Ведаць “на дзясятачку” і не даць разгарэцца полымю

Важнае Грамадства

У рамках рэспубліканскіх акцый “У цэнтры ўвагі дзеці” і “Адзіны дзень бяспекі” супрацоўнікі аддзела па надзвычайных сітуацыях арганізавалі міжведамасную прафілактычную сустрэчу з людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі.

Мерапрыемства праходзіла ў Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Інспектар РАНС Мікіта Кандратовіч нагадаў прысутным правілы супрацьпажарнай бяспекі і паводзінаў пры надзвычайных сітуацыях, а таксама тэлефоны экстранных службаў. Паколькі аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў “Праменьчык” уваходзіць у аб’яднанне “Крыніца натхнення”, што працуе на базе сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, то цікавую тэматычную гульнявую праграму для асаблівых людзей падрыхтавалі яшчэ і артысты.

Разам з ратаўніком наведвальнікі “Праменьчыка” ўзгадалі, для чаго патрэбны і як працуюць аўтаномны пажарны апавяшчальнік і вогнетушыцель, паўтарылі ўмоўныя абазначэнні і сімвалы, якія найчасцей можна сустрэць у сацыяльных і медыцынскіх установах, гандлёвых цэнтрах.

Цікавыя гульні-запаміналкі для наведвальнікаў “Праменьчыка” падрыхтавалі Ганна Харлінская, Марына Варган, Ірына Бакшук. Асаблівыя людзі практыкаваліся выклікаць ратаўнікоў па нумары 101, а інспектар РАНС задаваў ім пытанні аб абставінах надзвычайных сітуацый. Не менш цікавымі былі конкурсы тэматычных загадак, пазлаў, “вадзіцеляў пажарных машын”.

Напрыканцы размовы Мікіта Кандратовіч і старшыня раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Касцюк раздалі ўсім памяткі і буклеты.

Галоўны сюрпрыз чакаў удзельнікаў мерапрыемства ў двары цэнтра, куды прыехала пажарная машына. Агняборцы прадэманстравалі прысутным спецабсталяванне, якое знаходзіцца ў аўтамабілях, што выязджаюць на выклік, расказалі, як выкарыстоўваюцца інструменты для аварыйна-выратавальных работ. Вялікую цікавасць у гледачоў выклікала баявое адзенне ратаўнікоў. Нягледзечы на тое, што баёўка і балоны з кіслародам важаць больш за 15 кілаграмаў, знайшліся жадаючыя прымераць спецкамплект і сфатаграфавацца ў ім.

Такая ж размова, толькі ў больш сур’ёзным фармаце, адбылася і з калектывамі работнікаў Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: