца паміж сабой;

– 1 працэнт заробку, з якога налічваецца пенсія, – за кожныя поўныя два месяцы няпоўнага года работы. Гэты памер сумуецца з вышэйпазначанымі памерамі павелічэння пенсіі.

Пад працай, якая дае права на павелічэнне пенсіі, разумеюць перыяды работы, прадпрымальніцкай, творчай і іншай дзейнасці, на працягу якіх ажыццяўлялася ўплата абавязковых страхавых узносаў у бюджэт фонду сацыяльнай абароны насельніцтва паводле заканадаўства аб дзяржаўным сацыяльным страхаванні.

Кожны наступны поўны год работы без атрымання пенсіі дае больш высокую прэмію. Чым большы гэты тэрмін, тым больш значна прырастае пенсія.

Калі грамадзянін дасягнуў агульнавызначанага пенсійнага ўзросту і яму прызначаецца (ці ўжо прызначана) пенсія па ўзросце (пры агульным стажы 20 і больш гадоў для жанчын, 25 і больш гадоў для мужчын), то пры прадаўжэнні работы без атрымання пенсіі ён можа дадаткова павялічыць яе памер.

Для гэтага патрабуецца:

– адмовіцца ад атрымання пенсіі не менш, чым на 2 месяцы (падаць адпаведную заяву ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне);

– прадоўжыць працаваць з заработнай платай, не ніжэйшай за мінімальную (без атрымання пенсіі);

– пасля завяршэння выбранага перыяду работы без атрымання пенсіі звярнуцца за аднаўленнем выплаты пенсіі і яе пераразлікам з улікам прэміі ( падаць адпаведную заяву ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне).

Памер пенсіі будзе павялічаны не толькі за кошт прэміі, але і за кошт дадатковага стажу, бо ў яго будзе ўключаны час работы пасля прызначэння пенсіі.

Калі грамадзянін прыняў рашэнне адмовіцца ад атрымання пенсіі па ўзросце (для наступнага павышэння яе памеру), то выплата пенсіі будзе прыпынена пачынаючы з даты, пазначанай у яго заяве, але не раней, чым з дня яе падачы. Вяртанне ўжо атрыманай пенсіі не дапускаецца.

Пасля таго, як выбраны перыяд работы без атрымання пенсіі завершыцца або ў выпадку спынення работы, неабходна звярнуцца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне з заявамі:

– аб аднаўленні выплаты пенсіі па ўзросце з канкрэтнай даты;

– аб пераразліку памеру пенсіі па ўзросце з улікам дадатковага стажу і прэміяльнай даплаты.

Паводле артыкула 81 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб пенсійным забеспячэнні” пераразлік прызначанай пенсіі ажыццяўляецца з першага чысла месяца, наступнага за тым, у якім пенсіянер звярнуўся за пераразлікам пенсіі ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку.

Пенсія ў новым павышаным памеры будзе выплачвацца адразу пасля пераразліку. Розніца паміж “новай” і “старой” пенсіяй будзе захоўвацца пры ўсіх наступных штогадовых павышэннях (індэксацыях) пенсіі.

Фарміраваць прэмію за адкладзены выхад на пенсію можна паэтапна: заяву аб адмове ад атрымання пенсіі можна падаўжаць некалькі разоў, можна рабіць перапынкі (перыяды работы без атрымання пенсіі будуць сумавацца).

Грамадзянін таксама мае права змяніць прынятае рашэнне аб адмове ад атрымання пенсіі і звярнуцца з заявай аб аднаўленні выплаты пенсіі за перыяд неатрымання (калі пераразлік пенсіі яшчэ не ажыццяўлёны).

Ірына СТЫРНІК          

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga