Віншаванні для работнікаў газавай службы

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Напярэдадні Дня работнікаў нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці адбыўся ўрачысты сход супрацоўнікаў Дзятлаўскага раёна газазабеспячэння вытворчага ўпраўлення “Слонімгаз”.

Удзел у сустрэчы прыняў старшыня раённага выканаўчага камітэта Андрэй Садоўскі.

Былі не толькі падведзены вынікі работы спецыялістаў газавай службы раёна і акрэслены задачы на бліжэйшы час, але і прагучала шмат цёплых віншаванняў і пажаданняў, лепшыя ў прафесіі атрымалі заслужаныя ўзнагароды.

Прысутных павітаў начальнік Дзятлаўскага РГЗ Юрый Ганчар. Ён расказаў, на якіх аб’ектах сёлета кіпела работа. У 2021 годзе быў газіфікаваны аграгарадок Данілавічы, немалаважна, што з пачатку года ўжо заменена больш за 500 адзінак газавыкарыстальнага абсталявання ў насельніцтва, а гэта дапамагае зрабіць жыццё карыстальнікаў газу больш камфортным і бяспечным. Асаблівая ўвага на працягу бягучага года надавалася збору грашовых сродкаў за газ з прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў нашага раёна. Варта адзначыць, што прадпрыемствы Дзятлаўшчыны забяспечылі 100 % аплату за выкарыстанае імі блакітнае паліва.

Сярод бліжэйшых планаў спецыялістаў газавай службы раёна Юрый Ганчар назваў будаўніцтва падводу газапровада высокага ціску да газарэгулятарнага пункта № 28 па вуліцы Леніна ў Дзятлаве. Каб усе задумкі спраўдзіліся, Юрый Іванавіч пажадаў свайму калектыву і сем’ям работнікаў здароўя, поспехаў і добрага настрою на кожны дзень. Ён уручыў спецыялістам узнагароды ад абласнога вытворчага ўчастка “Гроднааблгаз”, Граматы вытворчага ўпраўлення і прафсаюзнага камітэта “Слонімгаз”. Ганаровымі знакамі былі ўзнагароджаны ветэраны працы.

Важнай і запатрабаванай работу спецыялістаў газавай службы назваў кіраўнік раёна Андрэй Садоўскі. Ён падзякаваў калектыву за працоўныя поспехі, пажадаў далейшых важкіх дасягненняў і ўручыў узнагароды ад Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў і раённага выканаўчага камітэта.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga