“Валейбольны перадавік” раёна

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Дзятлаўшчына багата талентамі, у тым ліку і спартыўнымі. Не трэба далёка заглядаць, варта ўспомніць дасягненні гэтага года: бліскучыя перамогі нашых юных хакеістаў на абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах “Залатая шайба”, жаночай зборнай раёна на чэмпіянаце Гродзенскай вобласці па валейболе.

Да цудоўнага выніку дзятлаўскіх спартсменак прывёў чалавек, які не проста захапляецца валейболам, а жыве ім, у думках заўсёды знаходзіцца на пляцоўцы, прадумвае кожны наступны камбінацыйны крок, каб каманда згуляла найлепш.

Гэта Васіль Русін, трэнер-прадстаўнік неаднаразовых жаночых дзіцячых і дарослых каманд-пераможцаў, і проста пазітыўны чалавек, які зараджае навакольных добрым настроем і бадзёрасцю.

Родам ён з вёскі Хвінявічы Дзятлаўскага раёна. У школьныя гады займаўся футболам, быў галкіперам і абараняў вароты ад нападаў сапернікаў. Адначасова Васіль захапіўся валейболам. У час вучобы ў Жыровіцкім  саўгас-тэхнікуме таленавітага маладога чалавека заўважыў выкладчык па фізічнай культуры і запрасіў на трэніроўку. Праз некаторы час юнак стаў членам каманды тэхнікума па валейболе, у складзе зборнай займаў першыя месцы на абласных спаборніцтвах сярод адпаведных установаў адукацыі, удзельнічаў у рэспубліканскіх. Ужо тады Васіль усёй душой палюбіў валейбол, шмат часу прысвячаў гэтаму віду спорту і пастаянна ўдасканальваў свае гульнявыя навыкі.

Тэрміновую службу юнак праходзіў у Германскай Дэмакратычнай Рэспубліцы ў артылерыйскім палку, дзе аднойчы паўсядзённыя вайсковыя будні разбавілі два таварыскія валейбольныя матчы з нямецкімі ваеннаслужачымі з іншай вайсковай часці. Па выніках гульняў вайскоўцы разышліся сяброўскай “нічыёй”. Пасля арміі мужчына скончыў навучанне, вярнуўся на Дзятлаўшчыну і працаваў механікам у калгасе “Парэчча”. Некаторы час быў інструктарам па спорце ў цэнтральнай раённай бальніцы. Выступаў у складзе мужчынскай зборнай Дзятлаўскага раёна ў першай лізе абласнога чэмпіянату па валейболе, не раз станавіўся прызёрам. Калі працаваў вадзіцелем аўтобуса ў ААТ “Белтэрміз”, вырашыў паспрабаваць сябе ў ролі суддзі і трэнера жаночай каманды: падрабязна вывучаў правілы любімага віду спорту, пастаянна ўдасканальваў свае веды, пазнаваў новыя камбінацыі, прымяняў іх на пляцоўцы, пераймаў вопыт у іншых трэнераў, наведваў гульні мужчынскай нацыянальнай зборнай, дзе імкнуўся заўважаць розныя тактычныя моманты, якія будуць карыснымі і для сваёй зборнай. Як вынік, Васіль стаў суддзёй па спорце першай катэгорыі і сваёй трэнерскай дзейнасцю на працягу апошніх адзінаццаці гадоў прыводзіць дзятлаўскіх валейбалістак не толькі да прызавых месцаў, але і да вяршыні п’едэстала чэмпіянату Гродзенскай вобласці па валейболе. Таксама ў “скарбонцы” дасягненняў таленавітага трэнера – першае месца яго юнай каманды, у якую ўвайшлі дзяўчаты 2002-2004 гадоў нараджэння, на абласных спаборніцтвах сярод сельскіх жыхароў. Акрамя гэтага, ён заўсёды стараецца дапамагчы раённаму фізкультурна-спартыўнаму клубу ў арганізацыі і правядзенні чэмпіянату Дзятлаўшчыны па пляжным валейболе. Нядаўна ў жнівеньскіх гульнях сярод “мікстаў” (мужчына + жанчына) упершыню прыняў удзел дуэт Аляксея Юхневіча і Анастасіі Калодка, прадстаўнікоў мясцовага філіяла ААТ “ААБ “Беларусбанк”.

Сярэбраныя прызёры чэмпіянату падзяліліся сваімі ўражаннямі:

– Пазнаёміліся з Васілём Русіным на абласным турыстычным злёце сярод установаў Беларусбанка, калі праходзілі валейбольныя спаборніцтвы. Пасля гульняў ён падышоў да нас і прапанаваў прыняць удзел у раённым чэмпіянаце па пляжным валейболе. Паколькі мы прыхільнікі актыўнага ладу жыцця і захапляемся спортам, не раздумваючы, пагадзіліся і ні кроплі не пашкадавалі. Усё было арганізавана на вышэйшым узроўні. Атрымалі масу станоўчых эмоцый і ўражанняў. Адразу відаць, што Васіль Вячаслававіч – фанат сваёй справы: прывозіў мячы, сам усталёўваў і здымаў сетку, арганізаваў музычнае суправаджэнне гульняў, строга сачыў за выкананнем спаборніцкага рэгламента, прытрымліваўся ўсіх “валейбольных” нюансаў пры судзействе і правядзенні чэмпіянату. З задавальненнем прымем удзел і ў наступным годзе. Таксама плануем заявіць пра сябе і на іншых раённых турнірах і спаборніцтвах па валейболе сярод арганізацый і прадпрыемстваў Дзятлаўшчыны. Будзем трэніравацца і абавязкова станем чэмпіёнамі.

Зараз Васіль Русін працуе вадзіцелем аўтобуса ў ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”, на аматарскім узроўні выступае ў складзе каманды прадпрыемства на раённых спаборніцтвах, праводзіць трэніроўкі жаночай зборнай, судзіць гульні мужчынскага абласнога чэмпіянату, турзлёту і іншыя. У вольны час з задавальненнем прыходзіць на стадыён “Колас”, каб паглядзець футбольны матч, успомніць свае “галкіперскія” гады і пабалець за дзятлаўскую каманду. Як і многія людзі, мужчына ідзе па жыцці з марай: вывесці жаночую валейбольную каманду Дзятлаўшчыны на рэспубліканскі ўзровень і ўзяць чэмпіёнскі тытул.

Вадзім ФІЛІПОЎСКІ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga